30 верасьня 1989 года 32 гады таму адбыўся першы Чарнобыльскі Шлях -- агульнабеларуская грамадзкая фронтаўская акцыя супраць Чарнобыльскага генацыду, рух за пакараньне вінаватых і за адкрыцьцё праўды пра Чарнобыльскую катастрофу.
(Назва, як і шмат якіх іншых -- "трасянка", "Мартыралог Беларусі", "Курапаты" і г. д.-- усталявалася, дзякуй Богу, з маёй лёгкай рукі).
Першая акцыя прадугледжвала сход і прыход у Менск людзей з усёй Беларусі на дэманстрацыю барацьбітоў супраць чарнобыльскага вынішчэньня і, асабліва з чарнобыльскіх раёнаў. З Гомеля, напрыклад, калёна каля тысячы чалавек адправілася ў Менск дэманстратыўна пешшу (адлегласьць амаль 400 км.). Гэтак жа і шмат зь якіх іншых гарадоў. Камуністычныя ўлады кінулі ўсе сілы, каб не дапусьціць людзей у Менск: заблакавалі дарогі, зрабілі засекі і перашкоды, кінулі на перахоп унутраныя войскі і ОМОН. Але некаторыя людзі прарваліся групамі і ў адзіночку.
Каля Гадзіньнікавага завода ў скверы па вуліцы "Талбухіна" сабралася каля 30-ці тысячаў дэманстрантаў і пад моцным дажджом рушылі па прасьпекце да Дому ўраду. Дайшлі амаль усе. Пад несьціханым дажджом адбыўся мітынг (я якраз быў яго вядоўцам). Выступалі фронтаўцы, людзі з Чарнобыльскай зоны і знакамітыя асобы Беларусі. Алесь Адамовіч прывёз з Масквы вядомага тады савецкага акадэміка Веліхава, які выступіў на мітынгу і падтрымаў беларусаў.
Пасьля мітынгу адбылася ў Чырвоным касьцёле (тады Дом кіно) вялікая прэсавая канфэрэнцыя і афіцыйнае паседжаньне кіраўнікоў і энтузіястаў Чарнобыльскага Шляху. Былі прамовы, прынятыя звароты і рэзалюцыі.
Тут жа была падтрыманая ідэя БНФ, каб правесьці ў Менску асамблею народаў "Чарнобыльскі шлях" і стварыць там "Чарнобыльскі трыбунал", дзе прапанавана заслухаць сьведкаў радыяцыйнага генацыду, падсумаваць факты, выбраць і зацьвердзіць сяброў Трыбуналу, які вынясе вердыкт аб дзеяньнях кампартыі, савецкіх уладаў і асобаў, вінаватых у стварэньні радыяцыйнай небясьпекі для жыцьця беларусаў.
Асамблея і Трыбунал адбыліся 25 лістапада 1989 года ў Чырвоным касьцёле пры вялікім наплыве людзей, сьведкаў чарнобыльскага злачынства, навукоўцаў, дасьледчыкаў і гасьцей з Прыбалтыкі, Украіны, Малдовы. Вердыкт і рашэньні Чарнобыльскага Трыбунала паўплывалі потым на дзейнасьць Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, паслужылі апорай для палітыкі дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.
Мушу адзначыць, што высокі ўздым і ўзровень пасіянарнасьці ў 1988-1991 гадах быў вельмі вялікім, канкрэтна асэнсаваным, канструктыўным і выніковым. Гэта была, бадай, самая эфэктыўная вяршыня разумнага масавага народнага дзеяньня за ўсю нашу нацыянальна-адраджэнцкую гісторыю. Параўнаць можна хіба толькі з 1917 годам -- пэрыядам Усебеларускага Нацыянальнага Кангрэсу.
Асэнсаванасьць і выніковасьць беларускага руху тых часоў тлумачыцца, перш за ўсё, ідэёвай і структурнай арганізаванасьцю народнай барацьбы, якую ўзначальвалі нацыянальныя арганізацыі і дзеячы Беларускага Нацыянальнага Адраджэньня. У 1988-1991 гадах адказнасьць за барацьбу супраць рускага камунізму і савецкай акупацыі ўзяў на сябе і ажыцьцявіў перамогу незалежніцкіх сіл народа Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне".
Цяпер, на жаль, маем (ужо амаль у гісторыі) іншы прыклад, калі ў 2020 годзе адбыўся стыхійны масавы выступ народа ва ўмовах вынішчэньня беларускіх нацыянал-дэмакратычных сілаў. Некіруемая і штурханая прафанатарамі ў тупік маса пратэстуючых людзей, кладучы крывавыя ахвяры і жывот на шляху да свабоды, была задушана прамаскоўскім рэжымам, запоўніла турмы і эміграцыю, церпіць і расплочваецца за прамаскоўскую палітыку невядамых раней асоб, за правакацыю безадказных, палітычна-інфантыльных, з большага чужых для Беларусі людзей, сваімі жыцьцямі, здароўем і свабодай, разбурэньнем нацыянальнага быцьця, эканомікі і культуры.
І 1917-1918 гады (стварэньне і незалежнасьць БНР), і 1988-1991 гады (перамога над рускім камунізмам і аб’яўленьне незалежнасьці Беларусі) хай жа будуць нам прыкладам для далейшага змаганьня супраць прамаскоўскага рэжыму і хунты Лукашэнкі, супраць расейскай імпэрскай палітыкі за вольную сьветлую Беларусь, бо барацьба працягваецца і перамога стане за беларусамі.
Эпізоды змаганьня супраць чарнобыльскага генацыду, першы Чарнобыльскі Шлях, Чарнобыльская асамблея, Чарнобыльскі трыбунал -- гэта толькі частка той вялікай беларускай барацьбы, той моцнай нацыянальна-дэмакратычнай адраджэнскай плыні, якая прывяла да незалежнасьці Беларусі -- мары пакаленьняў людзей.
Уздымай вышэй штандары!
Гучы наша Беларуская мова і песьня!
Гартуйся наш баёвы дух!
Слава Айчыне!
Жыве Беларусь!
30 верасень 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК