НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПРА БАЙКОТ РЭЖЫМНЫАМУ РЭФЭРЭНДУМУ

ПРА БАЙКОТ РЭЖЫМНЫАМУ РЭФЭРЭНДУМУ

Увага СМІ і палітыкаў пераключылася на іміграцыйную атаку арабскіх вандроўнікаў на польскую мяжу з тэрыторыі Беларусі. Рэжым Лукашэнкі пры падтрымцы Крамля праводзіць небясьпечную авантуру на межах з суседзямі. А тым часам разбурэньне краіны, русіфікацыя і фактычная акупацыя Беларусі ідзе сваім ходам. Тысячы людзей у турмах, дзе патрыятычных беларусаў катуюць асабліва жорстка. Працягваюцца розныя рэпрэсіўныя формы генацыду. Беларусаў арыштоўваюць нават за "падабайку" у сацсетках, калі тэма неадпавядае фашысцкаму рэжыму Лукашэнкі. Пазачынялі нават лаяльныя для рэжыму рэдакцыі СМІ і наклеіваюць ім ярлыкі "экстрэмісцкіх", дзеля апраўданьня арыштаў і перасьледу. Усё культурнае беларускае, нацыянальна-асьветніцкае зьняважліва абзываюць рознымі палітычнымі наклейкамі, зачыняюць і ліквідуюць, супрацоўнікаў перасьледуюць. Толькі што ліквідавалі Таварыства Беларускай Мовы, Таварыства Беларускай Школы, зачынілі чарговыя бізнэсы і арганізацыі, якія яшчэ існавалі.

Увага міжнароднай супольнасьці і СМІ амаль выключна занятая справакаваным нападам усходніх мігрантаў на польскую мяжу. Гэта сур’ёзная пагроза для краінаў Эўразьвязу. Тым часам фашысцкі рэжым працягвае рабіць у Беларусі сваю чорную разбуральную справу супраць Беларускай нацыі і ўсяго грамадзтва.

Разбурэньню Беларусі рытарычна спрыяюць групоўкі вакол Латушкі-Ціханоўскай, просячы Эўразьвяз зачыніць межы зь Беларусяй, спыніць ўвесь транспартны транзіт праз Беларусь, заблякаваць беларускія банкі, зачыніць SWIFT і г. д. Палітычна недаразьвітыя людзі, магчыма, не разумеюць, што кажуць, бо ў існуючай сітуацыі такая эскалацыя -- гэта вайна і пакуты для беларусаў. Ужо за адну такую рыторыку іх трэба прыцягваць да адказнасьці гэтак жа, як і спраўцаў рэжыму.

Цяпер рэжымныя загаварылі пра чарговы незаконны рэфэрэндум па чарговай рэжымнай "канстытуцыі". І тут зноў усплылі знаёмыя кадры і пачуліся знаёмыя гуканьні. Загучэла (паміж іншага словаблудзтва): "ідзі на рэфэрэндум, каб сказаць сваё "не". У 2004 годзе такое гукалі сумнавядомыя асобы з падстаўной апазыцыі. Цяпер слова ў слова (абставіўшы дэмагогіяй) тое паўтараюць іхныя пасталелыя дзеткі з групоўкі вакол Латушкі-Ціханоўскай.

"Ідзі галасаваць і скажы "не" -- гэта ашуканцкі лёзунг усёй рэжымнай псэўдаапазыцыі 21-га стагоддзя, разьлічаны на пратэстны электарат. Тут галоўнае, каб людзі прыйшлі галасаваць. Галоўнае, каб зацягнуць іх на ўчасткі, астатняе -- справа фальсіфікацыйнай тэхнікі -- зробіць Ярмошына.

Прыход на ўчасткі і галасаваньне будзе відавочным, бясспрэчным фактам. Тады вынікі тайнага галасаваньня (як гэта ўвесь час было) рэжым намалюе, якія захроча. Праверыць немагчыма, бо праз 24 гадзіны бюлетэні галасаваньня зьнішчаць.

Калі ж людзі ня прыйдуць галасаваць, то непрыход таксама стане відавочным зафіксаваным фактам, які засьведчыць, што выбаршчыкі не галасавалі. Тады Ярмошына (разам з АМОНам) хай сабе піша хоць 100 адсоткаў "за". Правал афёры будзе ўсім відаць гэтак жа, як і нацяжкі з фрэквэнцыяй. Ніхто правальны рэфэрэндум не прызнае (акрамя рэжыму). Ён стане чарговым фактам фшысцкага беззаконьня.

Ня думаю, што цяпер шаблонная афёра пройдзе гладка. Але фальшывыя гукаюць. Пры іхняй дапамозе, як і раней, зацікаўленыя групы хочуць зацягнуць пратэстны электарат на рэжымны рэфэрэндум.

Падкрэсьлю. На лукашысцкі рэфэрэндум нельга хадзіць. Патрэбны масавы байкот і шчыльнае назіраньне за непрыходам людзей на ўчасткі для галасаваньня. Непрыход людзей на ўчасткі трэба дакладна зафіксаваць рознымі мэтадамі (і перашкоды фіксацыі -- таксама).

Прапаганда рэжыму, як звычайна, пойдзе потым дарогай ілжы. Але хлусьня правалу не ўратуе.

 

11 лістапад 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: