Гэтую зацемку я напісаў, прачытаўшы матэрыял на старонцы радыё Свабода. Але паколькі на Свабоду слаць няма сэнсу, то я зьмяшчаю матэр’ял там, дзе можна яго зьмясьціць, бо лічу яго інфармацыйна патрэбным. Зянон Пазьняк.
Сучасьнікі-паэты 60-х пачалі "ўспамінаць" Менск тае пары.
Лепш бы яны не ўспаміналі. "Духоўным цэнтрам " Менска адзін паэт нафантазаваў кандытарскаю з расейскай назвай "Лакомка". Фантазёра паправіў больш абазнаны (бо старэйшы) спадар Ваганаў, які назваў кульмінацыяй гуляк і бадзяг па праспэкту кавярню "Вясна". І гэта праўда. Туды (у правую залю) набівалася часам даволі піжонская публіка і аматары папіць кавы зь бідона ды крытычна пабалбатаць. Ніякім "духоўным цэнтрам" тое месца не было. Тут быў "прахаднік". Мы называлі гэтых стыляг і валасацікаў -- "сьліна", самазакаханцы, якія ня здольныя ні на што як толькі пустапарожна разумненька балбатаць на акупанцкай мове.
Духоўнымі цэнтрамі беларускага Адраджэньня на той час былі Беларускі Дзяржаўны Тэатральна-мастацкі Інстытут (БДТМІ), інтэрнаты Акадэміі Навук БССР (дзе зьбіраліся акадэмічныя асяродкі з асьпірантаў і "мэнээсаў") і майстэрні мастакоў, якія таксама выйшлі з БДТМІ. Дзьве такая майстэрні сталі асяродкамі, дзе пісаўся беларускі самвыдат, вялася культурніцкая праца і каваўся будучы Народны Фронт. Гэта майстэрня Яўгена Куліка ў цэнтры праспэкта ("Паддашак" насупраць цэнтральнай кнігарні) і майстэрня Віктара Маркаўца па вуліцы Дзімітрава, 7 (былая сінагога). Ў майстэрні Маркаўца пазьней, у 1989-90 гг. адбываліся напоўлегальна паседжаньні Сойму Беларускага Народнага Фронту. (Невыпадкова лукашысты зьнесьлі гэты дом). Ў канцы 60-х -- пачатку 70-х адбыўся савецкі пагром гэтых беларускіх цэнтраў (асабліва ў БДТМІ і АН БССР). Многія навукоўцы, мастакі, студэнты і патрыёты былі рэпрасаваныя, апынуліся на вуліцы без магчымасьці ўладкавацца на працу. Мікола Прашковіч (выдатны навуковец і патрыёт) нявытрымаў допытаў у КГБ і здаў шмат каго з акадэмічнага асяродка, а потым, не перажыўшы ганьбы, памёр. Аднаго зь лідэраў Адраджэньня ў БДТМІ мастака Лявона Баразну ў выніку дзейнасьці КГБ забілі ў цэнтры Менска ў 1972 годзе.
Вечная памяць і слава змагарам за волю Айчыны!
21 верасьня 2015 г. Зянон Пазьняк