НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПРА ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ

Праглядзеў відэазапіс дыскусіі пра вызваленьне палітвязьняў. Спадары Красулін і Дракахруст аспрэчвалі спадарыню Сьвятлану Мацкевіч. Здаецца, гэтыя джэнтэльмэны ўжо нічым ня могуць зьдзівіць. Аказваецца -- не, могуць, нават уразіць. Спадары ня бачаць сэнсу ў вызваленьні людзей з лукашысцкай турмы, бо на месца вызваленых вязьняў узурпатар пасадзіць іншых вязьняў. Таму ня трэба гандлявацца і вызваляць. Колькасьць вязьняў ад гэтага не памяншаецца.

Вось гэта (а гэта цынізм) і ўражвае ў логіцы джэнтэльмэнаў -- поўная адсутнасьць гуманістычнага разуменьня становішча. Яны гавораць пра вязьняў як бухгалтары, пра суму вязьняў, быццам за кратамі ня людзі, а шрубкі ці алавянныя шарыкі. Тлумачэньні спадарыні Мацкевіч для іх засталіся незразумелымі.

Дарэчы, такі ёсьць узровень усёй каляпалітычнай проксі-публікі, "офісу, "кабінэту" і т.п. Мала таго, што яны падтрымліваюць чужую антыбеларускую палітыку, яны яшчэ і не разумеюць сутнасьці рэчаў.

Вызваляць закладнікаў трэба пры любых умовах і абставінах. Нават калі існуе канвеер. Частка вязьняў заўсёды выйдзе на свабоду. Людзі за кратамі -- гэта ня сума вязьняў, кожны чалавек індывідуальнасьць, кожны каштоўны, у кожнага душа. Тут ня гандаль рэчамі. Тут вымушаная плата за свабоду асобы. Пры паглыбленьні дыпляматычных адносінаў і ўключэньні ў адносіны рэальных справаў і рэальнай палітыкі (тут якраз такі выпадак) канвеер скончыцца, і ўсе вязьні будуць вызваленыя. Так ужо было некалькі разоў. Такі вынік ёсьць пазытыўны.

Аргумэнты Эўразьвязу, якія агучваюць гэтыя проксі ("офіс" і т.п.) у тым, што трэба, маўляў, душыць эканамічнымі санкцыямі рэжым (а, фактычна, беларускі народ), пакуль Лукашэнка ня здасца і ня выпусьціць усіх вязьняў і ня спыніць рэпрэсіі. (Дарэчы гэты пыл у вочы ўздымаецца ўжо пяць гадоў. І нічога не мяняецца.)

Тут не наіўнасьць, тут дэмагогія дзяля працягу палітыкі ізаляцыі Беларусі ад Заходняга сьвету. Зканамічныя санкцыі на рэжым Лукашэнкі, які ў выніку цалкам пайшоў пад Расею, мала ўплываюць. Яны (санкцыі) толькі ўмацоўваюць статус ізаляцыі Беларусі і пагаршаюць жыцьцё беларусаў.

Цікава таксама, што гэтыя "офісы, "кабінэты" і яшчэ там нешта, выступаюць цяпер, фактычна, супраць амэрыканскай палітыкі зацікаўленасьці і спрыяньня Беларусі. Чаму так -- зразумела. Грошы на падтрымку ізаляцыянісцкай палітыкі дае ім Эўразьвяз.

 

9 ліпень 2025 г.

Зянон Пазьняк

Дадаць у: