НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПРА ПЕРАПЫНАК У ГІБРЫДНА-САНКЦЫЙНАЙ ВАЙНЕ

ПРА ПЕРАПЫНАК У ГІБРЫДНА-САНКЦЫЙНАЙ ВАЙНЕ

Сітуацыя, якая створана цяпер у Беларусі і вакол Беларусі, выклікае засьцярогі сваімі працэсамі і дрэннымі вынікамі. Адбываецца нечуваны разгул рэпрэсіяў супраць беларусаў і культуры Беларусі, ігнараваньне законаў і правоў людзей. Улада Лукашэнкі праводзіць акупацыйную палітыку па вынішчэньні грамадзянскай супольнасьці і ўсяго беларускага. Рэжым апраўдвае рэпрэсіі помстай за ўвядзеньне эканамічных санкцыяў супраць Беларусі з боку Эўразьвязу і ЗША.

Эўразьвяз і ЗША абгрунтоўваюць увядзеньне эканамічных санкцыяў парушэньнем правоў чалавека, тэрорам і рэпрэсіямі ў Беларусі.

Пры дапамозе эканамічных санкцый супраць Беларусі Эўразьвяз і ЗША спадзяюцца ліквідаваць уладу Лукашэнкі шляхам прымусу яго да правядзеньня новых дэмакратычных выбараў прэзыдэнта, у выніку якіх Лукашэнка павінен страціць уладу.

Вопыт сьведчыць, што эканамічныя санкцыі могуць паўплываць на прыняцьце рашэньняў альбо выклікаць адмену дзеяньняў, але не ліквідуюць уладу дыктатара. Гістарычная практыка эканамічных санкцыяў і блакадаў была адмоўнай: народ падае ў галечу, а дыктатура застаецца. Народ у галечы ня здольны да супраціву.

Эканамічныя санкцыі супраць Беларусі могуць разбурыць нацыянальную эканоміку і дзяржаву, ліквідаваць суверэнітэт, апусьціць беларусаў за рысу беднасьці, але ў прынцыпе не абваляць рэжым Лукашэнкі, бо за плячыма рэжыму стаіць пуцінская Расея, якая зацікаўлена падтрымаць дыктатара, каб, кантраляваць ягоны рэжым і ў пэрспэктыве захапіць аслабленую эканамічнымі санкцыямі і рэпрэсіямі Беларусь і далучыць да Расеі.

Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, -- гэта ёсьць гібрыдная вайна супраць беларускай нацыі і народу Беларусі, якую падтрымлівае пуцінская Расея праз залежны ад яе рэжым Лукашэнкі. У такую вайну пры пасярэдніцтве прарасейскіх апазыцыйных груп уцягнуты Эўразьвяз, санкцыйная палітыка якога рэальна спрыяе інтарэсам Крамля.

На сёньняшні дзень мы назіраем пачатак катастрофы Беларусі. Калі працэс не спыніць, тады будзе разбуральна зьменена гісторыя нашай краіны і геапалітычныя абставіны ў гэтай частцы Эўропы (найбольш некарысна для Беларусі, Польшчы і Украіны).

Выхадам з двухбаковай гібрыднай палітыкі зьнішчэньня нашай краіны, дзе ў закладніках ёсьць Беларускі народ, мусіць стаць найперш добрая воля бакоў, якая не супярэчыла б здароваму сэнсу. Такі сэнс існуе.

Першым крокам магло б стаць прыпыненьне на адзін месяц палітычных рэпрэсіяў, арыштаў і судоў з аднаго боку, і прыпыненьне эканамічных санкцыяў -- з другога. За гэты час ствараецца платформа для перамоваў аб спыненьні рэпрэсіяў, аб амністыі асуджаных, аб спыненьні гібрыднай і санкцыйнай вайны, аб аднаўленьні пасажырскіх ліній авіяперавозак і г. д.

Сам па сабе такі ход падзей не пачнецца. Добра было б, каб з прапановай пра часовы мараторый выступіла і зьвярнулася б да абодвух бакоў нейкая знаная і аўтарытэтная ў грамадзтве арганізацыя альбо асоба. Такія арганізацыі і асобы ёсьць у Эўропе і ёсьць яшчэ ў Беларусі.

Пажадана, каб такія ініцыятывы зьявіліся якраз цяпер, бо ход падзей гібрыдна-санкцыйнай вайны ўмацоўвае прэтэнзіі і пазыцыі Расеі супроць Беларусі, пагражае стратай жыцьцёвай пэрспэктывы беларускаму грамадзтву і беларускім людзям, практычна, мінаючы аўтарытарны рэжым.

Яшчэ раз падкрэсьлю, што працяг гібрыдна-санкцыйнай вайны ў існуючых умовах, не ліквідуе рэжым Лукашэнкі, але можа разбурыць дзяржаву, суверэнітэт, эканоміку і культуру Беларусі, умацуе геапалітычныя пазыцыі пуцінскай Расеі на мапе Эўропы.

Магчымасьці, пэрспэктывы і паляпшэньне становішча мусілі б быць скарыстаныя людзьмі, якія разумеюць небясьпеку і дбаюць пра будучыню Беларусі і Усходняй Эўропы.

 

10 кастрычнік 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: