(Ліст сябрам КХП – БНФ) І ўсё ж такі, відаць, будзе па-беларуску. Праціўнік зьнішчае самога сябе. Гэта я пра так званыя "выбары". Нават стала цікава назіраць, як прарасейскія прэтэндэнты змагаюцца "за страну". Прамаўляючы філасофскай мовай, назіраем "аньнігіляцыю матэрыі". Ўзурпатар пайшоў напралом. Задача: любым спосабам захаваць уладу. Ён ужо натварыў столькі, што выбары нельга прызнаць увогуле за выбары, тым больш за законныя і дэмакратычныя.
Адначасна ўзурпатар ушчэнт нішчыць прэтэндэнтаў так раней любімай ім Масквы, асабліва В. Бабарыку. У выніку спадар Бабарыка можа стаць фігурантам крымінальнай справы, што, безумоўна, ускладніць ягоны ўдзел у выбарах.
Тым часам, хутчэй за ўсё, будзе разгромлены Белгазпрамбанк. Магчымасьці такія ёсьць (зь некаторымі парушэньнямі, вядома). Сітуацыя падводзіцца пад зьнешняе кіраваньне, калі Нацыянальны банк можа часова забраць на сябе кіраўніцтва Белгазпрамбанкам. Дзеля гэтага ўжо падрыхтавана спадарыня Ермакова. У панядзелак, 15 чэрвеня, тое якраз ужо і адбылося. Наступным чынам афармляюцца (з нацяжкамі, вядома) грубыя парушэньні закона аб банках і банкаўскай дзейнасьці (напрыклад, набыцьцё карцін на 20 мільёнаў даляраў і г. д., хаця банк і мае на тое права). У выніку ўводзяцца санкцыі і непамерныя штрафы, якія могуць падвесьці Белгазпрамбанк пад банкруцтва.
Адмываньне грошай праз галоўную расейскую "адмывачку" Белгазпрамбанк відаць ні ў каго, хто цікавіцца цёмнымі справамі Масквы, ня выкліча сумненьня. Іншая справа наколькі сур’ёзна падрыхтаваныя да гэтага раскрыцьця ў Беларусі, бо зразумела, што тое закранае ня толькі фігурантаў справы, але і Крэмль, і бункер Пуціна.
Сітуацыя з Бабарыкам у мяне таксама выклікае іронію. Больш за тры гады Газпром-Масква рыхтавалі гэтую кандыдатуру на прэзыдэнта Беларусі і ў выніку выпусьцілі на арэну анальфабэта, які ні слова ня ўмее сказаць па-беларуску, не разумее гуманітарных каштоўнасьцяў грамадзтва. Калі ўжо вы ўзяліся рыхтаваць прэтэндэнта, то зрабіце тое "ад клясы", а не лапцюжна па-маскоўску.
Дарэчы, тут адлюстраваўся тыповы нізкі ўзровень маскоўскіх чыноўнікаў і "экспэртаў". Яны груба не разумеюць беларусаў і Беларусь, але жывуць сваімі павярхоўнымі ўяўленьнямі. Ім здаецца, што моўная русіфікацыя, якую яны разам з Лукашэнкам утахцілі ў беларускае грамадзтва, ужо ўсё вырашае, і яны маюць тут амаль што свой расейскі плебс. Яны настолькі прымітуўныя, што ня бачаць, як за гады лукашысцкага варварства і русіфікацыі на ўнутраным пратэсьце ўмацавалася сьвядомасьць беларускай нацыі. Людзі ведаюць, што яны беларусы, што гэта іхняя зямля, што ў іх ёсьць іхняя мова, якая цяпер у загоне, што ў іх ёсьць культура і вялікая нацыянальная гісторыя, што ўрэшце ўсе беларусы любяць сваю краіну.
Маскоўскія паліттэхнолагі, згодна са сваёй збочанай ідэалёгіяй, і маскоўскімі паняцьцямі падрыхтавалі падапечнага да выхаду не ў беларускі народны электарат, а ў расейсказалежны плебс (так яны думаюць пра наш народ).
Бабарыка, як чалавек, не пазбаўлены здаровага сэнсу, пачаў на хаду перабудоўвацца ў бок Беларусі, блытаючыся і дэкляруючы часам грубыя імпэрскія нарыхтоўкі (чаго варта, напрыклад, такая русіфікатарская жвачка, як тры дзяржаўныя мовы: беларуская, расейская і ангельская(!).
Зрэшты, усё тое, што ён кажа, ужо ня мае значэньня. Бабарыку могуць пакінуць на выбарах, нават калі ён будзе сядзець за кратамі, каб прывабіць выбаршчыкаў на галасаваньне (асноўная роля Бабарыкі). Але пасьля выбараў Лукашэнка ўжо пасадзіць яго па ўсіх працэдурных правілах.
Сапраўдныя подпісы Бабарыка яшчэ не сабраў. Тыя 300 тысячаў, што з помпай праафішаваныя, сабраныя іншым чынам. Пры праверцы подпісаў, згодна закону, прызнаньне іх вырашаецца на падставе адсоткавай квоты забракаваных подпісаў. Так што "Не гонялся бы ты, поп, за дешевизной!". Ніхто зь іх ня ёсьць Лукашэнкам, які можа, насуперак магчымасьцям арыфметыкі, аб’явіць пра збор паўтара мільёна подпісаў, і ніхто яго не праверыць.
Такая самая гісторыя ў іншага спэцпрэтэндэнта Масквы спадара Цапкалы, які яшчэ і паловы сапраўдных подпісаў не сабраў, але дэкляруе "посьпех".
На гэтых мудрацоў хопіць выбарчага закона і Ярмошынай, каб яны апынуліся за бартом. Але ня факт, што тое адбудзецца, бо ёсьць яшчэ іншыя чыньнікі, якія ўплываюць на рашэньне маніпулятараў. Даволі важны чыньнік -- гэта фрэквэнцыя (бо людзі могуць увогуле не пайсьці галасаваць). Калі рэжым тое праігнаруе, то зразумела, што ўпор зробяць на папярэдняе галасаваньне.
Беларусам жа неабходна байкатаваць фальшывае галасаваньне, масава і доказна пракантраляваць гэтае галасаваньне (у тым ліку і папярэдняе) і яўку на ўчасткі. Трэба зафіксаваць становішча, якое стане прычынай для патрабаваньня новых выбараў.
Сапраўдныя подпісы ўжо сабрала толькі Сьвятлана Ціханоўская. І хоць яна пакауль што не стварае небясьпекі для выбараў узурпатара, але і ад яе могуць пазбавіцца, нахлусіўшы, колькі трэба. Тут ужо ня выбары, але вайна з выбаршчыкамі і прэтэндэнтамі.
У атмасфэры гэтай вайны дзіравасьць уладнай сістэмы рэжыму выяўляецца, як ніколі. Ужо прасачыліся (адкуль трэба) і аб’яўленыя ў СМІ зьвесткі, хто з прэтэндэнтаў падпісаў кантракты з КГБ аб супрацы на "спойлерства" (Канапацкая, Дзімітрыеў, Чарачэнь). Подпісаў яны не сабралі і ўжо не зьбяруць. Але, як гэта рабілася ў 2010 годзе, -- ім намалююць. Што датычыць астатніх прэтэндэнтаў -- пытаньне адкрытае, і яно ўжо не істотнае.
Узурпатар зноў атрымае "элегантную" перамогу на выбарах. Толькі ніхто ня ведае, чым яна на гэты раз для яго скончыцца. Задача беларусаў, аднак, не дапусьціць, каб узурпатар ужыў сілу і разграміў грамадзтва.
Самы лепшы (і магчымы) варыянт -- гэта калі ўзурпатар будзе арыштаваны. Ён сам сабе ў гэтым і дапамагае. Але калі ён ўсё ж разбурыць Белгазпрамбанк і загоніць у кут Пуціна, то аўтарытэт яго можа ўзьняцца. Такая лёгіка палітыкі, хоць мы і назіраем тут вайну напарстачнікаў.
Сумняваюся, аднак, што генэральна ўзурпатар выйграе сваю вайну з газпром-мафіяй. Ёсьць зьявы, якія яму не пад сілу. Каб вайну выйграць трэба адключыць самую магутную і забойную зброю Крамля -- прапаганду і тэлеканалы. Гэта зброя мацнейшая за атамную, бо масава разбурае мазгі, пасьля чаго яны лячэньню не паддаюцца.
Ад сябе яшчэ магу дадаць, што ніколі нельга абіраць на прэзыдэнта банкіра, ды яшчэ кіраўніка мафіёзнага банка чужой краіны. Гэта гроб для Беларусі.
15 чэрвеня 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК