НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПРА РАСЕЙСКУЮ АКУПАЦЫЮ І ВАЙНУ. ТРАВЕНЬ 2022 г.

ПРА РАСЕЙСКУЮ АКУПАЦЫЮ І ВАЙНУ. ТРАВЕНЬ 2022 г.

(Ліст да адраджэнцаў і сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ)

На тым тыдні (канец траўня) Злучаныя Штаты Амэрыкі выказалі думку: зьняць на паўгода эканамічныя санкцыі зь Беларуськалію ўзамен за згоду антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі прапусьціць эшалоны ўкраінскага збожжа ў балтыйскія парты праз Беларусь. План выдатны з падтэкстам і пабочным уплывам на стан вайны (я ўжо пісаў пра "сэпарацыю" "сіямскіх бандытаў") і, адпаведна, ён зручны для Беларусі, Украіны і Эўропы.

Трэба сказаць, што рэакцыя з боку Расеі (дзе сэнс зразумелі) была хуткай. Відаць задзейнічалі ўсе свае магчымасьці на Захадзе, каб гэты план утапіць. Нават яшчэ савецкую гэбоўскую агентуру паднялі на паверхню (Г. Кісінджэра і інш.).

Адпаведна супраць амэрыканскай ідэі тут жа загаварылі розныя "патраятычныя" галасы ва Украіне, розныя "дэмсмі" і штабныя "дэмакраты" зь Беларусі (былыя прыхальнікі Пуціна). Амэрыканская ідэя не разьвілася.

Цяпер, улічваючы агрэсіўны ўздым, наступ і няспынную ініцыятыву расейцаў на фронце, ды цяжкі стан Украіны, шанс, відаць, страчаны (Нават Лукашэнка, які трымае нос па ветры, мог бы не пагадзіцца на абмен у такіх абставінах).

Захад катастрафічна губляе час і, што трывожна, у асноўным, відаць, таго не разумее. Заходнія санкцыі "павольнага дзеяньня" (назавём іх так ) супраць Расеі ня вырашаюць пералому ў вайне, бо сытуацыя зьмяняецца хутка і ў нас на вачах, а Захад (які ня хоча ваяваць) нічога іншага ня можа выставіць супраць Расеі акрамя санкцый. Прытым "санкцыі" з боку Расеі (гэта зн. блакада ўкраінскага збожжа) могуць аказацца больш разбуральнымі для Эўропы, чым эўрапейскія санкцыя для Расеі. Амэрыка прапанавала камбінацыю зь Беларуськаліем і выхад праз Беларусь, але Захад гэтага не скарыстаў. Узамен чуем прапановы расейцам (абсалютна інфантыльныя) дазволіць гуманітарны калідор пад аховай ААН ў Чорным моры для вывазу збожжа з Украіны.

Набірае моцы філісьцерская пазыцыя старой лявацкай Эўропы (Нямеччына, Францыя, Італія і інш.) пра магчымасьць міру з Пуціным коштам Украіны, існаваньне і перамога якой цяпер цалкам залежыць ад Захаду.

Сучасная заходняя артылерыя, перададзеная ўкраінцам, не пераўзыходзіць расейскую і ня вырашыць лёс перамогі ў вайне, якая рэальна ўжо становіцца сусьветнай. Збройныя рэсурсы Расеі перавышаюць украінскія ў сотні разоў, яны амаль невычарпальныя. Зацяжная вайна на ўкраінскай тэрыторыі і разбурэньне Украіны на руку расейцам, гэта стала тактыкай іхняй варварскай вайны. Магчыма, калі б здарылася частковае ўступленьне Амэрыкі і Вялікабрытаніі ў ваенныя дзеяньні (што малаверагодна), гэта магло б зрабіць пералом у вайне, спыніць расейскую агрэсію і пакараць агрэсара (пры ўмове, калі б саюзьнікі праявілі рашучасьць і пасьлядоўнасьць да канца). Гледзячы на тое, што адбываецца, небясьпечна слухаць словаслоўе ружовых аптымістаў (якія ўжо пачалі нават дзяліць скуру неўпаляванага мядзьведзя -- уладкоўваць тэрыторыю Расеі пасьля вайны).

Самае дрэннае ў разьліках вайны -- гэта недаацаніць праціўніка. На тым якраз пагарэла расейская авантура ў пачатку агрэсіі (іхны правал і няўдача пад Кіевам). Тое самае, здаецца, адбываецца цяпер з Заходнім сьветам (і нават з Украінай) пасьля забуксаваньня агрэсіі ў пачатку нападу і пасьля вялікіх стратаў расейскай арміі.

Але становішча паказвае, што агрэсар перагрупаваўся, вучыцца на памылках, зрабіў высновы і татальна выкарыстоўвае сваю велізарную перавагу ва ўзбраеньні, вядзе тыпава ардынскую вайну на вынішчэньне Украіны, яе прамысловага, эканамічнага, харчовага, жыльлёвага і чалавечага рэсурсаў, -- крок за крокам забірае ўкраінскую тэрыторыю.

Паўтаруся. Артылерыя, якую Захад абяцае Украіне, магла б дапамагчы ўкраінцам вярнуць страчаныя пазыцыі, але гэта ня зробіць кардынальнага пералому ў вайне, і тым больш -- не прывядзе да разгрому Расеі і да патрэбнай перамогі над ёй на ўмовах капітуляцыі. Добры (магчымы, але праблематычны) варыянт для Украіны быў бы выхад яе на свае дзяржаўныя межы 2013 году. (Аднак гэта не азначала б спыненьня планаў рашысцкай агрэсіі і канец Расеі. Праз 10-15 гадоў агрэсія паўтарылася б.)

Самы дрэнны і шкодны варыянт, які рэальна мог бы здарыцца ў выніку нясьпешнай неактыўнай асьцярожнай пазыцыі Захаду, -- гэта захоп маскоўцамі ўсходняй Украіны (найперш Данецкай і Луганскай вобласьці, якая, фактычна, ужо захоплена), паўднёвых тэрыторыяў Украіны і сілавое афармленьне анэксіі акупаванай Беларусі. Мір з рашызмам, заключаны Захадам у такім становішчы (пра што старая Эўропа задумваецца ўжо цяпер), праіснаваў бы ня доўга. "Дранг нах вэстэн" працягваўся б.

Насельніцтва Беларусі, усходняй і паўднёвай Украіны часткова было б зьнішчана, часткова выціснута ў эміграцыю, а ў асноўным -- пераселена ў Сібір, дзе было б зрусіфікавана і ўключана ў будаўніцтва новых сібірскіх гарадоў рашысцкай імпэрыі. Гэтая рэальнасьць ужо пачалася. Больш мільёна ўкраінцаў вывезена з акупаваных земляў Украіны ў Расею (што зьяўляецца грубым парушэньнем міжнародных законаў). Каля мільёна беларусаў ужо даўно вымушаны працаваць у Расеі. Пры гэтым акупанты вывозяць украінскіх дзяцей з захопленых тэрыторыяў.

Акрамя падтрымкі з боку калектыўнага Захаду, Украіна трымаецца на салідарным адзінстве народа супраць акупантаў і на высокім патрыятызме ўкраінскай арміі. Гэта важныя чыньнікі, каб адстаяць свабоду і нацыянальнае існаваньне.

Прыклад Фінляндыі-1939, якая ўтрымалася перш за ўсё на сваёй унутранай патрыятычнай сіле, можа натхняць усіх змагароў у барацьбе супраць фашысцкай Расеі. Успомнім, аднак, чым скончылася тая савецка-фінская вайна. Фінляндыя са стратай часткі тэрыторыі гераічна абараніла сваю краіну і незалежнасьць, прытым зьнішчыла амаль чатырыста тысячаў расейцаў. Але мордар-СССР застаўся стаяць, і ў гэтым жа годзе, разам зь немцамі, пачаў сусьветную вайну.

Як будуць разьвівацца падзеі, якія вызначаць лёс Украіны, Расеі і Беларусі ва ўмовах неабходнасьці ўступленьня Захаду ў вайну (ці хаця б рашучай радыкалізацыі ваеннай дапамогі Украіне), як гэта будзе выглядаць -- пакажа час. Мне бачыцца, аднак, што можа стацца горшы філісьцерскі эўрапейскі варыянт.

Але спадзяюся, што ўрэшце рэшт сіла народнага супраціву ўкраінцаў і міжнародная падтрымка Украіны, якая павялічыцца, паламае ўсялякія схемы палітыкаў, псэўда-аналітыкаў, планы акупантаў, страхі і прагматыку заходніх філісьцераў.

Жыве Беларусь! Слава Украіне!

 

30 траўня 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК

 

narodnaja-partyja.org

Дадаць у: