Сістэма інфармацыйнай ілжы, у якую апусьцілася цяперашняе грамадзтва, патрабуе часам абавязковых заўваг, каб не заблудзіцца. Будучы ў Польшчы і агулам ведаючы, як асьвятляецца там і ў Эўразьвязе прэзыдэнцкая кампанія Трампа і Гарыс, у мяне і шмат ў каго, склалася, відаць, уяўленьне, што ўвесь час наперадзе на 2-3 адсоткі ішла Гарыс, што яна "разграміла" Трампа на дэбатах і т.п. Праўда, у выніку Трамп выйграў выбары зь вялікім адрывам. Ну, так вось, маўляў, сталася.
Лявацтва — гэта перш за ўсё хлусьня. Яна ў самой прыродзе лявацтва. У Эўропе лева думаючыя людзі амаль паўсюдна ва ўладзе, і СМІ пад іхнім уплывам. У Амэрыцы цяпер каля 95% СМІ левага кшталту, а ўнівэрсытэты (бальшыня) ёсьць рассаднікі марксізму і левізны.
Але што было на самой справе. Ад самага пачатку выбарчай кампаніі Трамп ішоў па перадзе ўпэўнена і з перавагай. Практычна, не ўзьнікала сумненьня, што ён пераможа на выбарах. Але ж пісалі ўсё наадварот, нават двойчы забіць яго хацелі, ды не ўдалося.
Цяпер пра новае прэзыдэнцтва Трампа. Гэта для Амэрыкі добры варыянт — магчымасьць уратаваць краіну ад разбурэньня і дэградацыі і вярнуцца да амэрыканскай нармальнасьці.
У гэтым сэнсе важна, што Трампа падтрымаў Ілон Маск. Раней ён быў левых поглядаў, рабіў спрэчныя выказваньні, глыбока не ўнікаў у сутнасьць разбуральных працэсаў, экспэрымэнтаў над прыродай чалавека, якія спарадзілі мэнтальныя хваробы грамадзтва. Ён не ўнікаў, пакуль ягоны сын, прышоўшы ўжо з хворай амэрыканскай школы, не заявіў, што хоча стаць "дзяўчынкай". Тут Маск усьвядоміў, чым пагражае людзям гэты збочаны лявацкі сатанізм. (Пра суд Маска з ненармальнай школай ды пра скандал я тут не пішу).
Шчыра кажучы, сумніўна, каб за будучыя чатыры гады прэзыдэнцтва Трампа яму ўдалося б спыніць гангрэну грамадзкай мэнтальнай дэградацыі. Але пачынаць трэба, бо неабходна.
Што датычыць лёсу свабоды ў Беларусі і Украіне, то тут узьнікае трывога. Трамп добры бізнэсмен, эканамічны практык, але палітыка — справа складаная і рухомая, вымагае вопыту, чуйнасьці і забесьпячэньня выніковасьці дзеяньняў.
Цяпер усялякае замірэньне Украіны з Расеяй коштам украінскай тэрыторыі ў рэальнасьці будзе перамогай Расеі і (!) паразай Амэрыкі. Складваецца ўражаньне, што гэтага якраз ня надта разумеюць у асяроддзі набліжаных да Трампа палітыкаў. Але тут аснова той пазыцыі, якая засьведчыла намеры зрабіць Амэрыку зноў вялікай.
Для Беларусі згодніцкі варыянт міру са стратай украінскай тэрыторыі абазначаў бы новы віток і ўзмацненьне рэпрэсіяў па вынішчэньні Беларускай нацыі.
Лепшы варыянт цалкам у кампэтэнцыі і волі Амэрыкі. Пра яго не гаворым, бо яго пакуль што няма.
12 сьнежань 2024 г.
Зянон Пазьняк