НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПРЭЗЭНТАЦЫЯ БЕЛАРУСКІХ ВЫДАНЬНЯЎ І ДРУКАЎ У НЬЮ-ЁРКУ

ПРЭЗЭНТАЦЫЯ БЕЛАРУСКІХ ВЫДАНЬНЯЎ І ДРУКАЎ У НЬЮ-ЁРКУ

18 чэрвеня ў Нью-Ёрку ў беларускім саборы св. Кірылы Тураўскага адбылася вялікая прэзэнтацыя беларускага друку.

Напачатку Зянон Пазьняк прадставіў дзьве новыя кнігі, выдадзеныя ім у гэтым годзе. Гэта зборнік яго вершаў і фатаграфіяў з узорнай кнігі "Тэрра Дэй" ў перакладзе на польскую мову, а таксама часткова на грузінскую, украінскую, удмурцкую і марыйскую мовы. Пераклад на польскую мову (200 вершаў) зрабіла польская паэтэса з Еленяй Гуры Ірэна Грынцэвіч. Украінскі пераклад (у асноўным вершы з "Глёрыі Патрыі") зроблены Івай Падольськай -- украінскай паэтэсай з Львіва. На грузінскую мову пераклаў Эмзар Кахідзэ, на ўдмурцкую -- Алена Ніканава і на мову Мары-Эл -- Сьвятлана Грыгор’ева. Аўтар вельмі ўсьцешаны, што сярод іншых яго вершы перакладзеныя на мовы прыгнечаных русіфікацыяй народаў Расеі

Аўтар прачытаў некалькі вершаў па-украінску і па-польску, адзначыў, што вельмі задаволены перакладамі Ірэны Грынцэвіч і Івы Падольськай, якія дакладна адпавядаюць арыгіналам.

Другая кніга, выдадзеная Зянонам Пазьняком, гэта факсімільны друк "Рабінзона Круза" з выданьня 1947 года ў лягеры Ватэнштэт. Пераклад з ангельскай Сьвятаслава Каўша. Выдавец патлумачыў, чаму менавіта з гэтага выданьня ён зрабіў факсімільны наклад.

Тут цікавы гістарычны факт, як беларусы ў цяжкіх пасьляваенных лягерных умовах здолелі самаарганізавацца, утварыць сацыяльна-культурную структуру супольнасьці, якая існавала як мікрадзяржава Беларусь. Кнігавыдавецтва і друк былі адным са зьвеньняў гэтай сістэмы. Пераклады сусьветнай літаратуры на беларускую мову рабілі, дбаючы пра моладзь, каб беларуская моладзь у лягеры чытала добрыя кніжкі, мела сьветлыя ідэалы, рупілася пра бацькаўшчыну Беларусь і беларускую культуру.

У дадатку да выданьня Зянон Пазьняк зьмясьціў некалькі дзясяткаў фота з вокладак беларускіх кніг і часопісаў таго часу, каб паказаць размах культурнай актыўнасьці ў беларускай паваеннай эміграцыі.


Галоўнай тэмай прэзэнтацыі стала, аднак, "Народная Праграма "Вольная Беларусь", прадстаўленьне якой у красавіку-траўні ўжо адбылося ў Варшаве і Вільні. Пра гэтую Праграму ўжо шмат напісана і гаворана. З. Пазьняк падкрэсьліў, што калектыў аўтараў-законатворцаў своечасова стварыў вельмі грунтоўную і моцную працу. Яна прадугледжвае салідарнасьць нацыі вакол нацыянальнай ідэі і нацыянальных інтарэсаў. Матэрыял разьмеркаваны ў 34-х разьдзелах і скарэгаваны па асноўных прынцыпах вольнай Беларусі: незалежная вольная дзяржава, клясычная дэмакратыя, вольны чалавек -- аснова эканомікі і дзяржаўнай сістэмы, культурна-нацыянальнае адраджэньне беларускай нацыі.

Зянон Пазьняк падрабязна распавёў пра сутнасьць уладкаваньня вольнай Беларусі па асноўных аспэктах існаваньня дзейнасьці і палітыкі. Было шмат розных пытаньняў. Трэба сказаць, што прэзэнтацыя Народнай Праграмы выклікала жывы інтэрас сьведамых беларусаў Нью-Ёрку. Прыехалі нават людзі зь іншых гарадоў, якія былі ўпершыню на такой імпрэзе.

Падсумавала вынік абмеркаваньня старшыня БАЗА Ганна Сурмач. Яна адзначыла безумоўную станоўчасьць і патрэбнасьць такой працы і пажадала аўтарам Народнай Праграмы далейшых дасьледваньняў і працягу дзейнасьці на карысьць вольнай бацькаўшчыны Беларусі.

 

22 чэрвень 2017 г. Марыля Якушэвіч 

Дадаць у: