У нядзелю 18 верасьня ў беларускім Саборы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася прэзэнтацыя новых кніг Зянона Пазьняка -- "Незалежнасьць (да 25-годдзя Незалежнасьці Беларусі)" і "Палын-Палын..." -- беларускі раман з часоў савецкай акупацыі.
Кнігі прыхільна ўспрынялі ўсе прысутныя. Тыя, хто пасьпелі прачытаць твор, ацэньвалі яго надзвычай высока, падкрэсьліваючы прыцягальную чытэльнасьць, адметную мову і зьмест, які для маладых, што не памятаюць саветчыны, стаў нечаканым адкрыцьцём жыцьця і эпохі, пра якую яны мелі цьмянае ўяўленьне. Казалі, што такога твора ў цяперашняй беларускай літаратуры яшчэ не было, што гэта падзея і творчы здабытак. Выступалі зь меркаваньнямі Ганна Сурмач, Тацьцяна Красоўская, Вольга Талатынік, Натальля Хведарэнка, Галіна Палачаніна, Зьміцер Левіт.
Доктар Зянон Пазьняк, дзеючы палітык і паэт, аўтар палітычных дасьледваньняў, артыкулаў, апавяданьняў, паэтычных твораў і кніг, распавёў пра вобразную сістэму рамана, якую ён фармаваў па мэтодыцы клясычнага рэалізму, надаючы вялікую ўвагу станоўчым і жаночым вобразам, успрыняцьцю іх у разьвіцьці і прыналежнасьці да ключавых сацыяльных і ідэёвых пазыцыяў тае эпохі. Аўтару важна было ўвасобіць і адлюстраваць тыпалагічныя зьявы ў жыцьці беларусаў за часы саветчыны, дачыненьні людзей да Беларусі, да камунізму і свабоды, адзін да аднаго ў сістэме акупацыйнай маскоўскай ілжы і жыцьцёвых абмежаваньняў.
Адчуваецца, што аўтар шануе сваіх герояў і пэрсанажаў, часта адносіцца да іхных пэрэпэтыяў з гумарам і іроніяй, як бы назіраючы іх збоку, сочачы за іхнымі перажываньнямі, каханьнем, разважаньнямі і жарсьцямі.
Цікавы і вельмі тыповы для беларусаў вобраз старшыні калгаса Рафала Рубайлы. Гэта "гумарны", разумны гаспадар са здаровым сэнсам у галаве, які добра раскусіў акупацыйную сістэму маскоўскага "сацыялізму". Каларытна выглядаюць, напалову гарадзкія, такія ўжо "трасянковыя" выхадцы з "дзярэўні" як Груня ды Жана Бабень (маці і дачка).
Новы і таксама вельмі характэрны (хоць і выключны) вобраз з інтэлігенцкага асяроддзя -- гэта самазакаханая Ася-Асоль Дарагакупецкая. Але й яна ўспрымаецца неяк станоўча са сваім розумам і талентам пры ўсім яе эгаістычным нарцысізме.
Увогуле аўтар нідзе не паказвае асабістых адносінаў да сваіх герояў, высьвятляе іх гэтак апавядальна, нібы ў мінулым часе, і найбольш праз дыялогі. Месцамі кавалкі рамана нагадваюць драматургічны тэкст і аўтар нават падае іх у драматургічнай форме.
У рамане паказана шмат станоўчых, культурных, прыгожых людзей. Ў цэнтры падзей узвышныя вобразы Антося Бальцэвіча, Рамана Шляхты і Лены Равіч, якія ўвасабляюць беларусаў годнасьці і свабоды. У цзнтры таксама антыгерой ўсіх акупацыйных рэжымаў, дакладней савецкі прадукт і яго сацыяльная мадыфікацыя – здрадніка, прыстасаванца бяз роду і прыналежнасьці.
Кніга "Незалежнасьць" напісана з нагоды 25-годдзя Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Тут таксама ў аўтара асаблівы падыход. Дасягненьне дзяржаўнай Незалежнасьці -- гэта галоўная задача нацыі. Тым часам нацыянальная незалежная дзяржава не ствараецца ў вакууме, але ва ўзаемазьвязаным сьвеце. Дзяржаўным дзеячам маладой краіны і яе грамадзянам таксама трэба шмат ведаць і арыентавацца ў сьвеце, каб ажыцьцяўляць зьнешнюю і ўнутранную палітыку. Незалежнасьць -- гэта вялікія магчымасьці і вялікія абавязкі. Тут комплекс дачыненьняў, якія абавязкова трэба разумець.
Зянон Пазьняк тэзісна дэкляруе 18 тэмаў, якія адметна важныя для незалежнай Беларусі. На гэтыя тэмы будучая ўлада мусіла б даваць адказ, мець пазыцыю, прынцыпы ажыцьцяўленьня задачаў і г. д. Аўтар, кажучы пра незалежнасьць, асьвятляе катэгорыі мінулага і будучыні. Тут раскрытыя такія тэмы як "камуністы", "намэнклятура", "грамадзяне", "Народны Фронт", "Вярхоўны Савет", "дэмакратыя", "Эўропа", "Маскоўшчына", "інтэлігенцыя, "шляхта", "гісторыя", "сям’я", "жанчына" і інш.
Кніга мае асьветніцкі характар і пабудавана ў асноўным на вядомых матэрыялах. Бальшыня зь іх -- гэта фатаграфіі з таго хвалюючага часу пачатку 90-х гадоў.
Існуе праблема дастаўкі кніг Зянона Пазьняка ў Бацькаўшчыну. Тут хамскі рэжым лютуе і траціць розум ад нянавісьці. Кожная кніга аўтара тут жа арыштоўваецца на мяжы, аб’яўляецца "экстрэмісцкай" (Відаць таму што на беларускай мове). Нядаўна аб’явілі "экстрэмісцкімі" кнігу пра Курапаты, адкрывальнікам і дасьледчыкам якіх ёсьць Зянон Пазьняк, а таксама кнігу яго мастацтвазнаўчых эсэ пра сусьветную фатаграфію. Ёсьць таксама ўжо пацьверджаныя зьвесткі, што хамскі рэжым зьнішчае кнігі Зянона Пазьняка. Варта мець тое на ўвазе, хто разумее каштоўнасьць кнігі. Аўтар абяцаў зьмясьціць свае творы на адраджэнскіх старонках у Сеціве ў фармаце пдф.
22 верасьня 2016 г. Марыля Якушэвіч