НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПРЭЗЭНТАЦЫЯ НОВЫХ ВЫДАНЬНЯЎ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА

ПРЭЗЭНТАЦЫЯ НОВЫХ ВЫДАНЬНЯЎ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА

Зянон Пазьняк надрукаваў факсімільнае выданьне 1-й часткі вядомай працы Аўгена Калубовіча "Мова ў гісторыі Беларускага пісьменства". -- Мюнхен, Лёндан, 1974-1975. Факсімільная кніга выйшла ў лістападзе ў выданьні "Беларускіх Ведамасьцяў". 7-га лістапада адбылася яе прэзэнтацыя ў Вільні.

У пачатку года невялікім накладам (выданьне "Беларускіх Ведамасьцяў") выйшаў зборнік вершаў Зянона "Вершы для цябе", пасьвечаны каханьню і пачуцьцям. Прэзэнтацыі не рабілася.

Ніжэй зьмяшчаем прадмову Зянона Пазьняка да факсімільнага выданьня кнігі Аўгена Калубовіча і вокладкі абодвух кніжак.

 

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ КНІГА

ЗАБЯСЬПЕЧВАЕ НАРОДУ ВЕЧНАСЬЦЬ

(Прадмова выдаўца факсіміле)

 

Аўген Калубовіч (Kаханоўскі) -- вядомы беларускі грамадзкі дзеяч, пісьменьнік, гісторык і публіцыст -- нарадзіўся ў 1910 годзе ў мястэчку Ціхінічы Рагачоўскага павету Магілёўскай вобласьці. У 1930 годзе асуджаны на тры гады сталінскага канцлягеру за беларускі патрыятызм. Вярнуўшыся з канцлягеру, працаваў настаўнікам. У гады Другой Сусьветнай вайны быў у Менску, уваходзіў у склад Беларускай Цэнтральнай Рады, удзельнічаў у Другім Усебеларускім Кангрэсе (1944 г.). Пасьля вайны -- у эміграцыі. Быў прэм’ерам ураду БНР, выдаваў беларускія часопісы, займаўся літаратурай і навукова-дасьледчыцкай дзейнасьцю, друкаваў кнігі. Памёр у 1987 годзе, пахаваны ў Кліўлендзе (ЗША).

"Мова ў гісторыі Беларускага пісьменства" -- гэта адна з найлепшых кніжак Аўгена Калубовіча. Кніга выдадзена ў 2-х частках. Шануючы каштоўнасьць яе для нашай гісторыі, мы друкуем тут і прапануем чытачу факсімільнае выданьне 1-й часткі.

Гэта адна з тых кніжак, якія выварочваюць душу ад крыўды на жорсткасьць гісторыі, прымушаюць моцна біцца сэрца, і попел пакаленьняў стукае ў скронь. Сухой мовай фактаў, скрупулёзна і педантычна паказана, як пасьлядоўна і мэтадычна нішчылі вялікую беларускую кніжную культуру варвары, войны, акупацыі, ворагі і беспамяцтва.

У гісторыі культуры ёсьць некалькі знакавых эпахальных падзей, якія ў корані зьмянялі ход разьвіцьця чалавецтва, ствараючы агульную базу для новай культуры і новай асобы. Такімі эпахальнымі падзеямі ў гісторыі цывілізацыі былі пераход да земляробства і аседлага вобразу жыцьця, зьяўленьне гарадоў і зьяўленьне друкаванай кнігі. Кніга -- найвялікшы чыньнік культуры і гісторыі чалавецтва, кожнай нацыі і народа. Кніга, як і мова, якая ў кнізе рэалізавана, забясьпечвае народу вечнасьць.

Беларусь -- гэта гістарычная краіна вялікай кніжнай культуры. Адсюль пайшла першая друкаваная кніга ва Ўсходняй Эўропе. Адсюль ішла культура і асьвета далей на Ўсход, у дзікія стэпы і варварскія гарады. Тут стварылася велізарная кніжная спадчына, бібліятэкі і зборы кніг, якія год за годам пасьля ўпадку беларускай дзяржаўнай сілы нішчыла варожая антыкультурная стыхія, варварства, дзікае забыцьцё.

І ўсё ж Беларусь жыве. Гэта таксама цуд, як цудам ёсьць гісторыя яе культуры.

 

Лістапад, 2015 год, Варшава

 Зянон Пазьняк

 

 

Дадаць у: