Рэжым не забараняе вышыванку. Масы ўсьцешаныя: маўляў, антынародная ўлада за Беларусь. І Масква "молчит". І сапраўды, як бы палёгка для беларусаў.
Тым часам карэспандэнт БЕЛТА цытуе словы Лукашэнкі, пушчаныя ім 12-га ліпеня. Вось ён той словаблуд:
"Хочу подчеркнуть, что русский язык для нас не чужой. Это и наше национальное достояние. Белорусы за свою многовековую историю внесли немалый вклад в его развитие, обогатили его. И сегодня в нашей стране он имеет статус государственного наравне с белорусским языком", - сказал глава государства".
Гэты « глава государства» яшчэ й не такое казаў, зьнішчаючы беларушчыну і беларускія школы. Самае простае і лёгкае для акупацыйнага рэжыму, каб пусьціць пыл у вочы, гэта зрабіць выгляд, што ён дазваляе ўжываць народную атрыбутыку. Прытым рэжым ніколі ня будзе падтрымліваць у гэтым народную аўтэнтычнасьць, але заўсёды прапануе прафанацыю (па сутнасьці не народную).
Тут ёсьць форма зьнішчэньня (шляхам падмены) аўтэнтычных традыцыяў. Гэтай справай за саветамі мэтанакіравана займаліся так званая «мастацкая самадзейнасьць» і «дом народнай творчасьці». Месцамі ўжо тады вынішчылі народныя традыцыі дазваньня, спарадзіўшы разлапісты кіч.
Цяпер мы часам бачым паказы, то Макея, то яшчэ якога міністра «Іванова» ў кашуленцыях з сінім геаметрычным арнамэнтам і жаночым кроем (ато яшчэ й з зялепухай). Ўсё тое выдаецца за нешта беларускае.
Некаторыя павярхоўныя энтузіясты аж сьліну пускаюць ад радасьці, што беларусафобскі рэжым ды вось ўжо да беларускага «горнецца». Калі вораг «горнецца» – зважай, каб не апынуцца ў дурнях.
Галоўным культурным набыткам нацыі, які вызначае яе аблічча і забясьпечвае вечнасьць, ёсьць нацыянальная мова. Зьнішчаючы мову, усялякі пракляты рэжым, ніколі ня збочыць.
17 ліпеня 2017 г. Зянон Пазьняк