Працягваецца мэтадычная гэбісцкая прфанацыя Курапатаў. Некалькі гадоў таму грамадзкасьць вывела на чыстую ваду палітрука падпалкоўніка Кузьняцова, калі ён намерваўся бяздоказна ўмясьціць туды расстраляных "польскіх афіцэраў". Нічога не атрымалася тады ў прафанатараў, нягледзячы на вялікі лямант тут і ў жоўтым польскім сеціве. Цяпер, аказваецца, "энтузіясты" маскоўскага "Мэмарыялу" (як яны сябе называюць) узяліся за прыбалтаў. Ставяць у Курапатах мэмарыяльныя знакі ў памяць расстраляных асобаў з прыбалтыйскіх краін і запрашаюць прадстаўнікоў пасольстваў прыбалтыйскіх краін на мерапрыемства. Падставай для гэтага паслужыла для палітрука яма раскапаная "чорнымі (крымінальнымі) капальнікамі". «Вакол раскапанай яміны былі знойдзеныя чалавечыя косткі і рэшткі адзеньня ды абутку. Вывучэньне гэтых рэчаў паказала, што яны былі зробленыя ў прыбалтыйскіх краінах," -- паведаміў ён прадстаўнікам пасольства.
Дылетанства з нахабствам "блізьняцы-брацьці". Студэнты археалогіі ведаюць, што знойдзеныя рэчы, вырабленыя ў нейкай краіне, не абавязкова сьведчаць, што яны належылі прадстаўнікам гэтай краіны. Тут магчымае толькі дапушчэньне.
У 1988 годзе групай археолагаў Інстытута гісторыі Акадэміі навук пад маім кіраўніцтвам было зроблена археалагічнае дасьледваньне Курапатаў. Вынікі дасьледваньня адлюстраваны ў навуковай археалагічнай справаздачы (надрукавана ў Беларусі і за мяжой). Знойдзены рэчы вырабленыя ў Беларусі (Віцебск), Польшчы (Варшава, Вільня) Расеі (Растоў на Доне, Масква), Латвіі (Рыга). На некаторых рэчах фірмовыя надпісы па-польску, па-руску, па-ангельску, па-французку, па-латыску. Ўсё гэта гаворыць дакладна пра месцы вырабу прадметаў (тавараў) і ў сумяшчэньні з аналізам іншых знаходак, прадметаў, рэчаў і сытуацыяў паказвае на тое, што ў асобных магілах пэрыяду 1939-1941 гадоў былі расстраляныя і закапаныя людзі з Заходняй Беларусі, узьяднанай у 1939 годзе з БССР. Навукоўцы дапускаюць магчымасьць, што тут маглі быць пахаваныя таксама і людзі з Прыбалтыкі (Латвія). Але пераканаўчых доказаў у карысьць такога дапушчэньня малавата. (Вельмі важнай была б тут апора на дакуманты.)
Гэбоўская псэўданавука, каб заблытаць і закапаць нашы адкрыцьці і вынікі нашых дасьледваньняў навыдавала шэраг макулатуры пра Курапаты, ў тым ліку пераклалі яе
і па-польску (быў такі Гарэлік) паколькі адкрывальнік Курапатаў (аўтар гэтых радкоў) жыве цяпер у Варшаве. Сымптаматычна, што як і падпалкоўнік Кузьняцоў, ніхто зь іх не спаслаўся ніколі на навуковую археалагічную справаздачу аб дасьледваньні Курапатаў. Спасылаюцца на "яміну", выкапаную "чорнымі капальнікамі" (якіх, дарэчы, трэба было арыштаваць і судзіць). Прытым, пішучы свае кручаныя вэрсіі пра Курапаты, гэбоўскія майстры тэхналагічнай лухты ўмудраюцца нават не пазначыць імя адкрывальніка і дасьледчыка Курапатаў. Вышэйшы пілатаж. Кісялёўшчына ў натуры. Рускае TV.
Прафанатары часта прыкрываюцца прыналежнасьцю да маскоўскага Мэмарыялу (які, дарэчы, даўно фінансуецца Крамлём). Маўляў яны беларуская філія маскоўскага Мэмарыялу. Але я паглядзеў арганізыцыйныя справы маскоўскага Мэмарыялу. Ніякай "беларускай "філіі" там не зарэгістравана.
Тое што ў курапацкіх магілах пэрыяду 1939-1941 гг. побач зь беларускімі сялянамі рабочымі і інтэлігеннцыяй пахаваны таксама палякі не выклікае сумненньняў, зыходзячы з аналізу усёй сукупнасьці фактаў, адносна габрэяў ёсьць канкрэтныя зьвесткі. Напэўна павінны быць і выхадцы з Прыбалтыкі (прынамсі з Латвіі), але навуковых доказаў гэтага дапушчэньня сабрана недастаткова. Патрэбныя дукуманты і безумоўныя сьведчаньні. Навуковы мэтад, як вядома, пачынаецца з сумненьня. Але для прафанатараў яно нічога не значыць. Сутнасьць жа гэбоўскай папулістыкі пра Курапаты, тварэньне антыбеларускіх міфаў і фальшывых легенд вакол гэтага сакральнага месца мы ведаем. Чулі ўжо ня раз. Ім важна насьлядзіць, абнізіць ўзровень падыходу, наблытаць, накруціць, каб ў людзей была каша ў галаве, І яна ўжо ёсьць. Сустракалі тут ужо палякаў, якія начыталіся фейкавых рэсурсаў і пісаньняў Кузьняцова і прыехалі сюды аддаць гонар "ахвярам Катыні".
Вядома, Беларусь пад дваццацігадовым прэсам акупацыйнага рэжыма цяпер аслабела. Калі б такія ліпавыя "мэмарыяльшчыкі" зьявіліся б, напрыклад, у Быкаўні пад Кіевам і пачалі б вяшчаць свае выдумкі пра "польскіх афіцэраў" і ставіць знакі па недаказаных фактах (зыходзячы толькі зь меркаваньняў), то вядама, што было б. Зь іх толькі б пер’е паляцела і больш іх там ня бачылі б. Але ня доўга ўжо такое працягнецца. Канец будзе і праклятай Расеі і праклятаму гэбаўю. І тут ужо "талерантнасьці" не чакайце.
17 чэрвеня 2015 г. Зянон Пазьняк