НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

"Я ПАЙДУ ДА КАНЦА"

"Я ПАЙДУ ДА КАНЦА"

На жаль, адбылося тое, што магло адбыцца. Рэжым і кантора ўзялі Ціханоўскую ў абарот. Не хапіла ні волі, ні вопыту, ні разуменьня. (Палітыка -- гэта альбо прафэсія альбо талент.) Ёй прапанавалі аб’яднаць выбарчую прапаганду і дзеяньні са штабамі В. Бабарыкі і В Цапкалы і яна пагадзілася.

17 ліпеня адбылася прэсавая канфэрэнцыя жонкі Цапкалы Веранікі Цапкалы, каардынатара штабу Бабарыкі Марыі Калесьнікавай і Сьвятланы Ціханоўскай. Жанчыны паўтаралі, што галоўная задача злучэньня прыцягнуць народ на галасаваньне, каб усе прыйшлі галасаваць 9-га жніўня.

"Мы будем делать всё для того, чтобы сделать эті выборы легітімнымі", -- сказала Вераніка Цапкала. (Дакладна кажу, такіх мядзьвежых памочнікаў Лукашэнкі на выбарах я яшчэ ня бачыў.)

"А як вы будзеце канкрэтна легітымізаваць выбары?" -- пытаецца журналіст. Дамы ня ведалі што адказаць. Тады знайшлася Сьвятлана і сказала: "Мы будзем заклікаць членаў камісій не фальсіфікаваць выбары".

Шчыра кажучы, мне аж шкода мілых дам (хоць адна зь іх носіць выразныя прыкметы службісткі), што ўляпаліся ў гэтае вадэвільнае шоў і ў нядобрую справу.

Лёгкасьць зь якой зацуглялі Ціханоўскую на падтрымку фальшывага галасаваньня рэжыму, вядома ж бянтэжыць. Але ня буду сьпяшацца з ацэнкамі, бо памылкі тут (дзеля "элегантнай перамогі" Лукашэнкі) былі непазьбежнымі.

На Сяргея Ціханоўскага я зьвярнуў увагу, калі даведаўся аб яго рэальным разуменьні выбарчай сістэмы ў падрэжымнай Беларусі і аб цьвёрдай пазіцыі за байкот фальшывага галасаваньня. Гэта ўзровень палітыка. Для ілюстрацыі працытую тут яго словы:

"На выборы, в которых будет участвовать Лукашенко, и которые будет считать Ермошина, я однозначно людей звать не буду. Потому что как в таких выборах можно выиграть? Мы -- за честные выборы и мирный протест. А те потенциальные кандидаты, которые зовут на выборы и говорят, что там можно честно выиграть и сфальсифицируют лишь маленький процент -- они либо лжецы, либо подлецы."

Жонка Сяргея Ціханоўскага з-за каханьня да мужа (як яна кажа) пайшла ў небясьпечную дарогу палітыкі, каб дапамагчы ягонай справе. І вось іронія лёсу, як хутка (магчыма, нават незаўважна) расправіліся зь яе "дапамогай" мілыя дамы з штучнымі ўсьмешкамі і лялькаводы за іхнымі постацямі.

Вядома ж мы імкнуліся спаткацца са Сьвятланай (яшчэ тыдзень таму), каб праясьніць складанасьці. Але аказалася, што вакол яе ўжо вырас бар’ер.

Увогуле, калі жыць па прыстойнасьці і па сумленьню, і ня быць марыянэткай у іншых руках, то цяпер, дзеля ўратаваньня гонару (свайго і мужа) яшчэ магчыма зрабіць толькі адно: адвезьці дзяцей за мяжу (ці схаваць у Беларусі), заклікаць выбаршчыкаў ня ўдзельнічаць у фальшывым галасаваньні і зьняцца з выбараў.

Па-праўдзе кажучы, я ня веру ў моцныя паводзіны чалавека, які зрабіў такія слабавольныя і недаравальныя памылкі. Яна, як паведаміла, відаць "пойдзе да канца". І канец гэты, на жаль, будзе сумным. Лепш да яго ня йсьці.

 

17 ліпень 2020 г.                                                Зянон Пазьняк

 

narodnaja-partyja.org

Дадаць у: