НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

"Я ўдзячны Богу..."

"Я ўдзячны Богу..."

(Успамін да 90-годдзя Кастуся Акулы)

 Я пазнаёміўся з Кастусём Акулам у красавіку 1991 года ў Таронта. Тады дэлегацыя дэпутацкай Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, якую я ўзначальваў, на працягу месяца гасьцявала з палітычным візытам па запрашэньні беларускіх арганізацыяў у ЗША і Канадзе. Гэта быў першы вызыт беларускай антыкамуністычнай апазыцыі за мяжу (яшчэ існаваў камуністычны Савецкі Саюз). Візыт быў важны для абодвух бакоў -- для Фронта і для беларускай эміграцыі. Пра гэта было шмат тады напісана. Адтуль распачаліся сталыя кантакты Фронта з эміграцыяй.

Я застаў яшчэ шмат каго зь вядомых беларускіх афіцэраў, ваяроў зь немцамі, удзельнікаў вялікіх бітваў. Некаторыя нават дэманстравалі выпраўку. Сяргей Гутырчык, напрыклад, на прыёме ў Беларускім цэнтры ў Саўт-Рывэры (ЗША) падыйшоў, стукнуў абцасамі па стойцы "зважай!", прадставіўся і "далажыў" пра сябе.

Потым была Канада. Першае маё ўражаньне ад Кастуся Акулы -- гэта ваяр, жаўнер. Ён гаварыў гучна, наўпрост і пра галоўнае. А галоўнае -- гэта Беларусь, незалежнасьць і свабода. Мы, дэпутаты, Фронта, хадзілі разам зь ім у ратушу да кіраўніка (мэра) горада Таронта з візытам. А перад ратушай на высокім флагштоку якраз вісеў Беларускі Бел-Чырвона-Белы сьцяг. Гэта спадар Кастусь пастараўся дамовіцца да 25-га Сакавіка. І мэр Таронта тады, дзякуючы Кастусю Акулу, быў добрым сябрам беларусаў Канады.

Я на той час не чытаў твораў пісьменьніка (не існавала магчымасьці), але мы шмат пра што пасьпелі пагаварыць, не ўдаючыся ў сантымэнты. Увогуле, гэта мацнейшы пісьменьнік эміграцыі. Кастусь Акула здаваўся мне суровым, адкрытым і нават крыху грубаватым, але я адчуваў, што гэта чалавек-глыба, асоба моцнага духу.

Вярнуўшыся ў Менск, месяцы праз два-тры я, раптам, атрымліваю пасылку з Канады. Напісана, што адпраўнік К. Акула. Зьдзіўлены, я адчыніў скрынку. Там былі крупы, цукар, мука, вермішэль, кансэрвы і ўсялякія прадукты. Нічога з таго мне было не патрэбна, але вось тут я і зразумеў, што лёс пазнаёміў мяне з сапраўдным беларусам, з ваяром, гатовым моўчкі падставіць плячо. Тады былі матэрыяльна цяжкія, галаднавтыя для многіх гады ў Беларусі. Акула ведаў пра тое і ня толькі мне, шмат каму з фронтаўцаў па-сялянску пасылаў пасылкі з прадуктамі, нібы гэта былі не 90-я, а цяжкія 40-я. Маўляў, трымайцеся, хлопцы!

Я чуў ад дасьведчаных людзей пра цяжкае сямейнае становішча Акулы (хворая жонка і дзеці). Казалі, што ягоны быт -- гэта пакутлівае і вялікае выпрабаваньне. Але Акула маўчаў. Ніхто не павінен быў ведаць пра яго бяду.

Бывала вечарам спадар Кастусь не вытрымліваў напружаньня, піў гарэлку. І тады яму хацелася з кімсьці пагаварыць, хоць пра што. Ён набіраў нумар тэлефона і званіў. А была ўжо ноч.

-- Халера! -- Абураўся мне адзін раззлаваны ягоны знаёмец. -- У дзьве гадзіны ночы мне звоніць. Я ўжо спаў.

Я ў дзьве гадзіны ночы, тады ў эміграцыі ў 90-х, амаль ніколі яшчэ ня спаў. Трэба было шмат пісаць, адсылаць матэр’ялы праз факс, гаварыць па тэлефоне. У Менску якраз была раніца.

Часам гучэў званок і ў слухаўцы -- знаёмы голас Кастуся Акулы. Ведаючы, што гаворка будзе доўгай, я клаўся на ложак, прыціскаў вухам слухаўку і слухаў, устаўляючы рэплікі, бывала да раніцы.

Справа ня ў тым, што я ўсё разумеў, што адбываецца з маім субяседнікам, мне цікава было таксама яго паслухаць. З усяго, што казаў Кастусь Акула, мне найбольш запомніліся (і ўразілі) два ягоныя выказваньні.

-- Ведаеш, я шчасьлівы чалавек, я прайшоў вайну, быў пад Монтэ-Касына. Колькі маіх сяброў пабіла, пакалечыла, а мяне хоць бы драпнула. Ніколі нават ня раніла. Як я ўдзячны Богу і хачу сваім жыцьцём аддзячыць Яму.

І другое.

-- Ведаеш, каб ты ўбачыў як я жыву..., ня ведаю, пэўна мала б хто тое вытрымаў. Але я так ўдзячны Богу за гэтае жыцьцё. Як Бог дае, то, відаць, для мяне гэтак і трэба быць, так і добра. Я ж так маліўся на вайне, каб застацца жыць..., жыць для Беларусі.

Аднойчы спадар Кастусь, відаць, стаміўся гаварыць і замаўчаў. Пасьля доўгай маўчанкі голас:

-- Зянон, ты -- чалавек. Дзякуй табе, што ты мяне выслухаў. Дзякуй табе.

Мяне тое скаланула. Як важна было для яго выгаварыцца і каб нехта яго пачуў. Але ніколі ён не казаў пра сваю бяду, ня жаліўся, не бедаваў. Ён нішчыў словамі ворагаў Беларусі. Яму трэба было вяваць.

Гэта было даўно, у 1996-1997-1998-я гады. З той пары мінула шмат часу. Кастусю Акулу цяпер было б дзевяноста гадоў.

 

Сьнежань 2015 год.                                                                                                                         Зянон Пазьняк

Дадаць у: