Выступ на верасьнёўскім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
Паважаныя сябры Сойму Партыі БНФ, дарагія фронтаўцы, вітаю Вас у Бацькаўшчыне, зычу здароўя, вытрымкі і раўнавагі духу ў трывожны час, веры ў нашу перамогу!
Тое, што пуцінская Масква хоча ў бліжэйшы час навязаць незаконны рэфэрэндум Беларусі аб “канстытуцыным акце” “папяровай дзяржавы” не выклікае ўжо сумненьняў. Але на маю думку ўпэўненасьці ў посьпеху сваёй афёры яны ня маюць. Складваецца ўражаньне, што цяпер яны “вывучаюць становішча”, назіраюць за рэакцыяй беларускага грамадзтва, стараюцца ацаніць, якое будзе супраціўленьне. Нават за мяжой заўважаная іхняя актыўнасьць – цікавяцца настроямі эміграцыі. Сітуацыя выяўляе тыпова крымінальны кшталт канфлікту: галоўнае разыходжаньне – ня могуць дамовіцца аб цане здачы Беларусі. Адсюль зноў газавы шантаж Лукашэнкі. Беларускі народ яны не прымаюць пад увагу. Яны глядзяць на беларусаў, як на расейцаў, і думаюць, што гэта – натоўп, які стварэньнем энэргетычнага крызісу можна паставіць на калені і ўзяць голымі рукамі.
Гэтая палітыка ёсьць грубая (хоць і прыхаваная) агрэсія супраць незалежнасьці Беларускай дзяржавы. Тут наўпрост парушаецца п. 3 Будапэшсцкага Мэмарандуму 1994 года аб гарантыях сувэрэнітэту Беларусі. Вядома, ніхто з нашых прыяцеляў не стане паміраць за Беларусь (успомнім Гданьск 1939 года), тым больш, што вайна вядзецца халоднымі мэтадамі. Але вайна ёсьць вайна – на карту ставіцца самае галоўнае: незалежнасьць дзяржавы і лёс нацыі.
Важнае пытаньне: як адносіцца ў сувязі са становішчам да выбараў у мясцовыя саветы, якія па закону павінны адбыцца ў студзені 2007 года? Калі б выбары адбываліся самы па сабе, то мы ведаем, што такое лукашысцкія “выбары” і як працуе фальсіфікацыйная машына. Тут маглі б быць, аднак, розныя падыходы. Я б не выключаў нават выкарыстаньне такой кампаніі для адпрацоўкі мэтадаў “народнага галасаваньня” і агітацыі сярод насельніцтва. Аднак, калі гэтыя “ціхія выбары” будуць выкарыстаныя як шырма для правядзеньня незаконнага рэфэрэндуму, то ўдзельнічаць у такіх выбарах нельга. Мусіць быць жорсткі байкот антыбеларускага рэфэрэндуму. Катэгарычна нельга будзе ісьці галасаваць і ствараць “прыход” на ўчасткі. Прытым ня важна, як хто хацеў бы галасаваць – “за” ці “супраць”. Галоўнае не йсьці на галасаваньне, пазбавіць фальсіфікацыйную машыну прысутнасьці выбаршчыкаў. Замест таго, каб ісьці галасаваць на ўчасткі, трэба выходзіць на вуліцы і маніфэставаць супраць незаконнага рэфэрэндуму. Вось хай тады фальсіфікатары паспрабуюць аб’явіць пра сваё “за” ў 83 адсоткі.
Калі б галасаваньне праводзілася сумленна, то цяпер беларусы ніколі не прагаласавалі б за гэты антынацыянальны “канстытуцыйны акт”. Таму зразумела, што Крэмль-Лубянка і рэжым разьлічваюць толькі на фальсіфікацыю.
Тэарэтычна, аднак, магла б узьнікнуць сітуацыя, калі маскоўцы, шантажуючы газам і іншымі сродкамі прымусу, вымусілі б саўдзельніка пагадзіцца на рэфэрэндум, не даўшы яму ніякіх гарантыяў самазахаваньня і вярхоўнай улады ў Расеі (хаця вядома дакладна, што ніякія “гарантыі” маскоўцаў нічога ня значаць). І тады “саўдзельнік” мог бы “чэсна” ўспомніць пра законнасьць і дэмакратыю, правесьці нармальнае галасаваньне і пахаваць мары Пуціна пра вечнае панаваньне ў Крамлі. Шансы Лукашэнкі на расейскі прастол узрасьлі б, і якраз на тых умовах, на якіх ён і хоча прадацца.
Падзеі ўсё больш паказваюць, што рыхтуецца варыянт змовы. Масква спадзяецца на вечную сваю тактыку ашуканства, вераломства і на гвалт. Гвалтаўнікі, аднак, могуць ашукаць адзін аднаго. Але нельга дапусьціць, каб яны прынізілі і ашукалі цэлы народ.
Беларусам трэба абапірацца на “Акт аб Незалежнасьці Беларусі”, прыняты Усебеларускім Зьездам 29 ліпеня 2000 года. Гэта ёсьць самы галоўны беларускі дакумант 21-га стагоддзя. Трэба працаваць, памятаючы пра гэты Акт. Жыве Беларусь!
Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту”Адраджэньне” і
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
10 верасьня 2006 г.