26-га студзеня байкот псэўдавыбараў у Беларусі адбыўся па ўсіх гарадах і мястэчках. Выбарчыя ўчасткі былі пустыя. І ня толькі ўчасткі, але й вуліцы ў гарадах і мястэчках, крамы і грамадзкія месцы. Беларусы масава не пайшлі галасаваць, засталіся дома.
Пустыя ўчасткі незнарок прадэманстравала нават лукашысцкае тэлабачаньне, зафіксаваўшы працэс подпісу Лукашэнкі ў сьпісе выбаршчыкаў, дзе відаць, што перад ім прагаласавала толькі адна асоба, хаця афіцыйная інфармацыя паведамляла, што да часу галасаваньня Лукашэнкі быццам бы ўжо прагаласавала каля паловы выбарцаў.
Дзякуем беларусам, што разумна прыслухаліся да заклікаў Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь" ня йсьці на фальшывыя выбары і не галасаваць. Добра, што праігнаравалі запалохваньні рэжымнай прапаганды і фальшывую агітацыю за прыход на галасаваньне з боку розных замежных нібы "апазыцыйных" "офісаў" ды "нау", ды ўсялякай псэўда-дэмакратычнай калабаранцкай халявы, якая хлусьліва клікала йсьці галасаваць на псэўда-выбары, быццам бы каб "выкрасьліць усіх" ( але тым самым забясьпечыць прыход людзей на галасаваньне і магчымасьць фальсіфікацыяў для рэжыму)
У дзень ганебных для беларусаў псэўда-выбараў яны арганізавалі карнвальнае шэсьце ў Варшаве з музыкай, дудкамі і бадзёрымі воклічамі ў стылі хаджэньня па Менску ў 2020 годзе. "Вольная Беларусь" у гэты дзень ля помніка Касьцюшкі публічна праінфармавала грамадзтва аб сутнасьці фальшывых выбараў, нагадала пра гадавіну сьмерці ваяўніка Палка Каліноўскага Эдуарда Лобава, пра героя Нябеснай сотні Міхася Жызьнеўскага, пра змаганьне беларусаў з маскоўскім мордарам.
Дарэчы, пустыя выбарчыя ўчысткі па Беларусі засьведчылі замежныя польскія, турэцкія і іншыя журналісты, а таксама самыя жыхары Беларусі ў гарадах краіны. Падобнае было на ўсіх фальшывых выбарах, але тады прапагандзе шмат дзе ўдавалася заваліць факты траскучай хлусьнёй. Цяпер непрыход народа на галасаваньне быў такі масавы, што прпаганда забуксавала. Улада рэжыму перайшла ў апошнюю стадыю свайго існаваньня (разам з "апазыцыйнай" ліпай у Вільні й Варшаве).
26 студзеня 2025 г.
Зянон Пазьняк