НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

РАЗЬМЕННАЯ МАНЕТА МАСКОЎСКАЙ ПАЛІТЫКІ

РАЗЬМЕННАЯ МАНЕТА МАСКОЎСКАЙ ПАЛІТЫКІ

Месяц таму на Паліткамітэце Фронту мы прааналізавалі сітуацыю з галадоўкай А. Казуліна і прышлі да высновы, што на гэтую авантуру яго штурхнулі тыя ж сілы, што прапанавалі і прафінансавалі ягоны ўдзел у вясновых выбарах прэзыдэнта на Беларусі. Магчымы сэнс гэтага пляну – сьмерць Казуліна.

У апошні час барацьба за ўладу ў сістэме расейскага гэбізму набыла ліхаманкавы кшталт. Практычна, для Пуціна застаўся адзіны варыянт захаваньня ўлады – гэта інкарпарацыя Беларусі праз фармальнае ўтварэньне новай, нібыта беларуска-расейскай дзяржавы. Аднак пры гэтым Пуцін не жадае дзяліцца рэальнай уладай з Лукашэнкам, а Лукашэнка ня хоча страціць набытае. Пачалося выкручваньне рук.

Добра вядома, што ўнутры карпаратыўнай улады, у крымінальнікаў і ў мафіі канфліктуюць між сабой так, што за грошы ды за ўладу перагрызаюць адзін аднаму горла. Пры гэтым агульная палітыка застаецца нязьменнай.

Усё гэта мы назіраем цяпер у Беларусі і ў Расеі пад выглядам газавага, нафтавага, гандлёвага, мытнага і іншых так званых канфліктаў. Пуцін хоча прыдушыць Лукашэнку цэнамі на газ, нафту і электрычнасьць. А. Лукашэнка заявіў (хто ўмее правільна слухаць палітычныя заявы), што ў выпадку чаго будзе бараніцца і наладзіць тут расейцам лазьню “почище, чем в Чечении”.

Стаўкі ідуць ня толькі на ўладу, але на жыцьцё. Абодва канфліктанты, напэўна, разумеюць, што страта ўлады – гэта для кожнага зь іх ёсьць страта ўсяго. Жывымі такіх кліентаў у гэбэ не пакідаюць. Пуціну хопіць аднаго Беслана. Але на ім вісьць яшчэ шмат іншага. Тое ж і з Лукашэнкам.

Галадоўка А. Казуліна насьцярожвае ненатуральнасьцю сваёй матывацыі, неканкрэтнасьцю патрабаваньняў і немагчымасьцю дасягненьня мэты. Галадоўка, якая акрэсьленая супраць “незаконнасьці прэзыдэнцкай улады Лукашэнкі”, альбо не дасягае мэты, альбо заканчваецца сьмерцю галадоўшчыка. Гэтакая пазыцыя фармальна запраграмаваная на доўгае безвыніковае галаданьне і на летальны зыход.

З усіх варыянтаў утварэньня азначанай сітуацыі найбольш верагодным зьяўляецца існаваньне пляну, які распрацаваны ў асяроддзі тых, хто спраектаваў стварэньне так званых “двух апазыцыйных лідараў” пад кантролем Масквы ў прэзыдэнцкіх выбарах на Беларусі, прынцып “абмежавальнай планкі” і г.д. (Гл. “Беларускія Ведамасьці”, – 2006 г., №2(56), с.8, С. Папкоў. “Чужая палітыка”.) Мяркую, што Казуліна нейкім чынам падштурхнулі да галадоўкі і на авантурны зьмест акцыі.

Сьмерць Казуліна ў выніку галадоўкі ў турме стала б адчувальнай зброяй Пуціна, якая дапамагала б яму ламаць хрыбет Лукашэнку, зваліўшы віну на яго. Пуцін палепшыў бы магчымасьць палітычна выйграць цягласьць улады і бяз стратаў увайсьці ў Беларусь. (Зазначу, што гэтакія жорсткія развагі абгрунтаваныя стылем і практыкай гэтага маскоўскага палітыка.) Цяпер якраз настае небясьпечны момант. Сродкі масавай інфармацыі разьнесьлі зьвесткі пра цяжкі стан галадоўшчыка. (Прытым, ня важна, ці так гэта на самой справе. Істотна, што мэдыі інфармавалі пра гэта грамадзтва.) Пасьля спыненьня галадоўкі, у працэсе рэабілітацыі, якраз і ўзьнікае небясьпека завяршэньня магчымага пляну. Тым больш, што можна абыйсьціся без Палёнія-210. Лубянскія “спэцы”, напэўна, гэта ўлічылі.

Паўтара месяцы таму я надрукаваў у “Беларусе” (№ 525) артыкул “Канфлікт на маскоўскай дарозе”, пра сутнасьць дачыненьняў паміж Масквой і беларускімі калябарантамі. Галоўная думка ў тым, што неразуменьне прамаскоўскімі беларусамі сутнасьці вынішчальнай палітыкі Масквы прыводзіць іх да рабленьня шкоды Беларусі і самым сабе. (Маскоўская палітыка стагоддзямі накіраваная на сьціраньне беларускай нацыі з твару зямлі.) З А. Казуліным (якога Масква пасьля выкарыстаньня кінула) – тыповы прыклад. (Гэтак жа, як і з астатнімі – Марынічам, Карпенкам, Чыгіром і г.д.)

А. Казулін раней ніколі не займаўся палітыкай. Ступіўшы на яе шлях, ён тут жа ўскочыў у маскоўскую гразь, думаючы, магчыма, што на маскоўскія грошы адкрывае Амэрыку. У выніку ўся гэтая калябарацыя-прафанацыя дапамагла Лукашэнку ў трэці раз захаваць уладу, а Казуліну каштавала страты асабістай свабоды, руйнаваньня здароўя і зьяўленьня небясьпекі жыцьцю пры мінусе палітычных вынікаў.

Ня думаю, што гэтакага роду людзі чыталі мае артыкулы пра іхнюю дзейнасьць, прагнозы і аналіз. Мяркую, што яны ня стануць чытаць і гэтыя радкі. Іхны прамаскоўскі інфантылізм невылечны, а прагнасьць “халявы” – невымерная. Іх не навучае нават сьмерць, як нічаму не навучылі Курапаты.

Усё ж праўда такая, што нацыянальную палітыку робяць толькі нацыянальна сьпелыя, сьведамыя людзі. Але (тут я хачу асабліва падкрэсьліць) ёсьць вышэйшая праўда: сьмерць ня можа быць карай і крытэрам сьветапоглядных пазыцыяў ці памылак чалавека. Трэба берагчы жыцьцё кожнага беларуса, бо кожны мае шанец перамяніцца, кожны мае шанец дайсьці да Беларусі, кожны мае дар жыць на сваёй зямлі. (Толькі той, хто яе страціў, усьведамляе, які вялікі і вольны ёсьць гэты дар.)

Маю надзею, што авантура і драма ў лукашысцкай турме завершыцца гуманна, бяз скону і страт. Больш таго, вельмі б хацеў памыліцца ў сваім аналізе аб небясьпецы жыцьцю. Але адначасна, асабліва памятаючы пра хроніку апошніх ахвяраў Лубянкі, мушу выразна заявіць: калі здарыцца сьмерць вязьня Казуліна, адказнасьць за яе будуць несьці два чалавекі – Пуцін і Лукашэнка. Устрымайцеся, панове! Ваш цынічны гандаль над целам Беларусі ёсьць прычынай усіх няшчасьцяў нашага народу. Спыніцеся перад чужой сьмерцю! Спыніцеся перад фальшывым рэфэрэндумам. Не рабеце таго, чаго ніколі не даруецца. Не выклікайце духаў помсты і злыдняў вайны. Вашыя пляны відаць. Але яны не ажыцьцёвяцца, бо ніколі Беларусь ня будзе ўжо пад Расеяй.

Зянон ПАЗЬНЯК

9 сьнежня 2006 г.

Дадаць у: