НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

РАЗВАГІ АБ БЯГУЧЫМ МОМАНЦЕ

РАЗВАГІ АБ БЯГУЧЫМ МОМАНЦЕ

Галоўнае пытаньне — пагроза з Усходу, якая павялічваецца і набывае ўсё больш цынічныя і агрэсіўныя формы.

Расейскія гэбоўцы адкрыта заявілі пра пляны захопу (анэксіі) нашай краіны. У нармальных абставінах і ў нармальньм грамадзтве да гэтакіх заяваў трэба адносіцца вельмі сур’ёзна, бо гэта ёсьць папярэджаньне пра вайну.

Перад беларусамі стаяць зараз дзьве задачы: палітычна прадухіліць анэксію і падрыхтавацца да барацьбы па абароне краіны (з прычыны пагрозы анэксіі). У выпадку агрэсіі гэтага вымагае грамадзянскі абавязак і Канстытуцыя.

У выпадку анэксіі, калі ня будзе збройнага супраціўленьня акупантам з боку беларусаў, Беларусь гэтай чарговай расейскай акупацыі ўжо можа не перажыць. (Нацыю вынішчаць пры дапамозе Захаду па новых тэхналёгіях.) Збройнае змаганьне ў такіх абставінах будзе абавязковай умовай захаваньня незалежнасьці і нацыянальнай будучыні.

Улічваючы становішча, мы мусім арганізаваць надзвычайныя высілкі па першай грамадзкай задачы — палітычным прадухіленьні анэксіі і недапушчэньні захопу нашай краіны.

Мы павінны зыходзіць ня толькі з ужо існуючай рэальнасьці (якая дэманструе нашыя абмежаваныя магчымасьці), але мець на ўвазе і нашу агромністую патэнцыяльную сілу, якая можа паўстаць (пры правільным разуменьні, правільных дзеяньнях і правільнай палітыцы).

Трэба ўлічваць маральна-палітычны заняпад у сьвеце, з прычыны ягонай аднапалярнасьці і дамінацыі левых сілаў. Неабходна мець на ўвазе будаўніцтва ў Эўропе новай лібэральнай імпэрыі на базе агульных матэрыяльных інтарэсаў (агульнага рынку) і пры поўнай адсутнасьці ідэяў. Трэба зважаць на нямецка-расейскія інтарэсы і агульную нямецка-расейскую палітыку (асабліва, што датычыць Беларусі, Калінінградзкай вобласьці і Польшчы). Мы мусім зыходзіць з верагоднасьці амэрыкана-іракскай вайны, якая можа справакаваць агрэсію Крамля супраць Беларусі. (Амэрыцы будзе не да нас, а цана на нафту ўзрасьце, што павялічыць прыбыткі і магчымасьці Расеі.)

* * *

Прыходзілася ўжо ня раз пісаць, што ня гледзячы на адданасьць Маскве, Крэмль адносіцца да сваіх паслугачоў з гэбоўска-намэнклятурнай грэблівасьцю. Падзеі траўня-чэрвеня (заявы У.Пуціна пра Беларусь) зноў ілюструюць, што Маскве патрэбныя беларуская тэрыторыя, зямля, прамысловасьць, рэсурсы, але не Лукашэнка. Калі б толькі яны Беларусь загрэблі, то Лукашэнка быў бы імі зьнішчаны (спачатку палітычна, а потым і фізічна; спосабаў у іх хапае).

Ня выключана, што узурпатар улады на Беларусі гэта у стане зразумець, але (улічваючы ягоную псіхалёгію) наўрад ці паверыць, што такое можа стацца. Сёньня мы бачым, як Масква спрабуе дрэсіраваць свайго васала на дармовую здачу краіны, і як ён няўклюдна не паддаецца, імкнучыся захаваць асабісты інтарэс.

Увага. Тут узьнікаюць складаныя дачыненьні, якія вымагаюць беспамылковых ацэнак. Зьвярніце ўвагу, што ў канфлікце Масквы з Лукашэнкам ягоная „апазыцыя" і ўся гэтая агентурная так званая „дэмакратычная" шваль (якая камэнтуе спрэчныя дачыненьні), прымае неўпрыкмет пазыцыю Крамля. Ім хочацца (усім гэтым „былым", якіх ён вытурыў), каб Масква дала ў косьці ўзурпатару і пакарала б іхняга крыўдзіцеля. I ня важна, якой цаной. Хоць справа йдзе пра цану Беларусі, а пазыцыя дыктатара (напрыклад, у жаданьні не аддаваць нацыянальную ўласнасьць задарма) часова супадае зь беларускім нацыянальным інтарэсам.

Вось вам яшчэ адна ілюстрацыя выкарыстаньня Масквой „кіруемага канфлікту" у адзінай сазлучанай сістэме: „рэжым — апазыцыя". Выкарыстоўваецца псіхалёгія пакрыўджаных халуёў з улікам адсутнасьці ў іх сьведамага нацыянальнага думаньня.

Зважайма. Мы — адраджэнцы — ня мусім нічаму перашкаджаць, што спрыяе ўмацаваньню суверэнітэту і дзяржаўнасьці Беларусі (нават калі якія-небудзь дзеяньні вымушана зыходзяць ад нашых праціўнікаў). Але пры гэтым мы павінны праводзіць сваю актыўную нацыянальную палітыку, каб не апынуцца ў залежнасьці ад палітыкі чужой.

Гэта адзін аспэкт нашай паставы ў ацэнцы ўзаемадачыненьняў рэжыму і ягонай „апазыцыі" з Масквой.

Ёсьць другі аспэкт, ня менш важны, які вымагае ад нас пэўнай дыпляматыі і ня мусіць быць на віду. Таму пра яго гаворыцца, але ня пішыцца. 3 улікам другога аспэкгу, мы мусім будзем добра прааналізаваць сытуацыю і праводзіць палітыку, якая спрыяла б абароне незалежнасьці краіны і дапамагала б выхаду з дыктатуры.

* * *

Цяпер вельмі выразна і адкрыта відаць „пакрокавая" тактыка Масквы ў падрыхтоўцы захопу нашай краіны і вынішчэньні ўсяго беларускага. 3 прыходам Пуціна да ўлады ў Расеі дзеяньні рэжыму на Беларусі набываюць асабліва грубы і цынічны, адкрыта акупацыйны характар.

У захопніцкай палітыцы Расея (як і немцы, і любая імпэрыя) заўсёды старалася стварыць на тэрыторыі краіны, якую зьбіраецца акупаваць, канфлікт пакрыўджаных, прэцэдэнт быццам бы парушэньня правоў нейкай групы (за якую Расея пачынае ўступацца). Пасьля гэтага ўламваліся „спасаць" то „праваславіе", то „рускаязычных", то „па просьбе трудзяшчыхся" ды „брацкіх парцій", то каб „зьнішчыць тэраррыстаў" (узарваўшы папярэдне дамы і людзей у Расеі), то проста „з гуманных меркаваньняў", каб „гразіць шведу" і г.д.

Цяпер Масква, выкарыстоўваючы рэжым Лукашэнкі, пачынае акурат новую авантуру на Беларусі: плянуе пасварыць наш народ на рэлігійнай глебе, скарыстаўшы поліканфэсійнасьць беларускай нацыі. Схема канфлікту расплянавана груба і лапідарна. Падрыхтаваны праект закона, дзе ўсе правы даюцца кагэбізаванай Рускай Праваслаўнай Царкве на Беларусі. Чужая царква (якая ў меншасьці) атрымлівае ўсе правы. Астатнія беларускія канфэсіі (якіх бальшыня) пазбаўляюцца элемэнтарных правоў. Плян просты, як кол. Генэральскае думаньне. Спадзяюцца падставіць папоў (у пагонах), і потым — „зашчышчаць абіжаных".

Я не спыняюся больш падрабязна на гэтай палітыцы Масквы. (Яна тут не складаная, варварская і добра вядомая.) Хачу толькі яшчэ падкрэсьліць, што палітычная партыя не павінна ўмешвацца ў канфэсійныя і рэлігійныя дачыненьні. Сьцеражы нас Бог цягнуць папоў ксяндзоў, ці якіх-небудзь рэлігійна скасабочаных людзей ў палітыку.Тут — табу. Тым больш, што адзінства нашага народа трымаецца на беларускай нацыянальнай культуры, і ні на чым іншьм. (У пляне рэлігіі мы — не ірляндцы, і нават не палякі.) У цяперашніх варунках самая вялікая дзейнасьць у Беларусі, якая стаіць надусім, —гэта палітыка.

10 жніўня 2002 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

Беларускія Ведамасьці, №45 | жнівень-верасень 2002 г.

Дадаць у: