НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Развагі пасьля ультыматуму

Развагі пасьля ультыматуму

Сытуацыя на 18 студзеня.

Ёсьць шэсьць законных ініцыятыўных групаў, якія зьбіраюць подпісы за прэтэндэнтаў.

На 18-га студзеня нідзе практычна яшчэ не заўважана зборшчыкаў Гайдукевіча. Актыўныя тры групы: Казуліна, Мілінкевіча, Пазьняка. Найбольш перашкодаў чыніцца маёй групе.

Усе групы акрамя групы Пазьняка і, верагодна, Скрабца фінансуюцца з Масквы і ўключаныя ў маскоўскі розыгрыш выбараў на Беларусі. Усе, акрамя групы Пазьняка, аплочваюць зборшчыкам збор подпісаў. Гэтае брыдкае гандлярства і прадажніцтва прышло ў беларускую палітыку з Масквы і Брусэля. Самае высокае фінансаваньне групы Казуліна (плацяць адзін даляр за подпіс плюс праплата накладаў “Народнай Волі” і іншых газэтаў з матэрыяламі пра Казуліна). Групы Мілінкевіча і Казуліна найбольш інфільтраваныя агентурай КГБ-ФСБ.

Схема

Ужо ад пачатку 2005 г. было зразумела, што Крэмль і Лубянка рыхтуюць сваё заплечча Лукашэнку на час “Х” – гэта А. Казулін. Перадвыбарчая кампанія вымоўна гэта пацьвердзіла.

Роля Мілінкевіча дэкаратыўная – ствараць антураж “апазыцыі” і дэмакратычных выбараў. Бо па выбарчай схеме рэжыму выйграе толькі фальсіфікацыйная супэрмашына. Аднак Мілінкевіч выглядае больш праўдападобна, чым Ганчарык. Ягоная прысутнасьць можа ўскладніць сітуацыю з Казуліным, якога пасьля выбараў рыхтуюць на лубянскага павадыра падстаўной апазыцыі. (Заўважце Статкевіча схавалі на “хімію”, каб не перашкаджаў, і героя зь яго ня лепяць. Хісткае жыцьцё гэтакіх людзей).

Выглядае, што гэбоўскія рэжысёры, малюючы Казуліна, засумняваліся (папярэджаньне ЦВК) у мэтазгоднасьці выпускаць Мілінкевіча ў выбарчы спэктакль. Яго “падвесілі” і канчатковае рашэньне прымуць пасьля 27 студзеня.

Народнае галасаваньне

Рэжым пачаў са мной сваю гульню ў ката-мышкі, думаючы, што як і ў 2001 годзе, я буду дзейнічаць па іхняй схеме выбараў. Прапанова рабіць Народнае галасаваньне, засьпела іх непадрыхтаванымі. Небясьпеку яны ўжо зразумелі. Ультыматум Ярмошынай маёй Ініцыятыўнай групе азначае, што пры любой сытуацыі, нашыя подпісы не прызнаюць (пра гэта й папярэдзілі).

Ужо 18-га студзеня (у дзень “ультыматуму”) зьявіўся вусны загад для міліцыі: па ўсёй Беларусі не дазваляць распаўсюджваньня інфармацыі пра “Народнае галасаваньне” і, адпаведна, збору подпісаў маёй Ініцыятыўнай групе.

Зараз я кансультуюся з кіраўніцтвам Партыі БНФ і Штабам зборшчыкаў наконт нашых дзеяньняў. Сябры Партыі і маёй Ініцыятыўнай групы, якія ахвярна працуюць у цяжкіх умовах павінны ведаць пра становішча.

Рэжым зразумеў сутнасьць Народнага галасаваньня і сваё праўнае бясьсільле перад гэтым дзеяньнем і таму пойдзе на ўсё, каб не дапусьціць майго легальнага (абароненага імунітэтам) вяртаньня ў Беларусь.

Фармальна яны нібыта прапанавалі ўльтыматум выбару. Маўляў, мы павінны адмовіцца ад інфармацыі пра Народнае галасаваньне, а яны (ЦВК) залічаць нам сабраныя подпісы. Аднак няма тут ніякага выбару. Я ведаю іх як аблупленых (маецца на ўвазе шклоўскі начальнік). Было б так: мы наіўна адмовіліся б ад інфармацыі пра Народнае галасаваньне (як некалі той Шарэцкі ад імпічманту), а яны ўсёроўна незалічылі б нашы подпісы (як і папярэдзілі). “Гуд бай”, прастачкі!”

Антыдзеяньне рэжыму

У рэчышчы гэтай сытуацыі рэжым будзе старацца скарыстаць прапанову байкоту як зброю разбурэньня Народнага галасаваньня і падтрымку супэрмашыны фальсіфікацыі. Я амаль не сумняваюся, што калі рэжымныя ўлады пойдуць на выдаленьне Мілінкевіча, то справу байкоту Масква нават праплаціць (інакш ня стануць заклікаць) і падстаўная апазыцыя на гэта пойдзе. Яны ўжо гавораць пра байкот у выпадку нерэгістрацыі.

Палітыка, як бачым, поўная парадоксаў. У адным выпадку (2004 г.) байкот магчымы і неабходны, у іншым (2006 г.) яго ўжываць нельга. Але цікава, што заўсёды падстаўная апазыцыя ў гэтых перэпетыях падыгрывае рэжыму. Так выяўляецца яе сутнасьць. Дарэчы, намі прасочана ад пачатку: ідэя байкоту гэтых выбараў выйшла з асяроддзя прамаскоўскай агентуры.

(Нагадаю пра цяперашнюю сітуацыю з байкотам. Тут верагодны толькі частковы байкот. Няўдзел у галасаваньні ніяк не дакумэнтуецца. Гэта раьвязвае рукі супэрмашыне фальсіфікацыі. Фактычна ад Народнага галасаваньня адарвуць частку выбаршчыкаў. Іхныя галасы праз супэрмашыну фальсіфікацыі рэжым забярэ сабе)

Такім чынам на цяперашні час справа інфармацыі пра Народнае галасаваньне і падрыхтоўка структураў НГК робіцца галоўнай і першачарговай беларускай задачай.

20 студзеня 2006 г.

Зянон Пазьняк

Дадаць у: