Тут мне хацелася б нагадаць што ёсьць і расставіць некаторыя акцэнты па актуальных пытаньнях палітычных дачыненьняў, каб з аднаго боку пацьвердзіць свае пазыцыі, з другога – высьветліць акалічнасьці гэтых дачыненьняў.
Найбольшы непакой выклікае тое, што Беларусь усё больш і больш штурхаюць не на свой шлях, не на сваю барацьбу, не пад свае сьцягі. У гэтым генэральная тактыка расейскіх імпэрыялістых на ўсіх ўзроўнях. У выніку былі беларусы, якія будавалі камунізм з расейскімі бальшавікамі, ці ваявалі за краіну Эсэсэсэр. Вынік гэтага векавога чужога змаганьня такі: забіта трэць беларускай нацыі, страчаныя культурныя каштоўнасьці, зглумлена мова, страчаны тэрыторыі. Што ж было дасягнута тымі беларусамі для сябе? Пытаньне рытарычнае. Тым часам народы, якія змагаліся якраз за сябе і пад сваімі сьцягамі, таксама панесьлі ахвяры але гэта былі ахвяры дзеля волі і лепшай будучыні свайго народа і сваёй краіны. І кожны, хто так змагаўся, яе дасягнуў.
СЫМВОЛІКА
У канцы мінулага году ў Маскве было ўсё гатова, каб зрабіць рашучы паварот у захопе Ўкраіны. Праведзена дыпляматычная праца з Эўразьвязам, Пуцін ужо адкрыта езьдзіў на Ўкраіну, як да сябе дахаты, адкрыта падтрымліваў расейскага стаўленьніка Януковіча. Але здарылася для Масквы непрадбачанае – рэвалюцыя. Расейскі імпэрыялізм абламаў зубы аб украінскі народ.
Цяперака гэбоўская агентура ў Беларусі і розныя “масьці” пад выглядам “апазыцыі” ды “аналітыкаў” задаюць усім ёрніцкае, быццам бы пустое, але правакацыйнае пытаньне: якога колеру будзе беларуская рэвалюцыя? Аранжавага ці якога?
Адзін антыбеларускі дзеяч сказаў, што ў Беларусі ня будзе рэвалюцыі: ні аранжавай, ні ружовай, ні зялёнай, ні бананавай, -- сцьвярджаючы, што яе ня будзе ўвогуле.
Рэвалюцыя, аднак, станецца. Яна непазьбежная. Але яна ня будзе ні аранжавай, ні ліловай, ні фіялетавай, ні сіне-зялёна-серабрыстай, ні чорнай, ні жоўтай. Бо ў краіне, дзе забароненыя нацыянальныя сымвалы, нацыянальная рэвалюцыя можа быць толькі пад нацыянальнымі сымваламі -- і ні пад якімі іншымі.
Нацыянальная рэвалюцыя на Беларусі можа стацца толькі Бел-Чырвона-Белай. Усё астатняе, усе іншыя расфарбоўкі ня будуць і ня могуць быць рэвалюцыяй на Беларусі, а якраз наадварот – гэбоўскай антыбеларускай “контрай”, закамуфляванай пад нейкі фарбшцюк.
Сытуацыя ў кучмаўскай Украіне істотна розьнілася ад цяперашняга становішча ў Беларусі. На Ўкраіне не было антыўкраінскага акупацыйнага рэжыму, там не была зьнішчана ўкраінская школа, мова і культура і не былі забароненыя нацыянальныя сымвалы. Наадварот, украінскі сьцяг і гэрб былі афіцыйнымі дзяржаўнымі сымваламі Ўкраіны.
Паколькі не было чужароднай акупацыі і не існавала праблемы і пагрозы ўкраінскім сымвалам, пытаньне аб уладзе магло вырашацца пад любым умоўным распазнавальным колерам. Украінскі сьцяг афіцыйна існаваў, і ягоныя колеры аб’ядноўвалі ўсіх.
Калі б украінскі сьцяг быў забаронены рэжымам (як у Беларусі), то рэвалюцыя на Ўкраіне была б толькі жоўта-блакітнай. У гэтым адлюстраваліся б сэнс, прынцып і прырода палітычнага змаганьня. Іншага ў нацыянальнай рэвалюцыі быць не магло.
Прывяду прыклад, як пасьля забароны рэжымам беларускага сьцяга і гэрбу “Пагоня” агентура спрабавала зрабіць іх падмену ў шэрагах беларускага Адраджэньня.
У 1997-98 гг., якраз калі чужыя сілы рыхтавалі атаку на Беларускі Народны Фронт, у ягоным асяроддзі, раптам, пачалі прапаноўваць ва ўжытак новыя сымвалы (нібыта дзеля распазнаньня “дэмакратыі”). Замест “Пагоні” падсунулі бусла (маўляў, няхай жыве “беларуская птушка бацян”). Графіка ўзьлятаючага “бусла” дакладна нагадвала малдаўскі лікёра-водачны і вінны фірмовы знак. Пры памылковай падтрымцы Л. Баршчэўскага, які тады быў маім намесьнікам і выконваючым абавязкі старшыні Фронту на Беларусі, “бусел” раптам стаў шырока тыражавацца замест “Пагоні”. Ён зьявіўся на дэманстрацыях, на плякатах, на расьцяжках, на значках і г. д. Фронтаўцы, аднак, хутка зразумелі сэнс гэтай афёры і спынілі агентурную “самадзейнасьць”.
Аднак, зноў жа, калі б “Пагоня” заставалася дзяржаўным гэрбам, то нічога шкоднага ў ініцыятыве з “буслам” не было б. Але ў тым і справа, што такая ініцыятыва ўзьнікла, як нібыта “бязьвінны” (на першы погляд) працяг вынішчэньня беларускіх нацыянальных сымвалаў, выцясьненьня іх з грамадзкай сьведамасьці.
Калі цяпер пры нейкай новай грамадзкай сытуацыі, ці нават пры звычайным “малпаваньні” (бяздумным перайманьні чужога) мы ўбачым якія-небудзь іншыя, ненацыянальныя колеры, ведайма: тут адыход ад Беларусі (сьведамы ці нясьведамы), ад разуменьня таго, што сталася з краінай, ад сьвятога, ад таго, за што змагаліся лепшыя людзі Айчыны. Па колерах пазнаем іх.
АБ АЛЬТЭРНАТЫВЕ
Беларускі Вызвольны Рух прапанаваў маю кандыдатуру на будучыя выбары прэзыдэнта Беларусі. Зважаючы на сытуацыю, якая існуе ў нашай краіне, я павінен узяць на сябе гэты абавязак. Інакш акупацыйны рэжым праз падстаўныя арганізацыі навяжа беларусам чарговага “адзінага ганчарыка”. Ужо распачалі яго пошукі.
Зразумела таксама, як дзейнічае на выбарах фальсіфікацыйная машына галасаваньня, улада, заканадаўства і адміністрацыйны рэсурс. Зламаць гэтую машыну можа толькі агульны народны энтузіязм, адкрытае змаганьне і салідарнасьць у правільных дзеяньнях. Правільнымі дзеяньнямі на антызаконным рэфэрэндуме 17 кастрычніка мінулага году павінен быў стаць байкот. Але паколькі (гэта галоўнае) не рашыліся на змаганьне, то ня ўзьнікла ні энтузіязму, ні правільных дзеяньняў. Грамадзтва не адважылася пайсьці за Вызвольным Рухам.
У выніку рэжым і ягоная “апазыцыя” загналі людзей на выбарчыя ўчасткі для галасаваньня, і сістэме засталося толькі аб’явіць пра чарговую “элегантную” перамогу і “выбар народа”.
Калі на выбары прэзыдэнта падставяць “ганчарыка” – ніякага энтузіязму і жаданьня змагацца ў людзей ня ўзьнікне (для гэтага і шукаюць ганчарыкаў). Тады фальсіфікацыя спрацуе, як сякера.
Сытуацыю можна перайначыць, калі будзе беларуская народная альтэрнатыва. Тады зьявіцца і магчымасьць народнага змаганьня.
Стварыць штучна нацыянальную альтэрнатыву немагчыма, бо яна не ствараецца прапагандай. Яна ўзьнікае сама, у выніку дзеяньняў, сувымерных з народным рухам, ці хаця б з народнымі паняцьцямі пра справядлівасьць.
Нічога новага ў гэтым родзе за апошнія 10 гадоў на Беларусі не зьявілася. Таму вяртаемся на зыходныя палажэньні і напачатку зоймемся арыфмэтыкай.
Лічба маіх рэальных прыхільнікаў на Беларусі ў прынцыпе не зьмянілася. Гэта каля аднаго мільёну асобаў (10-15 адсоткаў выбаршчыкаў). Не зьмянілася і лічба ненавісьнікаў (каля 25 адсоткаў), якія ні пры якіх абставінах ня будуць галасаваць за мяне і за беларускую справу. Астатнія людзі – гэта электарат магчымага выбару. Ён рухомы. Бальшыня з гэтай катэгорыі людзей (акрамя, магчыма, самых маладых) ведаюць маю асобу. Пытаньне толькі ў тым, ці вытрымае гэтая частка беларусаў шквал аднабокай прапаганды супраць мяне. Калі вытрымае, то можна разьлічваць на пераможнае змаганьне з сістэмай.
Псіхалягічна мне лёгка ўступаць у гэтую барацьбу, бо я заўсёды быў адкрыты і перад сваім народам, і перад ягонымі ворагамі. Адкрытасьць – гэта адзіны правільны прынцып змаганьня з чужароднай уладай, калі пазыцыя (рух) хоча абаперціся на народ. І гэта адзіны шлях, у існуючых варунках, да перамогі. Народ мае просты кірунак, шырокую дарогу і ня ходзіць пакручастымі сьцежкамі. Палітыка складаных задумаў ажыцьцяўляецца толькі тады, калі набываецца ўлада і сіла.
Зыходзячы з прынцыпу адкрытасьці, лічу ня лішнім выказаць свае ацэнкі пэўных зьяваў у цяперашнім беларускім жыцьці, галоўных і негалоўных, але часова актуальных, што трапілі ў поле зроку людзей, незалежна ад іхных патрэбаў, ці, дакладней, насуперак іхным інтарэсам. Засяроджуся, аднак, больш на справах істотных для народнага лёсу нашай Краіны.
АДНОСІНЫ ДА РЭЖЫМУ
Рэжым улады, які вось ужо адзінаццаць гадоў існуе на Беларусі, гэта ёсьць рэжым антыбеларускі, чужародны, русіфікатарскі і акупацыйны. Сфармаваўся ён паэтапна, па маскоўскай тэхналёгіі КГБ, да зразуменьня якой не падрыхтавана было беларускае грамадзтва з прычыны аслабленага імунітэту супраць палітыкі Расеі, палітычнай нявызначанасьці і, галоўнае, з-за невысокага ўзроўню нацыянальнай самаідэнтыфікацыі людзей, прыдушаных дзесяцігоддзямі чужой савецкай улады.
Фармальна рэжым трымаецца на вырабленым аўтарытарызме Лукашэнкі. Але ў сапраўднасьці (аб чым Лукашэнка ня раз прызнаваўся ў сваіх “адсябецінах”) – на падтрымцы Масквы і на ячэйках расейскай дзяржбясьпекі КГБ-ФСБ, канкрэтна на шматлікіх групах вырабленых функцыянэраў маскоўскай агентуры, якія з падачы Лукашэнкі занялі ключавыя месцы ў структурах і ўсёй сістэме новай акупацыйнаў улады на Беларусі. (Так, дарэчы, была скарыстаная ў Беларусі гэбоўская тэхналёгія “ўнутранай акупацыі”, якую раней актыўна ўжываў Савецкі Саюз у Афрыцы, на Блізкім Усходзе, у краінах Лацінскай Амэрыкі.)
Функцыянэраў і рэзыдэнтаў часта зьмяняюць (у гэтым спэцыфіка акупацыйнай улады; так трэба сістэме), але антыбеларуская палітыка ад гэтага ніколі не зьмяняецца, а становіцца штораз больш вынішчальнай, расьперазанай і жорсткай.
Мэта гэтай палітыкі, паводле Масквы: пашырэньне тэрыторыі і інтарэсаў Расеі за кошт Беларусі на захад, да польскай мяжы. Гэта дало б Расеі вялікія геапалітычныя і эканамічныя перавагі ў дачыненьнях з НАТО і краінамі Эўразьвязу, дазволіла б разьвіваць далей традыцыйную руска-нямецкую вялікадзяржаўную зьнешнюю і ўнутраную палітыку ўплываў і пашырэньня.
Паводле гэтага раскладу, Беларусь павінна быць ліквідаваная як дзяржава і як народ сьвядомы сабе. Стратэгія акупацыйнага рэжыму разьвіваецца па двух накірунках. Першы (галоўны) – падрыў асноваў нацыянальнай культуры і зьнішчэньне беларускай нацыі. Гэтая мэта ажыцьцяўляецца, практычна, адкрыта вось ужо адзінаццаць гадоў. На вачах усіх беларусаў і ўсяго сьвету былі адмененыя, зьняважаныя і забароненыя беларускія дзяржаўныя нацыянальныя сымвалы, практычна, ліквідаваная беларуская школа і беларускае навучаньне, беларускія сродкі масавай інфармацыі, выключана з афіцыйнага ўжытку беларуская мова, развальваюць нацыянальную навуку, душаць нацыянальнае мастацтва і беларускую літаратуру, ліквідуюць беларускія навучальныя ўстановы, абніжаюць узровень адукацыі, афіцыйна фальсіфікуюць нацыянальную гісторыю, перасьледуюць беларускіх дзеячоў, ствараюць штучныя ўмовы для выезду моладзі за мяжу, а працаздольнага насельніцтва – у Расею.
На пачатак лютага 2005 года амаль мільён беларусаў (каля трэці працоўнага насельніцтва) выехалі на працу ў Расею, дзе бальшыня зь іх, ня маючы ніякіх правоў, занятая ў рабскай працы, і сотнямі гінуць у нетрах крымінальнай краіны, альбо вяртаюцца пакалечанымі і абрабаванымі. Улік загінулых беларусаў нідзе не вядзецца (нават у Беларусі), бо адкрыта мяжа ў чорную прорву.
Умовы для выезду беларусаў на рабскую працу ў Расею (беспрацоўе і бяспраўе) створаныя штучна і зьяўляюцца часткай маскоўскага пляну выцісканьня беларусаў з уласнай зямлі ў Расею на замену сьпітага рускага охласа. Пра грандыёзныя эканамічныя страты для Беларусі тут, перад абліччам антычалавечага пляну нацыянальнай катастрофы, мы ўжо не гаворым.
Ніякі нацыянальны ўрад (нават людаедзкі) ніколі ў гісторыі не праводзіў і нідзе не праводзіць самазабойчай антынацыянальнай палітыкі. Гэтак жа, як ніякі псіхічна нармальны чалавек, ня стане паліць сваю хату. Палітыку духоўнага, культурнага і дэмаграфічнага вынішчэньня нацыі праводзяць толькі чужыя, толькі акупанты.
Другі накірунак антыбеларускай стратэгіі – ліквідацыя беларускай дзяржавы. Ужо зроблена шмат падрыхтоўчай працы. Вызначальным крокам у ліквідацыі беларускай дзяржаўнасьці плянуюць зрабіць увядзеньне на Беларусі расейскага рубля з папярэдняй зьменай Канстытуцыі (прыняцьце так званага “канстытуцыйнага акту” так званай “саюзнай дзяржавы”). Аднак злачынная гэтая справа рухаецца паволі. Бо акупацыйнай уладзе выгадна выкарыстоўваць беларускую дзяржаву як эфэктыўную і танную прыладу ў зьнішчэньні беларускай нацыянальнай культуры. (Імітуецца як бы яе самазьнішчэньне.)
З іншага боку, існуе беларускі супраціў. Акрамя таго, у Беларусі сутыкнуліся розныя групавыя гэбоўскія інтарэсы. Палітыка расейскага гэбізму на Беларусі, апрача вялікадзяржаўнага стратэгічнага інтарэсу, мае пад сабой групавы эканамічны інтэрас. Меркантыльны аспэкт гэбізму – мафійная эканоміка. Абсалютная канцэнтрацыя дзяржаўнага кіраваньня ў руках супэрпартыі і супэрулады КГБ прывяло да прыватызацыі дзяржавы вузкімі групамі гэбоўскай улады, якая валодае вырабленым мэханізмам кантролю над грамадзтвам і над грашовымі плынямі. Карупцыя, хабарніцтва, нажыва за кошт чужой працы і народнага дабра стала нормай дачыненьняў у гэбісцкім рэжыме.
Напрыклад, кожны прадпрымальнік (бізнэсмэн) на Беларусі плаціць даніну вярхоўнаму начальству. Той, хто ня хоча плаціць, таго разбураюць, судзяць, садзяць альбо зьнішчаюць.
Прыватызацыя дзяржавы выявілася ў падвойным бюджэце і велізарных сродках, накопленых на легендарных рахунках галоўнай службовай асобы. Пастаянна мы назіраем актыўнасьць вакол гэтай справы (пасадкі ў турму, уцёкі за мяжу, візіты ў экзатычныя краіны і г.д.).
Асобай апэрацыяй супраць Беларусі стала ўвядзеньне з пачатку гэтага года новых правілаў аплаты падатку на дабаўленую вартасьць (ПДВ). Цяпер з гандляроў будуць браць ПДВ у краіне прызначэньня тавараў (раней было наадварот). Заканадаўчая тэхналёгія пабіраньня ПДВ распрацавана так (альбо не распрацавана зусім), каб у выніку поўнасьцю зьнішчыць беларускі прадпрымальніцкі гандль і разбурыць беларускую эканоміку. І ўсё гэта ня ёсьць прычынай бюракратычных памылак, а вынікам спэцыяльна распрацаванай атакі супраць Беларусі, якая па сутнасьці зьяўляецца эканамічнай і палітычнай агрэсіяй Расеі на нашу краіну.
У адрозьненьне ад Украіны і Расеі, на Беларусі не існуе алігархічных фінансавых групаў і алігархічнага капіталу. Стварыўся толькі адзін супэралігарх. Моц такога рэжыму ёсьць адначасна і ягонай слабасьцю, якая звычайна рэалізуецца ў тым, што адзінага нелегітымнага “алігарха” ў адзін надзвычайны дзень арыштоўвае ягонае ж асяроддзе. Дастаткова толькі моцнага народнага штуршка. А штуршок станецца, бо гэбоўскі чужы рэжым ёсьць для народа беспэрспэктыўны. Існаваць на Беларусі ён не павінен.
АДНОСІНЫ ДА РАСЕІ
У цяперашняй беларускай палітыцы, а дакладней, у беларускім нацыянальным жыцьці, важнай умовай паправы становішча ёсьць зьмяненьне адносінаў да Расеі, прывядзеньне іх у адэкватны стан. Цяпер яны ня тое што неадэкватныя, -- яны збочаныя, зьвіхнутыя, і прорста абсурдныя. Вобраз гэтых ірацыянальных дачыненьняў ілюструе выезд беларусаў на рабскую працу ў Расею, дзе іх эксплуатуюць, ашукваюць, абкрадаюць, рабуюць, забіваюць, а яны ўсяроўна туды лезуць, упарта і бяздумна, ня робячы ніякіх для сябе высноваў.
Адсутнасьць адчуваньня народнай небясьпекі вынікае з глыбейшых прычынаў і абумоўлена агульным невысокім узроўнем нацыянальнай сьведамасьці, несфармаванасьцю нацыянальнага вопыту. Як пісаў Янка Купала: “і ў думах выхаваны зморных, ня знаюць, дзе пячэ, дзе студзіць.” Але вопыт прыходзіць з часам, і якраз – разам з нацыянальнай асьветай і выхаваньнем.
Беларусам вельмі важна ўсьвядоміць, што агрэсіўная расейская палітыка ў дачыненьні да нашай краіны не зьмянілася за апошнія 200 гадоў (а па вялікаму кошту – за 500). Яна ня зьменіцца ніколі, пакуль будзе існаваць Расея як імпэрская структура, як кангламэрат народаў. Бо імпэрская структура ёсьць падставай імпэрскай палітыкі і вялікадзяржаўнай псіхалёгіі. Расея ёсьць закладніцай самой сябе. Нацыянальныя ідэі (а значыць, дэмакратычныя, бо тут збліжанасьць) у Расеі з гэтай прычыны проста не ўзьнікаюць. Расея мусіць толькі разваліцца як імпэрыя. (Гэта трэба разумець.) І, як ня дзіўна, у развале Расеі як імпэрскай структуры ёсьць паратунак для самых расейцаў, выхад зь вечнай тыраніі і вечнага рабства на нацыянальны ўзровень разьвіцьця.
У беларускай палітыцы трэба будзе адзначыць найперш тры галоўныя аспэкты дачыненьняў з Расеяй. Першы аспэкт – пэрманэнтнасьць расейскай небясьпекі для Беларусі. Другі – забесьпячэньне беларускіх нацыянальных інтарэсаў і ўлічваньне жыцьцёвых інтарэсаў Расеі. Трэці аспэкт – прадбачваньне (трыманьне на ўвазе) магчымасьці распаду расейскай вялікадзяржаўнасьці.
Асэнсаваньне пазыцыі небясьпекі абавязвае нас дзяржаўна ўпарадкаваць беларуска-расейскую мяжу і мытную службу, абараніць інтарэсы дзяржавы і грамадзянаў Беларусі і адначасна гарантаваць свабоду чалавечых кантактаў (вольны бязьвізавы статус, напрыклад, для людзей, павязаных сваяцтвам, пэнсіянерам і г.д.).
Забесьпячэньне беларускіх нацыянальных інтарэсаў перад палітычнай агрэсіяй з усходу будзе абавязваць нас зьнізіць долю гандлёвага ўзаемаабмену з Расеяй і дыферэнцаваць гэтую долю па катэгорыях тавараў, каб запабегчы палітычнаму шантажу. У гэтым сэнсе існуе ўжо вельмі станоўчы вопыт Эстоніі (10 адсоткаў таварнага абмену з Расеяй) і адмоўная практыка Латвіі (якая якраз ад пачатку не зрабіла таго, што зрабіла Эстонія).
Маючы перад сабой увесь сьвет, Беларусь не павінна штучна, насуперак беларускім інтарэсам, прывязвацца толькі да расейскага рынку (як гэта зроблена цяпер – больш за 50 адсоткаў). Для рэалізацыі шырокіх магчымасьцяў Беларусі неабходна ажыцьцявіць палітычныя і дэмакратычныя перамены ў краіне і не дапусьціць карупцыі ў дзяржаўным апараце.
Мы вымушаны будзем вызначыць сабе балянс жыцьцёвых інтарэсаў у дачыненьнях Беларусі з Расеяй і прымаць гэта пад увагу. Мы павінны будзем таксама ўлічваць інтарэсы ня толькі Расеі, але і заходніх краінаў у іхных дачыненьнях з Расеяй, мець на ўвазе адпаведны ўзровень міжнародных эканамічных дачыненьняў. Мы будзем выходзіць з ізаляцыі і з савецкага гета.
Сытуацыя з расейскім транзытам і пастаўкай энэрганосьбітаў павінна быць вырашана на рынкавай аснове. Гэта непазьбежна. І гэта якраз паспрыяе хутчэйшым рэформам на Беларусі, хутчэйшаму стварэньню рабочых месцаў, вяртаньню беларускіх працаўнікоў з наёмнага рабства ў Расеі.
АДНОСІНЫ ДА ПАДСТАЎНОЙ “АПАЗЫЦЫІ”
Амаль 70 гадоў існаваньня ў СССР у Беларусі адсутнічала незалежная ад рэжыму ўсялякая культурніцкая, грамадзкая, палітычная (і тым больш апазыцыйная) дзейнасьць. Грамадзтва ня ведала ніякіх незалежных палітычных формаў, ня мела ніякага палітычнага вопыту. У постсавецкі час КГБ выкарыстаў гэтую акалічнасьць для арганізацыйнай прысутнасьці ў палітыцы.
Савецкія спэцслужбы, што засталіся на постсавецкай прасторы, шырока выкарысталі прыём падстаўных арганізацыяў. Яны дзяліліся на дзьве катэгорыі: палітычныя партыі і – правакацыйныя радыкальныя групы. У арганізацыях партыйнага кшталту выкарыстоўвалася, як правіла, агентура. У групоўках другога роду – як правіла, кадравыя функцыянэры спэцслужбаў.
У 90-х гадах найбольш вядомай радыкальна правакацыйнай групай такога роду была арганізацыя УНА-УНСО на Ўкраіне. Кіраўніцтва курыравалася спэцслужбамі, а шэрагоўцамі былі ў асноўным патрыятычныя ўкраінскія хлопцы, зь якімі праводзілі мэтанакіраваную працу.
Па такому ж прынцыпу была створана ў Беларусі арганізацыя “Край”. Некалькі гадоў таму (у выніку штучна разыгранага нібыта “канфлікту”) асобы з кіраўніцтва “Краю” апынуліся за мяжой і атрымалі статус палітычных уцекачоў. Гэта кадравы супрацоўнік КГБ Жарнасек і ягоны напарнік (таксама кадравы гэбіст) Угляніца. У гэты ж час палітычны прытулак у Бэльгіі атрымаў яшчэ адзін кіраўнік “Краю” Вадзім Кабанчук. У 1996-97 гг. – гэта вядомы фронтаўскі змагар. За вызваленьне яго з турмы (а таксама Шыдлоўскага і Лабковіча) мной і С. Навумчыкам (за мяжой), іншымі фронтаўцамі -- на Беларусі -- было пакладзена шмат стараньняў, часу і энэргіі. Па зьвестках, Кабанчука катавалі ў турме, каб ён згадзіўся на супрацоўніцтва з ворганамі.
У Бэльгіі цяпер назіраецца самая вялікая канцэнтрацыя агентуры ФСБ-КГБ, засланай праз беларускія арганізацыі. Яны ствараюць там так званую “новую беларускую эміграцыю”, пікетуюць, лезуць у Раду БНР, у радыё “Свабода”, прапануюць паслугі, выступаюць з “ініцыятывамі” і г.д.
Прытым робіцца гэта ўсё просталінейна і прымітыўна, што нават дзіву даешся. Выкарыстоўваюцца самыя банальныя схемы. Напрыклад, у другой палове 90-х (калі быў масавы ўздым БНФ) два суб’екты (прозьвішчы нам вядомыя як і ўсіх іншых) уступаюць у Народны Фронт і праз нейкі час публічна і прынародна ўскладаюць вянок з калючага дроту пад помнік Ф. Дзяржынскаму насупраць КГБ. “Артыстаў”, вядома ж, арыштоўваюць, даюць пару сутак, “свае людзі” ў СМІ падымаюць лямант (“змагары”, “правы чалавека” і г. д.). Неўзабаве суб’екты ўжо ў Бэльгіі, “палітычныя ўцекачы”, уцяклі, маўляў, ад перасьледу рэжыму і г. д. (Зазначу, што Бэльгія нязручная краіна для эміграцыі. Але “апазыцыйная” агентура туды лезе, як машкара. Вядома ж – Брусэль, Эўразьвяз, Эўрапарлямант, Эўракамісія і г. д. (нават НАТО). У 1996-1997 гг. усе ведалі ў БНФ правакатара Леаніда Васючэнку. Цяпер і Васючэнка падаўся ў Бэльгію, “палітычны ўцякач” (здаецца, атрымаў нават азыль, значыць скора пачне падтрымліваць Раду БНР). Ці, напрыклад, быў у “Народнай Волі” такі падазроны “журналіст” Алесь Сіліч, які часта ёрнічаў і скрыпеў пяром, маўляў, пріезжайте, Зенон Станіславовіч, будем работать вместе раді родной Белоруссіі. Гэта з той публікі, якая піша: “я бы родіну не оставіл” (нібыта ў іх існуюць праблемы жыцьця і сьмерці). Цяпер гэты хацелец “работать” без дай прычыны таксама ў Бэльгіі і таксама “палітуцякач”. (Цікава якую ўжо “рэвалюцыйную” легенду ён прыдумаў).
Па збліжанай схеме з “Краем” створаныя таксама “Белы легіён” і “Зубр” (арганізацыя для адводу беларускай моладзі ад нацыянальнага Адраджэньня). У савецкі (гарбачоўскі пэрыяд) і постсавецкі часы, практычна, усе партыі ў Беларусі (акрамя адной) былі створаныя пры садзеяньні і ўплыве агентуры спэцслужбаў КГБ.
“Акрамя адной” – гэта акрамя Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, якая была ўтворана Беларускім Народным Фронтам. Спэцыяльна для гэтай працы былі вылучаныя кіраўнікі БНФ Міхась Ткачоў (намесьнік старшыні БНФ), Алег Трусаў, Міхась Чарняўскі, Анатоль Гурыновіч (сябры Сойму БНФ). Трэба было зачыніць нішу для камуністаў. БСДГ была створана як партыя адраджэнцкага кшталту, і гэтак жа, як і Фронт, выступала пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам.
Удар, які абрынула потым на гэтую партыю агентура, аказаўся для яе замоцным. БСДГ разьбілі на кавалкі. Новыя кіраўнікі (пасьля сьмерці Ткачова) не пагнушаліся пакуражыцца і павялі рэшткі партыі пад новай назвай у дом-муляж Першага зьезду РСДРП, каб прадэманстраваць “перамогу” і гэтым учынкам паказаць, што партыя пачынаецца ад РСДРП, а не ад БСГ Луцкевічаў (што ёсьць няпраўда і поўны абсурд).
На пачатку 90-х гадоў шырокавядомым і папулярным сваімі беларускімі патрыятычнымі дэклярацыямі было Беларускае Згуртаваньне Вайскоўцаў (БЗВ) пад кіраўніцтвам М. Статкевіча. Рэальны вынік дзейнасьці гэтай арганізацыі такі: былі выяўленыя і “спаленыя” патрыятычна настроеныя беларускія афіцэры (выключаны з войска пры садзеяньні Міністра абароны генэрала П. Казлоўскага). Пасьля гэтага, каб не дапусьціць далейшых правакацыяў, Беларускі Народны Фронт прыняў рашэньне масава ўступаць у БЗВ. Усе арганізацыі БЗВ апынуліся пад кантролем БНФ. Пасьля гэтага Статкевіч пакінуў БЗВ і перакінуўся ў БСДГ. Далейшыя справы зь беларускай сацыял-дэмакратыяй вядомыя.
Пасьля таго, як былі створаныя “дэмакратычныя” партыі, асноўны прынцып КГБ у змаганьні з Народным Фронтам выявіўся ў лёзунгу “Объединения всех демократических сил”. Фронту назойліва прапаноўвалі аб’яднацца з “партыямі” (сумарная папулярнасьць іх была -- 2%) дзеля “перамогі дэмакратыі”. Прымітыўнымі дзеяньнямі па “аб’яднаньню” імкнуліся паралізаваць дзейнасьць БНФ (кожная партыйка мела б свой голас ў прыняцьці рашэньняў) і стварыць нагляд над ягонай палітыкай. Посьпеху гэтакая гульня ня мела, хоць лямант быў арганізаваны вялікі і пастаянны.
Былі ўтвораныя партыі і газэты (ёсьць і цяпер), прыналежнасьць якіх да КГБ, фактычна, не хаваецца. Цынікам з асяроддзя палітычных ускраін нічога не каштуе залічваць іх у “беларускую дэмакратыю”, запрашаць за мяжу на “форумы дэмакратыі” і іншыя “капусьнікі”.
Як сказаў нядаўна кіраўнік адной з такіх партыяў С. Гайдукевіч, “у чэкісцкім асяроддзі (паверце мне, там мой бацька адпрацаваў дзясяткі гадоў) цэняцца людзі не гаваркія, а тыя, хто дзейнічае”. (Радыё “Свабода”, 23 студзеня 2005 г.)
Назіраючы кандовую мэтодыку КГБ, у нас існавала думка, што ні КГБ, ні Масква ніколі не перамогуць Беларускі Народны Фронт. Становішча пагоршылася, калі нам з С. Навумчыкам прышлось эміграваць, а кіраўніком Місіі АБСЭ ў Менску быў прызначаны ў канцы 1997 г. Ганс-Георг Вік (былы кіраўнік зьнешняй разьведкі Нямеччыны). Вік прыступіў да справы прафэсійна і ўзяўся за “объединение всех демократических сил” у супрацоўніцтве з КГБ, скарыстоўваючы фінансавыя магчымасьці заходніх арганізацыяў (гранты і т.п.).
У 2-й палове 1997 года быў ажыцьцёўлены міжнародны гэбоўскі праект “Хартыя-97”. “Хартыя” выконвала ролю разьмеркавальніка і інфарматара (давала прасеяную інфармацыю ў Інтэрнэт). Праз “Хартыю” (у якой фармальна дзейнічала ўсяго некалькі асобаў) у Беларусь ішлі грошы з Захаду на “дэмакратыю без суверэнітэту”.
У пачатку 1998 г. Ганс Вік і КГБ прыступілі да стварэньня так званай “аб’яднанай апазыцыі” і так званага “перамоўнага працэсу” з рэжымам Лукашэнкі. Рыхтавалі ненацыянальную прамаскоўскую альтэрнатыву Беларускаму Народнаму Фронту. Такі падыход задавальняў і лібэральныя колы Захаду (якія трымалі б у Беларусі сваю “апазыцыю”), і маскоўскі гэбізм.
Як толькі была аформлена “аб’яднаная апазыцыя”, у яе пусьцілі заходнія сродкі, і тут жа зьявіўся маскоўскі так званы “Праект Чыгір”. Пад выглядам альтэрнатыўных выбараў прэзыдэнта плянавалася ліквідаваць Беларускі Народны Фронт, уцягнуць яго ў афёру, і, выдаткаваўшы грошы, перабраць людзей і структуры Фронта пад новую арганізацыю. Найбольш непрыгожую, адкрыта шулерскую ролю адыгрываў у гэтай авантуры Віктар Ганчар.
Афёру ўдалося праваліць і захаваць асноўныя сілы Беларускага Народнага Фронту. Але Фронт раскалолі. Вялікая група фронтаўцаў (так званыя “прагматыкі”) падтрымала палітыку Ганса Віка і далучылася да “аб’яднанай апазыцыі”. Зялёная мамона завалодала душамі гэтых людзей. З гэтага часу расейскамоўны так званы “незалежны” друк на Беларусі і заходнія лібэралы сталі “заўважаць” толькі “вікаўскую апазыцыю”, а Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух – ва ўпор ня бачыць.
Наступныя падзеі паказалі вельмі выразна, што так званая “аб’яднаная апазыцыя” і розныя яе мадыфікацыі (тыпу “пяцёрка-плюс”) гэта ёсьць складовая частка лукашэнкаўскага рэжыму, кіруемая спэцслужбамі Масквы і нямецкімі лібэраламі. Адносіцца да яе трэба гэтак жа, як і да Лукашэнкі зь яго групай – зьмятаць з палітычнай сцэны.
За ўвесь час існаваньня гэтай групоўкі і яе імітацыйнай квазі-апазыцыйнай дзейнасьці ў яе не было ніколі, нідзе і ніякіх, нават мінімальных, станоўчых палітычных вынікаў. Сем гадоў пустапарожняга, паразітнага, антынацыянальнага існаваньня. Адны правалы, якія яны тупа і пакрыўджана называюць “перамогамі”. Імітатары збэсьцілі ўсе формы барацьбы, сцьверджаныя Народным Фронтам.
Ня буду разглядаць усё, вазьму толькі некалькі прыкладаў антыбеларускіх справаў так званай “апазыцыі”, якія паспрыялі рэжыму. 2001 год, прэзыдэнцкія выбары. Падстаўная “апазыцыя” (у тым ліку “прагматыкі” з БНФ) падтрымліваюць падстаўную кандыдатуру былога капээсэсаўскага функцыянэра У. Ганчарыка. (Таго самага Ганчарыка, члена бюро ЦК КПБ, зь якім Фронт змагаўся на выбарах у 1990 годзе.) Ганчарык ня мог быць нацыянальнай альтэрнатывай Лукашэнку, і народ гэта бачыў. Яго вылучылі ў той час, калі я ўдзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі як прадстаўнік Беларускага нацыянальнага дэмакратычнага Адраджэньня. Але вікаўская “апазыцыя” вылучыла “свайго кандыдата”, які і паспрыяў так званай “элегантнай перамозе” рэжыму.
17 кастрычніка мінулага году адбыўся незаконны рэфэрэндум (злучаны з выбарамі) аб “вечным тэрміне” прэзыдэнцтва Лукашэнкі. “Апазыцыя” сьведама выступіла ў ролі загоншчыка людзей на незаконнае галасаваньне. Рэфэрэндум быў незаконны, супярэчыў Канстытуцыі. Народ не павінен быў падтрымліваць незаконныя дзеяньні ўлады, ня мусіў ісьці на выбарчыя ўчасткі і спрыяць фальсіфікацыі галасаваньня. Пра гэта заранёў было патлумачана. І тым ня менш, яны несумленна зазывалі людзей лёзунгам “Скажы сваё НЕ Лукашэнку”, добра ведаючы пра двулікасьць і марнасьць такога ашуканцкага лёзунгу. (Самы ж цьвердзілі, што галасаваньне будзе сфальсіфікавана, але заклікалі і ішлі.)
Гэта вельмі нізкія паводзіны. Пляваць ім на Беларусь і на народ, калі загадалі з Бэрліну і гукнулі з Масквы. Не народ жа ім плаціць зялёныя гранты. Гэта ўвогуле не палітыкі, а прыстасаванцы сістэмы, якія навучыліся паразітаваць на рэжыме і на гульнях у “апазыцыю”. Гэта палітбізнэсмэны на народнай бядзе. Калі пераможа народная Беларусь (а яна пераможа!), некаторыя з гэтых “апазыцыянэраў” пойдуць пад суд, разам са злачынцамі рэжыму.
Антыадраджэнцкая дзейнасьць падстаўной апазы