НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

РАЗВАГІ ПРА МЯККІ ЗНАК

РАЗВАГІ ПРА МЯККІ ЗНАК

У 90-х гадах, збавіўшыся фармальна ад саветчыны, беларусы дыскутавалі аб правапісе. Людзей абураў гвалт над правапісам беларускай мовы, які ўчыніла Масква ў 30-х і пазьней. Самае істотнае, чаго ўвесь час ўпарта трымаліся (і трымаюцца) акупанты-русіфікатары і непрыяцелі беларушчыны, – гэта не дапусьціць напісаньня  мяккага знака згодна фанэтычных асаблівасьцяў беларускай мовы (пасьля зычных с, з, ц, дз перад мяккімі зычнымі, паміж падвойных зычных і г. д. паводле клясычнага беларускага правапісу). Беларусы ўжо нават неяк прывыклі да такога дзікунства, калі прадстаўнікі чужой улады на сьмерць ваююць супраць літары ў граматыцы чужой для іх мовы. Тут тыповае і непрыкрытае палітычнае русіфікатарства і фанэтычнае разбурэньне Беларускай мовы – пытаньне нумар адзін у расейскай імпэрскай палітыцы.

            Пасьля вайны пад ціскам практычных абставінаў імпэрцы нават пагаджаліся на вуснае правіла, якое (абмежавана) дазваляла мяккае вымаўленьне, але адлюстраваньне таго на пісьме не дазволена па сёньняшні дзень. Тут улада русіфікатараў стаіць непахісна.

            Яны адчуваюць, відаць, што ў гэтым выпадку выяўляецца найпрыгажэйшая якасьць беларускай мовы, і ім гэта не падабаецца.

            Беларуская мова дасканалая ў сваёй структуры (асабліва ў лексічным складзе) і вельмі прыгожая па гучаньні. Тут гарманічнае злучэньне мяккасьці і звонкасьці з характэрнай мэлёдыкай мовы, якая супакойвае і тонам, і рытмам.

            Палітычныя абставіны склаліся так, што канчаткова вырашыць пытаньне з правапісам мовы аказалася немагчыма з прычыны антыбеларускай пазыцыі ўлады і ўплыву на яе Масквы. Культурнае грамадзтва ўбачыла альтэрнатыву «наркомаўцы» (правапісу, папсаванаму русіфікатарамі) у граматыцы Браніслава Тарашкевіча. За гэтую граматыку ўхапіліся з энтузіязмам. Клясычны правапіс («Тарашкевіца») выкарыстоўваецца нефармальна шмат дзе па сёньняшні дзень і ўвесь час (як натуральная зьява) пашыраецца ў друкаваным ужытку. У малаужываным афіцыйным выкарыстаньні мовы працягваюць друкаваць палепшаным наркомаўскім «папсуем»

            Мая пазыцыя тут (засьведчаная ня раз), што калі ва ўмовах антынацыянальнай улады не дазваляюць на дзяржаўным узроўні карыстацца адзіным ўнармаваным беларускім клясычным правапісам, то няхай людзі пакуль што (да лепшага часу) карыстаюцца нефармальна рознымі правапісамі, абы па-беларуску. Пазыцыя кульгавая, але такія ёсьць умовы, якія інакш ня выкарыстаеш. Час пакажа, якое напісаньне лепшае і неабходнае. Пасьля палітычных пераменаў і вяртаньня да нацыянальнай дзяржаўнай палітыкі, усё вернецца ў норму.

            Так яно і рухаецца. Нехта ўжывае «клясыку», нехта піша на «наркомаўцы», часопіс «Дзеяслоў» выпрацаваў сваю норму напісаньня, і нават асобныя пісьменьнікі ўключыліся ў пошукі ўнівэрсальнага падыходу. (Я адношу сябе да такіх пішучых людзей, якія не ўжываюць наркомаўскага сурагату, але і ад «клясыкі» не ўсё мэханічна бяруць,  стараюцца зыходзіць з прыроды беларускай мовы.)

            Мяркую, што гэты працэс, які доўжыцца ўжо чвэрць стагоддзя, дае натуральным чынам адказы на пытаньні. Без сумніву мусяць быць адкінутыя рэшткі наркомаўскага калецтва ў правапісе. Але зразумела таксама, што правапіс па Тарашкевічу таксама патрабаваў беларускага падыходу і ўдакладненьняў. Некаторыя неарганічныя формы слоў ня варта ажыўляць, не прыжывуцца, колькі б ні казалі энтузіясты «філёлёгія» ды «архэолёгія», «філёляг» ды «архэоляг». Тут спаланізаваны, скручаны заўзятарамі варыянт віленскай гаворкі, тыповы анахранізм. Варыянт «філалогія», «археалогія» – лепшы. Так усе беларусы (акрамя самых цьвёрдых і некрытычных прыхільнікаў граматыкі Тарашкевіча) і гавораць. Не забывайма, таксама, што ў правілах бываюць выключэньні.

            У 2005 годзе ў выніку шматгадовай працы філолагаў-энтузіястаў быў распрацаваны мадэрнізаваны варыянт клясычнага правапісу. Ён не прызнаны рэжымнай уладай, але справа зроблена. Удакладнены і сістэматызаваны клясычны правапіс існуе. Нацыязьберагаючае і моватворнае значэньне ён набудзе толькі тады, калі пойдзе ў школы, ва ўнівэрсітэт, на радыё і тэлебачаньне, у газэты і выдавецтвы. А пакуль што застаецца яму месца часткова Ў Сеціве, часткова ў замежным друку, часткова на радыё і ў тэлебачаньні з-за мяжы.

            Па вялікаму кошту (зноў вяртаюся да пачатку разваг), калі ўвесьці неабходнае ўжываньне мяккага знаку (па граматыцы Тарашкевіча) нават у цяперашні, прыняты ўжо пры рэжыме правапіс, то ён (гэты правапіс) таксама выконваў бы неабходную і адэкватную функцыю ў мове і быў бы шырэй запатрабаваны ў грамадзтве. Беларуская мова загучэла б так, як вымагае яе прырода. Тут, аднак, ужо справа будучыні.

 

29 верасьня 2017 г.                                                            Зянон ПАЗЬНЯК  

Дадаць у: