Тут мушу нагадаць пра вядомы факт, што стужка "Купала", якая ў Сеціве, -- гэта не фінальны варыянт, а чарнавая (пірацкая) вэрсія, украдзеная на стадыі мантажа і выкладзеная ў Інтэрнэт. Менавіта таму я не пісаў рэцэнзіі, а толькі агульны водгук на тое, што ёсьць. І тым ня менш тое, што ёсьць, выглядае вельмі прыстойна і (паколькі фільм круціцца ў Інтэрнэце) варта было б пра яго яшчэ агулам напісаць. Тым больш, што казаць ёсьць пра што.
1. Пра давер
У працяг абмеркаваньня ўражаньняў ад кіно "Купала" ізноў падкрэсьлю важную выснову: у фільме паказанае сьветлае ўзьнёслае пакаленьне беларускай інтэлегенцыі нацыянальнага Адраджэньня 1-й чвэрці 20-га стагоддзя, людзей сьветлых і разумных, гатовых ахвяравацца дзеля шчасьця і свабоды Айчыны. Тут жа адлюстраванае зьнішчэньне гэтага пакаленьня расейскімі акупацыйнымі ўладамі, царскімі і бальшавіцкімі. Паказана (хоць і штрыхамі) беларуская палітычная даверлівасьць і недаацэнка адраджэнцамі сатанінскай сутнасьці акупантаў, неўсьведамленьне біялагічнай нянавісьці савецкіх маскоўцаў, настроеных на сьціраньне беларусаў з твару зямлі. Беларускія інтэлігенты не прадбачылі, не былі падрыхтаваныя да генацыду.
Паўліна Мядзёлка расказала мне такі эпізод. У сярэдзіне 20-х гадоў, калі, паверыўшы бальшавікам, вярнуліся ў Менск шматлікія адраджэнцы і частка ўраду БНР, тады было неяк застольле, здаецца ў Аляксандра Чарвякова. У перапынку выйшлі пакурыць, і тады, Аляксандар Цьвікевіч ( Старшыня Рады міністраў БНР, галоўны ініцыятар ліквідацыі Урада БНР і прызнаньня Менска адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі), радасна кажа: "Ну, сябры, цяпер ужо нам не перашкодзяць і Беларусь ніхто ня зьнішчыць".
Потым Масква расстраляла ўсіх (акрамя Мядзёлкі, якая абышлася высылкай), назьдзекваўшыся і намучыўшы іх уволю. Забівалі татальна ўсю беларускую кіроўную эліту, усю беларускую інтэлігенцыю, усіх навукоўцаў, усіх творчых людзей, лепшых сялян, тысячы памерлі ў ГУЛАГу.
Тых, што ў сярэдзіне 20-х паверылі бальшавікам і вярнуліся ў Беларусь, Антон Адамовіч называў "трагічнымі героямі". Сымон Рак-Міхайлоўскі, якога маскоўцы саслалі гінуць на далёкую Поўнач, тое позна зразумеў і з горкай іроніяй казаў (зафіксавана): "Так нам і трэба, на гэта мы заслужылі". Інжэнер Сяргей Бусел (беларускі эсэр, удзельнік Слуцкага Збройнага Чыну) таксама зразумеў позна, але трапіўшы ў ГУЛАГ, выказаўся цьвёрда і па-салдацку проста (зафіксавана): "Ня будзем плакаць і ня будзем каяцца за няўмела пастаўлены крок".
Гэтая фраза -- "няўмела пастаўлены крок" -- стала эпіграфам, цьвіком у труну для бальшыні беларускіх палітыкаў, ад прыхільнікаў Сталіна, сацыялізму, Расеі, Лукашэнкі і да цяперашняй жаночай паліткамэдыі, якая можа скончыцца для Беларусі фатальным палітычным канцом.
Часам здаецца, што тут, у краіне, у яе гісторыі нічога не мяняецца пад сонцам і месяцам. Але, глянуўшы здалечыні на лёс Беларусі і на лёсы яе абаронцаў, разумеем, што страшная, крывавая, трагічная ахвяра цэлага пакаленьня беларускіх адраджэнцаў паловы 20-га стагоддзя лягла ў вечнасьць Беларусі, прасачылася праз жоўты пясок Курапатаў і зноў узьняла наш дух на змаганьне за Айчыну і волю. Пра гэта думаем, гледзячы фільм.
2. Легенда.
Назіраючы выдатныя вобразы Янкі Купалы (актор Мікалай Шастак), Уладзіславы Францаўны (актрыса Алена Гіронак-Пабягаева) і Паўліны Мядзёлкі (актрыса Вераніка Пляшкевіч), прыходзяць думкі, якія даўно існуюць, але пра якія не прынята пісаць.
Гэта шчасьце Купалы, што ён ажаніўся на Уладзіславе Станкевіч. "Цёця Уладзя" была душой яго дома, яго анёлам-ахоўнікам, шчодрай, сяброўскай і дабразычлівай да ўсіх Купалавых сяброў-беларусаў.
Легенды некаторых дасьледчыкаў з жоўтай цікавацьцю намякаюць аб нібыта не ўзаемным каханьні Купалы і Паўліны Мядзёлкі. Мае дасьледваньні і бяседы зь Мядзёлкай (я рабіў запісы яе расповядаў) падказалі мне, што там мала праўды, а больш легенды, у якой (выказваючыся часам двухсэнсоўна і намёкамі) зацікаўлена была сама Мядзёлка. Няма сур’ёзных фактаў і доказаў пра нібы та "няшчаснае" каханьне Купалы. Шмат чаго прыцягнута за вушы.
Рэальным фактам, які паўтарала Мядзёлка, быў толькі выпадак у Пецярбургу ў 1913 годзе ў час другой пастаноўкі "Паўлінкі" ў беларскім студэнцкім Навукова-Літаратурным гуртку па ініцыятыве Уладзіслава Эпімах-Шыпілы (брата прафэсара Браніслава). Рэжысёр быў незадаволены цалаваньнем на сцэне Паўлінкі зь Якімам. Ён жартам падказаў маладому Купалу, каб той навучыў Мядзёлку цалавацца, і Купала, ня доўга думаючы (быццам бы недзе там за кулісамі), прыгожую Паўліну прыціснуў, але тут жа атрымаў жорсткі адлуп. На гэтым усё і скончылася. Але мела працяг у легендзе.
Як актрыса Паўліна Мядзёлка была вельмі здольнай, выступала потым у Вільні і ў Менску (Першае Таварыства Беларускай Драмы і Камэдыі). Яна трымалася левых палітычных поглядаў, курыла цыгарэты і не заўсёды дружыла з прынцыпамі. Віленскія беларусы яе недалюблівалі ("круцілася з бальшавікамі"), а ўласна "бальшавікі" яе тады не прызнавалі за беларускі нацыяналізм ("круцілася з нацдэмамі").
У выніку самотная Мядзёлка памерла ў адзіноце ў родным Будславе (1974 г.). Не было каму яе й пахаваць. Аднак пахаваньне арганізаваў старшыня Будслаўскага калгаса. Я тады вельмі намаўляў сяброў у Інстытуце Мастацтвазнаўства Акадэміі Навук (дзе я працаваў), каб ехаць на яе пахаваньне (згадзіўся адзін чалавек). Лепш сталася ў музэі Янкі Купалы. Адгукнулася Ядзьвіга Юльянаўна Раманоўская (дырэктар музея), "выбіла" ў Мінкультуры мікрааўтобус, і мы паехалі. Зь Вільні не прыехаў ніхто. Я, дарэчы, зьняў (6х6) увесь абрад пахаваньня і, здаецца, нават казаў там прамову. У апошні шлях Мядзёлку праводзіў увесь Будслаў.
3. Грунт.
Што да Мядзёлкі, то мне не абходзілі (і не абходзяць) ніякія там "левыя", "правыя", "лявейшыя" ды "правейшыя", калі чалавек ёсьць перакананым беларусам, ахвяруецца для Беларусі, шануе мову, народ, культуру і нацыю. З такімі людзьмі заўсёды ёсьць агульны грунт, і можна ў межах гэтага агульнага грунту дамовіцца.
Гэты "агульны грунт" ёсьць культурная нацыя, нацыянальная ідэя, нацыянальная мова, нацыянальныя каштоўнасьці і нацыянальныя інтарэсы. Калі б тое было за душой у чалавека, то тады можна было б гаварыць хоць з камуністамі і сказаць: "Панове, вы бачыце, што робіцца, які камунізм, якая дмакратыя, якая, да халеры, стабільнасьць! Ён жа нішчыць нацыю і дзяржаву патопіць, і добра, калі не ў крыві. Давайце ратаваць краіну, народ, мову і Айчыну!".
Але з кім гаварыць? З тымі, што мову ненавідзяць і на Пуціна глядзяць, і воля наша ім ня гонар, з тымі нельга. Няма грунту. А ў прыбалтаў быў грунт. Дык і справы іншыя.
Рускі камунізм -- гэта была толькі форма рускага імпэрыялізму, форма палітыкі русіфікацыі. Ніхто (акрамя ідэйных ідыётаў) таго камунізму сур’ёзна не ўспрымаў.
Нацыя і ўсьведамленьне нацыі аб’ядноўвае людзей. Нацыянальная мова аб’ядноўвае людзей, нацыянальная гісторыя і культура салідарызуе грамадзтва. Абавязкі перад нацыяй спараджаюць агульную пазыцыю яе пашаны і яе абароны.
Камунізм у савецкіх зьнік з галавы, але русіфікацыя засталася.
4. "Жабий язык"
За саветамі кожны разумеў беларускую мову, бо жыла вёска, і бальшыня насельніцтва гарадоў (асабліва Менск) прыехала зь вёскі. Акрамя таго, у кожным доме і ў кожнай кватэры было абавязковае дзяржаўнае правадное радыё, якое вяшчала па-беларуску (пасіўнае засваеньне мовы). Практычна, усе школы ў сельскай мясцовасці і часткова ў гарадах (да Машэрава) былі беларускімі.
І тым ня менш (асабліва пры Машэраве) увесь час правакавалася і штучна ўздымалася нянавісьць да беларускай мовы. Мы разумелі, што гэта была распрацаваная тэхналёгія, пушчаная ў беларускі соцыюм і быт, але ня ўсе тое ведалі.
На сітуацыю з "жабьім языком" (як у кіно), на хамства і зьнявагу можна было нарвацца ў любым месцы, дзе аказвалася "кантора" ды прапагандовыя агрэсісты (ці проста дурні). Мардабіцьця крыўдзцеляў за зьнявагу мовы за саветамі ня памятаю. Абыходзіліся слоўным запасам. Праўда, " слоўны запас" саветаў не пераконваў.
У сярэдзіне 1960-х група саветаў забілі ў Менску паэта Ігара Хадановача за тое, што той размаўляў па вулічным тэлефоне па-беларуску. (Мы з Лявонам Баразной і Ўладзімерам Караткевічам былі на судзе). Камуністы са скуры вылазілі, каб зацерці гэты факт.
Моладзь Адраджэньня была крыху іншай. Алесь Бурбіс з групай маладзёнаў у час першай рускай рэвалюцыі захапілі нават мястэчка Майшаголу пад Вільняй, выставілі за дзьверы царскіх чыноўнікаў і аб’вілі беларускую "Майшагольскую рэспубліку". Так што калі ў кіно Сяргей Палуян, заехаў у лыч царскаму афіцэру за "жабій язык", то гэта цалкам у стылі часу.
Выпадкаў было шмат і вельмі характэрных. Няма сэнсу пра іх распавядаць. (Увогуле, маё адчуваньне, што руская нянавісьць да беларускай мовы падспудна заснавана на неўсьвядомленым адчуваньні сваёй ніжэйшасьці перад беларусамі, якая прыкрываецца агрэсіяй.)
5. Паралелі
Падзеі жыцьця ўсплываюць з памяці, праглядаючы эпізоды гэтага фільму. Дакладна паказаны пэрыяд узмацненьня бальшавіцкай дыктатуры, рэпрэсіі, вобразы энкавэдзістаў, атмасфэра і карціна 30-х гадоў. Тут адлюстраваныя тыповыя сітуацыі і ўзьнікае асацыяцыя з тым, што зноў робіцца ў Беларусі. Бачым паралелі, бо ўсё вырастае зь аднаго кораня, з агрэсіі і нянавісьці маскоўскай арды. Пакуль арда існуе, агрэсія ня спыніцца. Яе можна спыніць толькі тады, калі, перафразуючы цытаты змаганьня, будзе добра пастаўлены крок.
13 жнівень 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК