(На жнівеньскім 2019 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)
Сёньня я хачу абазначыць некалькі важных пытаньняў, па якіх нам трэба ўдакладніць і паўтарыць пазыцыі. Свае меркаваньні я выкладу тэзісна, каб потым іх можна было далей распрацоўваць, калі ў гэтым узьнікне патрэба і неабходнасьць.
Надыходзяць чарговыя псэўдавыбары ў псэўдапарлямант рэжыму. Улада занепакоілася, бо разумее, што, як і раней, на псэўдавыбары ніхто ў Беларусі ня пойдзе (бальшыня людзей ня пойдзе). Як і раней, у прапаганду выбараў уключаныя правакатары і лукашысцкая псэўдаапазыцыя. Праўда, цяпер іхны голас і галас накшталт камарынага піску нікога не цікавіць. Але для рэжыму тое аргумэнт перад міжнароднай супольнасьцю. Маўляў, глядзіце, у нас дэмакратычныя выбары. Аргумэнт слабы, бо цана яму вядомая.
Тым часам рэжым выступіў. Агучана меркаваньне, што, маўляў, добра было б зьмяніць выбарчы закон і перайсьці да выбараў па партыйных сьпісах. Гэта, маўляў, падвысіць ролю партыяў у палітыцы, удзел іх у “парляманце” і т.п. дэмагогія ўлады, якая панішчыла партыі, спыніла партыйнае разьіцьцё і загнала яго ў выміраньне. Адразу ж загаварыла агентура падтрымкі.
Тым часам гэта тандэтны трук, каб паказаць, што нібыта адбываюцца дэмакратычныя зьмены ў заканадаўстве, і выбары стануць дэмакратычнымі. Фокус разьлічаны на ідыётаў. Застаецца ўся адміністрацыйна-фальсіфікацыйная машына галасаваньня, антыдэмакратычны інстытут папярэдняга галасаваньня з загонам, настаўніцка-халуйскі корпус абслугі і нават эфэсбоўка Ярмошына на пасадзе. Ня кажам ужо пра тое, што нібыта выбірацца будзе не парлямант, ні Вярхоўны Савет, а “палатка” – псэўдаструктура без парляманцкіх заканадаўчых паўнамоцтваў, якая можа быць ліквідавана па капрызу ўзурпатара прэзыдэнцкай улады.
Выбараў тут не было, няма і ня будзе. Удзельнічаць у выбарчай прафанацыі нельга, бо гэта саўдзел у злачынстве фальсіфікацыі і падтрымка атнынароднага рэжыму.
Канцэпцыя байкоту фальшывых выбараў рэжыму, фармаваньне альтэрнатыўнага апазыцыйнага да рэжыму грамадзтва выстаўлена нашай Партыяй больш пятнаццаці гадоў таму. Першы значны вынік быў у 2008 годзе, калі народ не апйшоў галасаваць на выбары ў “палатку”.
На сёньняшні дзень грамадзтва набыло вопыт, бальшыня людзей перакананая, што сапраўды, нельга ўдзельнічаць у рэжымным выбарчым злачынстве. Таксама мы назіраем стыхійнае фармаваньне апазыцыйнага да рэжыму настрою. Ужо відавочна, што бальшыня людзей супраць узурпатара ўлады, расьце катэгорыя тых, што ненавідзяць яго як галоўнага вінавайцу ў разбурэньні нацыі. Такім чынам нашыя ідэі працуюць, бо вынікаюць з рэчаіснасьці. Тым часам трэба ўлічыць, што ў Беларусі ўсё робіцца павольна. Але вынік павінен быць, бо ўсё рухаецца да выніку.
Апошнім часам журналісты і катэгорыя людзей, якіх у Беларусі называюць “русацяпы”, узбудзіліся, назіраючы за пратэстамі супраць несправядлівасьці выбарчай кампаніі ў Маскве. Прывычка глядзець на Маскву прымушае іх спадзявацца, што вось зараз там пачнецца ледзь што ні рэвалюцыя, і пуцінскі рэжым пахісьнецца. Ён, аднак, не пахісьнецца, бо самыя пратэстоўцы яго падтрымліваюць. Яны выступаюць яшчэ за так званыя “справядлівыя выбары”. Іх лупяць, а яны хочуць “справядлівых выбараў” там, дзе гэта немагчыма.
Пачынаючы з 1988 года Масква заўсёды была і застаецца палітычнай правінцыяй у ідэйным пратэстным руху. У Беларусі за “справядлівыя выбары” змагаліся з рэжымнымі напарстачнікамі гадоў пятнаццаць таму. Потым зразумелі, што на рэжымныя выбары нельга хадзіць, бо тое патрэбна толькі крымінальнаму рэжыму, бо фальсіфікацыйная машына – гэта прынцып існаваньня антынароднай ўлады. Пачаліся працэсы паралельнага накапленьня альтэрнатывы.
Масква знаходзіцца яшчэ на стадыі патрабаваньня справядлівасьці ад кіруючых крымінальнікаў. Тут таксама прысутнічае ўдзел пуцінскай агентуры. Але разьбірацца ў іхных маскоўскіх парахунках мы ня будзем. Гэта наш учарашні дзень.
Зьвернем, аднак, увагу на зьяву, характэрную для расейскай улады, якую пераняў таксама прадажны рэжым у Беларусі. Гэтая характэрнасьць – стаўка на сілу. У маскоўцаў сіла і пагром сілай – гэта ўнівэрсальны сродак вырашэньня грамадзкіх і палітычных праблем. Так было пры царах (“крывавая нядзеля” і т.п.), пры Леніне, бальшавіках, пры Сталіне, Хрушчове, Брэжневе, Гарбачове (Алма-Ата, Тбілісі, Баку і г.д.), пры Ельцыне (Чачэнія), пры Пуціне і будзе ўвесь час, пакуль застанецца існаваць гэтая пачварная Расея.
У 1988 годзе, калі пачалося новае Беларускае адраджэньне і быў створаны Беларускі Народны Фронт, і мы ўступілі ў змаганьне з савецкай Расеяй (СССР), мы тады зразумелі, што пераможам, калі не дадзім магчымасьці маскалям выкарыстаць сілу. Першае выпрабаваньне адбылося 30 кастрычніка 1988 года на першыя масавыя Дзяды. Саветы падрыхтавалі крывавую правакацыю, каб потым зьмясіць усё нашае Адраджэньне. Але мы зразумелі іхныя намеры і не паддаліся, зблыталі ім планы і тактыку (хоць і шмат пацярпелі). Маральна-палітычная перамога засталася за намі, і ў выніку творчая эліта адвярнулася ад КПСС і падтрымала Народны Фронт. Рэзананс быў на ўвесь СССР. Нам удалося пазьбегнуць сілавога канфлікту і перавесьці яго ў сфэру дыскусій, адміністрацыйных і інтэлектуальных разборак, гэта значыць у тую вобласьць, дзе камуністы былі слабыя і ня мелі аргумэнтаў. Аргумэнты і інтэлект быў у нас. У той час розныя апартуністы пачалі былі казаць пра мэтады Гандзі, каб адцягнуць Фронт ад рэальнай барацьбы і ўпіхнуць у сьляпы завулак. Гандзі тут ні пры чым. Тактыка палягала ў выбары зброі. І мы навязалі ім сваю. Гэта быў прыклад для ўсяго СССР і паўплывала на нацыянальна-вызвольную барацьбу з Масквой.
Асабліва тое было відавочна ў Вярхоўным Савеце. Мы, невялікая фракцыя Фронту ў трыццаць дэпутатаў, навязалі камуністычным балванам (больш 300 дэпутатаў) сваю парадыгму дзейнасьці, падрыхтавалі дзясяткі дэмакратычных заканапраектаў і вымусілі іх абмяркоўваць і дыскутаваць з намі па пытаньнях, у якіх яны слаба разьбіраліся. Іхняя сістэма трашчэла па швах. У выніку каляніяльная намэнклятура прайграла ўсё, акрамя ўлады. Мы выйгралі і Незалежнасьць краіны, і спынілі партыйнае існаваньне КПСС у Беларусі. Тым часам, захаваўшы ўладу, намэнклятура кінулася па дапамогу ў Маскву. І гэта, у каторы раз у нашай гісторыі, стала фатальным для нашай будучыні.
Тое, што мы вызвалімся ад гэтай цяперашняй калгаснай прамаскоўскай душагубкі, у якую загналі наш народ, справа часу. Але пакуль існуе Расея, няма гарантыі, што нам ня створаць іншую душагубку.
І вось тут я хачу паўтарыць. Звышідэяй нашай будучай нацыянальнай геапалітычнай стратэгіі павінна стаць справа разбурэньня імпэрскай Расеі. Гэтая рэліктавая тыранія ёсьць пагроза ўсяму чалавецтву і перш за ўсё пагроза існаваньню беларускай і ўкраінскай нацыяў. Сама па сабе Маскоўшчына – гэта пустата, якая паразітуе на рэсурсах, захопленых чужых тэрыторый. Таму яна заўсёды будзе душыць і зьнішчаць народы і трымацца за звышдзяржаўнасьць усёй сваёй ўладай і ўсім сваім аббалваненым натоўпам. Неабходная новая халодная вайна, якая ўжо пачалася з боку Расеі, але да якой лібэральна паралізаваны Заходні сьвет ужо не гатовы.
Выбарчыя забурэньні ў Маскве скончацца пагромам паборнікаў пуцінскай справядлівасьці, і рэжым пойдзе сваёй дарогай (калі спатрэбіцца, па касьцях).
Наступная тэма, якая зноў загучэла апошнім часам – гэта войска. Шуміха ўзьнялася ў сувязі з новымі правіламі прызыву, згодна якіх адтэрміноўку па вучобе можна атрымаць толькі адзін раз. Гэта ўскладніць навучаньне моладзі. Падняўся чарговы журналісцкі вэрхал, дзе на беларускае войска ўжо па звычцы пакацілі ўсе бочкі. Тут і самагубствы, і дзедаўшчына, і адсутнасьць баявой падрыхтоўкі, і дрэннае харчаваньне, абмундзіраваньне, выкарыстаньне асабовага складу не па прызначэньні, непатрыятызм, расейскае камандваньне і г.д. словам, жах: ня войска, а зброд. І рэфрэнам на фоне ўсяго гучыць ідэя пераходу на кантрактную сістэму, на прафэсійнае войска і г.д.
Я адмыслова (наколькі мне тут магчыма) цікавіўся цяперашнім станам беларускага войска і мушу сказаць, што становішча не выглядае такім фатальным, як тое гучыць на паверхні розных меркаваньняў і шуму, які носіць мэтанакіраваны характар.
90 адсоткаў каманднага складу атрымалі вайсковую падрыхтоўку ў Беларусі, 10 адсоткаў – у Расеі. Узровень вайсковай падрыхтоўкі розны ў розных частках і структурах. Шмат залежыць ад камандзіраў структур. Роля афіцэраў высокая. Дзедаўшчына існуе, але ня ўсюды і не ў такіх маштабах, як некалі ў саветаў. Статыстыка паказвае, што колькасьць самагубстваў у войску меншая, чым у шмат якіх грамадзянскіх структурах, трэстах, навучальных установах, міліцыі і г.д. праблема з патрыятызмам ёсьць. Але гэта агульная беларуская праблема існаваньня пад антынародным русіфікатарскім рэжымам і яго акупацыйнай палітыкай.
Мушу адзначыць, што для нас, беларусаў, войска ў цяперашніх абставінах, ёсьць ці не найважнейшым чыньнікам суверэнітэту, у разы больш важным, чым для якой-небудзь Бэльгіі ці Даніі, ці Аўстрыі, бо галоўнай небясьпекай для нашага суверэнітэту ёсьць Расея, якая побач. Расея (што прызнаюць самы расейцы) ні з кім ня лічыцца, ні зь якой краінай, ні зь якім народам, пакуль не натрапіць на вайсковы збройны супраціў. Тады яна пачынае ўлічваць. Такая ёсьць яе рэліктавая мэнтальнасьць. Цяпер яна змушана ўлічваць Чачэнію і даваць мільярды на яе ўтрыманьне, заўважыла Грузію і Украіну.
Калі б Расея адважылася на ваенную авантуру супраць Беларусі і не спаткала б збройнага супраціву, то ніякай будучыні ў Беларусі ўжо не было б. Трэба мець баяздольнае войска і ваяваць за Радзіму. Інакш Радзімы ня будзе.
Шум вакол беларускага войска мне нагадвае стан з украінскай арміяй за часы Януковіча. Агентура і журналісты часта выдаюць за дзедаўшчыну чыста статутныя патрабаваньні да жаўнера і пакараньні за парушэньне статуту. Дысцыпліна ў войску мусіць быць.
Агрэсія супраць Украіны рыхтавалася, як ужо вядома, шэсьць гадоў. Агентура ўсяляк ганьбіла, прыніжала і «паласкала» ўкраінскую армію. Нарэшце пры Януковічу колькасьць яе была скарочана ў некалькі разоў. Да 2017 года меркавалі пакінуць толькі 70 тысяч. Войску вызначылі толькі адну функцыю – прадухіляць памежныя канфлікты. Нарэшце быў ліквідаваны прызыў і ўведзена кантрактная сістэма, якая канчаткова ўтапіла ўкраінскую армію ў хаосе і карупцыі.
На пачатак расейскай агрэсіі ў 2014 годзе з усіх сухапутных войскаў вялікай Украіны засталося толькі 41 тысяча жаўнераў, зь іх боегатовымі было 6 тысячаў (каля 14%). Сярод экіпажаў браніраваных машын боегатовымі засталіся 20%, танкаў і авіяцыі – 10%. Гэта карціна развалу і краху ўкраінскай арміі на пачатак вайны. Украіну ўратавалі дабраахвотнікі і “Правы сэктар”. Адным словам, сам украінскі народ.
Гэтую ўкраінскую гісторыю беларусам вельмі моцна трэба засвоіць і асьцяржна ўспрымаць лямант па ахаіваньні беларускага войска і пераводу ўсіх на кантракт (што будзе азначаць канец беларускіх узброеных сілаў).
Беларускае войска (і найперш, дзякуючы ўсеагульнаму вайсковаму прызыву) – гэта ня ёсьць войска ўзурпатара Лукашэнкі, але нашая агульная нацыянальная каштоўнасьць. Прызыў цяпер аднавілі Україна, Грузія, Летува і іншыя балтыйскія краіны. Прызыў дае сілу для нацыянальнага супраціву супраць агрэсараў, рообіць грамадзтва баёва-моцным. Іншая справа, што ўсё тут павінна быць арганізавана разумна, але ня так, як у рэжыме ўзурпатара, які не зацікаўлены ў разбудове беларускага войска і тым больш у інтэлектуальным разьвіцьці беларускай нацыі. (Ягоны клопат – найперш “ОМОН” і “Спецназ”).
Адтэрміноўкі па вучобе ў магістратуры і асьпірантуры павінны быць. Тут вырашальная праблема (для разумных людзей). Але галоўнае – жаўнеры ў войску павінны ўвесь час шчыльна займацца баявой вучобай і баявой падрыхтоўкай, а не пабочнымі неармейскімі працамі. Прыклады пабудовы моцнага добрага войска ёсьць. Тут і Швайцарыя і Ізраіль і гістарычныя ўзоры. У вольнай Беларусі ўсё тое будзе.
Самая балючая і трывожная тэма для нас – гэта зьнішчэньне антынародным рэжымам беларускай школы і адукацыі. Ліквідацыя адбываецца няўхільна на прафэсійна прадуманай аснове, каб рэкрутаваць унутраныя сілы нацыянальнага суіцыду і выклікаць яго. Усё тое ворагам чалавецтва ўдаецца амаль бесперашкодна пад татальным кантролем агентуры, праўладнага настаўніцтва, міліцыі і КГБ.
У мінулым навучальным годзе (2018/2019) колькасьць вучняў, якія навучаюцца па-беларуску, упала ніжэй за 10 адсоткаў (дакладна 9,7). Фармальна гэта ўжо нацыянальная катастрофа. Дынаміка вынішчэньня такая, што за 10 гадоў нацыя павінна стаць нямой. Ня будзе ніводнага дзіцяці, якое б вучылася па-беларуску.
У справе зьнішчэньня нацыі гэта плян нумар 1, які выконваецца вельмі рацыянальна. Ужо ў 1994 годзе па загаду іхняга “сукінага сына” былі адмененыя беларускія падручнікі для школ і спаленыя. Чаму спаленыя, бо гэта былі вельмі добрыя падручнікі. Цемра не магла дапусьціць, каб яны захаваліся ва ўжытку. Дынаміка разбурэньня была прынята такая. Адразу зачынілі 70 адстокаў беларускіх школ. А потым ужо паніжалі паступова і павольна, пакуль не дайшлі да 9,7 адсткаў, зь якіх відаць хуткі фінал.
Для ілюстрацыі. У 1994 годзе ў Менску па-беларуску навучаліся 59 адсоткаў вучняў, у 1995-м пасьля першаснай рэпрэсіі – 19 адсоткаў. У Гомельскай вобласьці па-беларуску навучалася 83 адсоткі, у 1995-м – ужо 26 адсоткаў, у Магілеўскай вобласьці ў 1994 –м – 65 адсоткаў, у 1995-м – 25 адсоткаў і г.д.
Перапыніць гэтую катастрофу можа толькі само беларускае грамадзтва (якое на сёньняшні дзень яшчэ ня здольнае ні да абароны, ні да супраціву), альбо палітычная ліквідацыя антынацыянальнага рэжыму. Умовы для гэтага таксама яшчэ не сасьпелі. Так што прыйдзецца зноў у вельмі цяжкіх абставінах каваць нашу будучыню, разумеючы, што калі будзем каваць, то яна настане.
Ёсьць яшчэ адна важная тэма, якая хутка актуалізуецца. Гэта фармаваньне лібэральнага сацыялізму ў заходнім сьвеце. Тут даволі аб’ёмная зьява, якая ўключае ў сябе шырокі спэктар лявацтва ад уладных структураў Эўразьвязу і ЗША да маргінальных лявацкіх груп збачэнцаў і дэвіянтаў. Пагроза лібэральнага сацыялізму для сьвету яшчэ не асэнсаваная як належыць, але яна разрастаецца як ядавіты грыб, атручваючы вакол сябе ўсё культуране, натуральнае і здаровае. Па маіх ацэнках лібэральны сацыялізм (калі яго не спыніць) будзе больш жорсткім і разбуральным для чалавецтва, чым класавы сацыялізм у Расеі (бальшавізм) і нацыянальны сацыялізм у Нямеччыне (нацызм).
Атакі на сьвет (што само па сабе лагічны абсурд) ідуць па маргінальных накірунках (прапаганда гомасэксуалізму, лесбоўства, прапаганда супраць сьмяротнага пакараньня для забойцаў людзей, прапаганда псэўданавукі, глабалізму, палавой нянавісьці, разбурэньня сямі і г.д.). але адбываецца ўсё гэта скаардынавана, сістэмна, выклікае адмоўныя вынікі ў грамадзтве. Чалавецтва паступова траціць пэрспэктыву і свабоду. Марксісцкі прывід зноў блукае па сьвеце і, здаецца, сама апраметная йдзе за ім.
Сацыялізм – гэта сурагат бязбожнай ідэалёгіі масаў (масавай сьведамасьці), якая небясьпечная сваім ірацыяналізмам і нянавісьцю да існуючага чалавецтва, якое яна хоча перамяніць па сваім разуменьні.
Гэтыя працэсы ў маргінальным выяўленьні (натурфобія, непавага да мужчын, адмаўленьне сям’і, культывацыя жаночай нянавісьці, розныя віды гомасэксуалізму і т.п. ) цяпер штучна прапагандуюцца і прышчапляюцца ў Беларусі на інфармацыйным узроўні. (Дыверсіі адбываюцца найбольш праз канфармісцкія дэмакратычныя СМІ пры падтрымцы заходніх лявацкіх і дэвіанцкіх групаў). Мяркую, што такія зьявы вымагаюць нашай грамадзкай ацэнкі і пазыцыі. Чым раней будзе распазнанае зло, тым лягчэй стане яго ліквідаваць. Тым больш калі бачна у якую яму ўвальваецца так званы «заходні сьвет».
Некалькі словаў пра найважнейшую экзыстэнцыяльную тэму Беларусі – Астравецкую АЭС.
Два дні таму (8 жніўня) у Дзьвінскай губе каля Белага мора ў Расеі (горад Северадзьвінск) выбухнула пры запуску расейская стратэгічная ракета «Буравесьнік», якой Пуцін палохаў увесь сьвет. Што гэта за ракета? Гэта агрэгат на ядзерным паліве, які амэрыканцы пачалі распрацоўваць яшчэ ў 1960-70-х гадах і адмовіліся з прычыны тупіковай беспэрспэктыўнасьці такой ракеты. Распрацоўкі падхапілі расейцы і вось цяпер стварылі «Буравесьнік». Вынікі выбуху, як звычайна ў маскоўцаў, – засакрэцілі. Але вядома, што радыяцыйны фон у губе павысіўся ў некалькі разоў і пяць чалавек (вучоных і інжэнераў «Росатама») загінулі. Дасьведчаныя людзі лічаць, што выбухнуў «атамны рэактар» ракеты.
Арганізацыя «Атомстройэкспорт», якая будуе ў Беларусі Астравецкую АЭС зьяўляецца часткай карпарацыі «Росатама», спэцы якога зьляпалі «Буравесьнік» і Астравецкую АЭС. Яны ўжо не жывуць (нават целы не знайшлі) і задаваць пытаньні няма каму. Гэта яшчэ не вялікая бяда. Катастрофа настане тады, калі у выніку выбуху Астравецкай АЭС Беларусь загіне, а «спэцы» «Росатама» застануцца. Да гэтага ўсё коціцца. Астравецкая АЭС павінна выбухнуць, бо так заплянавана (і нават наканавана). У кастрычніку ворагі чалавецтва рыхтуюцца ўжо завезьці ў Беларусь ядзернае паліва ў Астравец.
Такое ўражаньне, што беларус стаіць пад шыбеніцай і з цікавасьцю назірае, як пад ветрыкам калышацца пятля, якую яму зьбіраюцца надзець на шыю «рускія брацья». І яму так добра – сонейка сьвеціць, пчолкі гудуць.
І тым ня менш трэба змагаца. Наступны Сойм неабходна пасьвяціць гэтай праблеме. Праблеме выхаду са становішча.
Ёсьць некалькі практычных пытаньняў, зьвязаных з мэмарыяльнай тэмай Ігуменскага шляху і Днём Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь 25 Жніўня. Папярэдняя прапанова – падрыхтаваць канфэрэнцыю. Астатнія шляхі пакуль што зачыненыя. Рыхтуймася. Цяпер дзеля Бацькаўшчыны ўсё важна і ўсё патрэбна.
11 жніўня 2019 г. Зянон ПАЗЬНЯК