НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

РАЗЬВІЦЬЦЁ СТАНОВІШЧА І ВАРЫЯНТЫ

РАЗЬВІЦЬЦЁ СТАНОВІШЧА І ВАРЫЯНТЫ

Тут не дактрына, не прапановы, але толькі развагі, агляд падзей.

Паспрабуем рэальна пабачыць становішча і магчымасьці разьвіцьця.

1. Эканамічныя санкцыі Захаду накіраваныя на ліквідацыю ўлады Лукашэнкі шляхам прымусу яго да новых выбараў, якія (гэта разумеюць усе) прывядуць да палітычнай паразы Лукашэнкі.

2. Эканамічныя санкцыі як зброя ліквідацыі дыктатуры Лукашжнкі ёсьць нерэальны памылковы праект, які не пагрунтаваны на існуючых абставінах.

Існуючыя абставіны такія:

а. Лукашэнка -- аўтарытарны дыктатар, для якога вышэйшай каштоўнасьцю ёсьць улада, да якой ён адносіца з псіхапатычнай і безальтэрнатыўнай адданасьцю.

Парадыгма яго існаваньня ва ўладзе такая: улада альбо сьмерць. Нічога для яго няма вышэй за яго ўладу. Дзеля ўлады ён гатовы на любыя дзеяньні.

б). Асобнае значэньне мае псіхічная асаблівасьць Лукашэнкі: ён ненавідзіць беларускі народ.

в.) Улада Лукашэнкі залежыць ад Масквы. Палітыка, якую выконваў Лукашэнка, прывяла да залежнасьці Беларусі ад Расеі, асабліва ў плане энэргетыкі (нафта і газ) і рынкаў збыту.

г). Палітыка, якую Расея праводзіць праз Лукашэнку, -- гэта стварэньне ўмоў для анэксіі Беларусі.

Яна выяўляецца праз ініцыятывы інтэграцыі, аеннае супрацоўніцтва, захоп сфэраў уплыву і павелічэньне кантролю над краінай, эканомікай, палітыкай і асабіста Лукашэнкам.

У такіх умовах заходнія эканамічныя санкцыі не прыводзяць да ліквідацыі ўлады залежнага ад Расеі Лукашэнкі, якая пдтрымлівае яго, але дзейнічаюць як чыньнік разбурэньня Беларускай дзяржавы, эканомікі, культуры, выклікаюць зьбядненьне насельніцтва.

Разгром Беларусі ідзе з унутранага (рэпрэсіі рэжыму) і зьнешняга (эканамічныя санкцыі захаду) бакоў.

Аслабленьне Беларускай дзяржавы і палітыка заходніх эканамічных санкцыяў зручная для анэксіянісцкай палітыкі Расеі. Яна гатова фінансава падтрымліваць Лукашэнку, каб, выкарыстаўшы становмшча, ставіць яму свае ўмовы на шляху да падпарадкаваньня Беларусі (ваенныя базы, забраньне прадпрыемстваў, кантроль над фінансавай і падаткавай сістэмамі і г. д.).

Чорны фінал расейскай палітыкі можа стаць такі: страта суверэнітэту і насельніцтва Беларусі пры захаваньні ўлады залежнага ад Масквы Лукашэнкі.

Наступны этап -- страта незалежнасьці і дзяржавы, захоп тэрыторыі ў склад пуцінскай Расеі. Тут схаваныя (але ўсім відавочныя і ня раз агучаныя) планы пуцінскіх імпэрыялістаў.

Такім чынам (паўтару яшчэ раз) дзеяньне эканамічных санкцыяў (спыненьне вытворчасьці, страта рынкаў, крах прадпрыемстваў, пагаршэньне ўмоў жыцьця, беспрацоўе, дэфіцыт бюджэту, інфляцыя і г. д.) могуць абваліць суверэнітэт і незалежнасьць Беларусі, але не ліквідуюць улады Лукашэнкі, бо ён патрэбны Маскве (якая будзе яго фінансава трымаць), каб пры ягонай дапамозе забраць Беларусь у Расею.

Корань зла ня толькі ў хворым Лукашэнку, але таксама ў пуцінскай Расеі.

Цяпер апішам наступную вэрсію падзей і чаканьняў беларусаў. Напрыклад. Пачынаецца насіленьне эканамічных санкцыяў пакет за пакетам. Банкрутуюць, спыняюцца прадпрыемствы, людзі бяз працы, няма чым выплочваць пэнсіі пэнсіянерам, зарплату лекарам, настаўнікам і г. д.

Адначасна павялічваюцца рэпрэсіі, гэбісты ўрываюцца ў дамы беларусаў, пачынаюць страляць на вуліцах і г. д.

У выніку -- узьнікае стыхійны пратэст і масавы выхад абураных людзей, якія ліквідуюць і пахаваюць рэжым. Так думаюць некаторыя прыхільнікі санкцыяў.

Доля верагоднасьці тут ёсьць. Але яшчэ большая доля верагоднасьці, што масавага пратэсту ня ўзьнікне, і павялічацца ўцёкі людзей ад бяды. Тым часам (ужо бяз доляў верагоднасьці) зразумела, што на гэты раз стыхійны пратэст людзей вар’ят спаткае кулямётамі.

Але і тут ня проста. З дыктатурай і з кулямётамі беларусы ўправіліся б, калі б, ізноў жа, ня пуцінская Расея, якая ўлезе.

Ёсьць іншы падыход, разьлічаны на вытрымку, накапленьне сілаў і натуральныя працэсы -- гэта адмена эканамічных санкцыяў, спыненьне рэпрэсіяў і транспартнай блакады, вяртаньне да статус-кво, якое было перад рэпрэсіямі і перад санкцыямі.

Але на тое яшчэ не гатовая Заходняя Эўропа, бо не ўяўляе, які крах яна стварае на Ўсходзе.

Лукашэнка цяпер нэрвова дэманструе ваяўнічы настрой, пагрозы Захаду, вернасьць Расеі і адначасна заяўляе, што гатовы да перамоваў, калі Захад адменіць "идиотские санкцыи", і, як знак, выпусьціў нават 13 палітзьняволеных.

Захад на недыпляматычныя (але невыпадковыя) словы Лукашэнкі не зьвярнуў ўвагі. Аднак тое, што сатрап няўклюдна шукае выйсьця, гэта таксама відаць.

Адмена эканамічных санкцыяў патрэбна як людзям Беларусі, так і антынароднаму рэжыму. Тут якраз ёсьць зачэпка для перамоваў. На жаль, эканамічныя санкцыі супраць Беларусі зручныя для некаторых прарасейскіх колаў на Захадзе.

Рэальныя магчымасьці існуюць для перамоваў па адмене транспартнай авіяблакады, у чым зацікаўленыя абодва бакі, асабліва жыхары Беларусі і тысячы беларусаў за мяжой. Беларусам трэба будзе шукаць шляхі, каб хутчэй падштурхнуць вырашэньне гэтай праблемы.

Адмена санкцыяў, транспартнай блакады, рэпрэсіяў і перасьледу людзей, спыненьне крымінальных справаў супраць пратэстоўцаў патрэбна найперш Беларусі і людзям Беларусі, хоць з гэтага ў сваёй частцы скарыстае і лукашысцкі рэжым.

Аднак гэты варыянт больш пэрспэктыўны якраз для беларускага грамадзтва і тлумачыцца яно тым, што беларускае грамадзтва і ў цэлым нацыя знаходзіцца цяпер у стане асэнсаваньня сябе і будучыні сваёй дзяржавы. Яно ськіравана на нацыянальную салідарнасьць і грамадзкі прагрэс, яно ў стане актыўнага думаньня пра сябе і пра сваю краіну.

Улада рэжыму і асяроддзе ўлады тым часам існуюць у стане рэгрэсу. Іхняе існаваньне няпэўнае. Ініцыятывы там штучныя і тупіковыя, нягледзячы на здавалася б вельмі агрэсіўную сутнасьць.

Нават частковае вяртаньне да статус-кво дало б магчымасьць захаваць беларускую інтэлігенцыю, навуку і навукоўцаў, літаратуру і выдаведзтвы, прытармазіла б інтэграцыю, спрыяла б грамадзкай салідарнасьці і інтэлектуальнаму ўзроўню нацыі. Калі сталася паражэньне -- тады важна ўтрымаць пазыцыі (ці хоць частку пазыцый) і ня трапіць пад разгром, бо змаганьне прадаўжаецца.

Насуперак гэтай палітыцы (утрыманьня пазыцый) стаіць некалькі чыньнікаў. Назаву тры. Першы і самы галоўны. Шмат людзей у беларускім грамадзтве гатовыя ўспрымаць вяртаньне да грамадзкага статус-кво праз адмену санкцыяў дзеля працягу нацыянальнага існаваньня і разьвіцьця як "зьдзелку" з рэжымам, як здраду людзям, што загінулі за Беларусь, як здраду тысячам пакалечаных, пабітых, несправядліва кінутых у катоўні і турму.

Гэта пазыцыя высакародных пачуцьцяў без палітычнага думаньня. Растлумачыць сутнасьць іншых паводзінаў у сітуацыі паразы такім людзям, практычна, вельмі цяжка. Патрэбны вопыт. А прыняць рашэньне няма каму.

Другі чыньнік -- Крэмль. Масква ня можа дапусьціць чарговага "фінту" сатрапа, які цяпер так рашуча нішчыць беларускую нацыю. Задушыць беларускую грамадзкую супольнасьць (а на справе нацыянальную супольнасьць) ёсьць самым важным дзеяньнем у крамлёўскай палітыцы "русского мира". (Дарэчы, пасьля маёй заявы аб адмене эканамічных санкцыяў і рэпрэсіяў найбольш узбудзіўся "русский мир" і крамлёўскія тролі.)

І трэці чыньнік -- Заходняя Эўропа. Там яшчэ не гатовыя да дыпляматычных паваротаў. Але, магчыма, нешта зьменіцца (праўда, калі для нас, беларусаў, будзе ўжо позна).

У гэтай сітуацыі групоўкі Латушкі-Ціханоўскай стаяць на баку санкцыйнай палітыкі Захаду і прапагандуюць яе. Магчыма, яны думаюць, што не нясуць ніякай адказнасьці, бо гэта ж Захад уводзіць эканамічныя санкцыі і з добрымі пажаданьнямі.

Апошнім часам з асяроддзя штабных людзей загучэла нешта вельмі самаіснае, невядома дзе народжанае. Аказваецца, што для існаваньня беларускай нацыі зусім не абавязковая нацыянальная дзяржава. Беларуская нацыя, маўляў, можа існаваць і без дзяржавы, мець свой парлямант за мяжой і міністэрствы, скажам, у Аўстраліі, і па Інтэрнэту камунікавацца ды ўсё вырашаць. Беларусь тут і не патрэбная.

Калі б я сам ня чуў у Сеціве такія арыгінальныя "мысьлі", то не паверыў бы.

Па назіраньнях (гэта відавочна) падзеі ў Беларусі разьвіваюцца па першым (санкцыйна-рэпрэсіўным) варыянце. Яго педаліруе найбольш Масква, Эўропа і Лукашэнка. Адчуваецца, што рэжыму хочацца крыві. Лукашэнка выбірае горшы варыянт. Шукаюць зачэпкі. А калі так, то будзьма гатовыя. Зьнішчэньне без супраціву, як у 1930-х, больш не паўторыцца.

 

4 кастрычнік 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: