НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Рэанімацыя афёры пад Курапатамі

Рэанімацыя афёры пад Курапатамі

(З цыклу «Зацемкі для добрых сяброў»)

 

            Даволі асабліва складваюцца справы вакол зьняважлівай маскоўскай афёры ля Курапатаў. Гаворка ідзе пра вядомае кашчунства супраць сакральнай памяці беларусаў, так званы "Бульбаш-хол" – рэстаран з "інтымнымі пакоямі" ў ахоўнай зоне Народнага Мэмарыялу Курапаты, разьмешчаны там незаконна.

            Гэты недабудаваны гадзюшнік пустуе тут ўжо амаль шэсьць гадоў і стаў цалкам засакрэчаным аб’ектам. Рэжым абараніў яго ад закону. Да гэтага часу пабудова ня зьнесена. Парушальнікі закону не пакараныя. Увесь час там вядуцца нейкія таемныя працы. Але ніхто нічога ня ведае. Папаўзьлі чуткі, што рэстаран будуць неўзабаве адчыняць, рыхтуюцца да танцаў, вярбуюць рэстаранную публіку і прастытутак з Масквы (бо беларусы туды ня пойдуць).

            Нядаўна журналісты і цікаўнікі паспрабавалі ў каторы раз высьветліць, што там усё ж адбываецца за плотам ў сьмярдзючым месцы. Але, як і ўвесь час, ніхто, ніводная інстанцыя, ні ўлада, ні ўласьнік, ніякая кантора, ні заказчык, ні наваат ахова -- ніхто "нічога ня ведае", ня хоча казаць і ня хоча гаварыць. Усе разьбягаюцца, кідаюць слухаўкі, маўчаць. Хаця назіральнікі бачаць, што ўвесь час там ідзе нейкая падрыхтоўка і пагалоскі не выпадковыя.

            Ведаючы характар маскоўскай "ваты" і халуйскі нораў рэжыму, мяркую, што рыхтуецца правакацыя, каб адцягнуць увагу ад вялікага нацыянальнага сьвята -- 100 год БНР. Таму рэжымныя ўлады і ўся рэстаранная камарыльля паводзяць сябе так дзіўна -- адкрыта нахабна і  правакацыйна. Яны ведаюць пра грамадзкую напружанасьць вакол гэтай афёры і тым ня менш стараюцца той злаякасны рэстаран цяпер раскруціць. Такое ўражаньне, што яны выпрабоўваюць цярпеньне людзей і хочуць выклікаць грамадзкія пратэсты, а мо’ нават і пагром свайго "бардэля", калі б раззлаваным людзям ад зьневажэньня пусьцілі нэрвы.

            Наконт пагрома -- ня ведаю (не тыпова), але што пратэсты ўзьнікнуць -- можна не сумнявацца. І яшчэ невядома што тут выйграе антынародны рэжым. Здаецца, што ўлады ўжо чмурэюць ад няўпэўненасьці, бачачы, як запалоханыя імі людзі ўсё больш і больш адварочваюцца ад рэжыму. У выніку яны нічога ня могуць прыдумаць як толькі правакаваць і душыць. Канцовая дарожка ўсялякай незаконнай улады.

 

23-01-2018.                                                                           Зянон Пазьняк

Дадаць у: