НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

РЭЖЫМ ЗАБАРАНІЎ НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ КУРАПАТЫ. БЕЛАРУСЫ, АБАРАНЯЙЦЕ КУРАПАТЫ!

РЭЖЫМ ЗАБАРАНІЎ НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ КУРАПАТЫ. БЕЛАРУСЫ, АБАРАНЯЙЦЕ КУРАПАТЫ!

(Выступ на лютаўскім 2019 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

 

Паважаныя сябры Сойму, вітаю Вас у Бацькаўшчыне, зычу здароўя і моцнасьці духу ў гэтым цяжкім і подлым часе.

Наконт “подлага часу” мне ўспамінаюцца 50-я гады, калі было забаронена людзям трымаць жыўнасьць і былі забраныя ўсе пашы, далы і кудры, каб людзі ня мелі, дзе пасьвіць жывёлу і касіць. Акупанцкае цывільнае начальства хадзіла тады ўбраўшыся ў цёмнасінія галіфэ і такога ж колеру рускую “гімнасьцёрку”, падперазаную скураной шырокай дзяжкай з латуннай спражкай з пяціканцовай зоркай, а на галаве ў начальства -- цёмнасіняя ваенная шапка-грыб (цікава, недзе ж ім шылі такую форму)  Зь людзьмі яны не віталіся. Але й людзі прапускалі іх міма вачэй. Паскудны быў час. Аднак, нават тады народ супраціўляўся разбурэньню цэркваў і касьцёлаў, клаліся пад тэхніку, кідаліся на міліцыю і часта адбівалі храмы і крыжы. Нават тады быў жывы дух народа і была салідарнасьць.

Гэтыя рэфлексіі ў мяне ўзьніклі ў сувязі з пачаткам разбурэньня Народнага Мэмарыялу Курапаты і ў сувязі з сёньняшнім днём. Тады подлае начальства было ў асноўным рускае прысланае. Іхняя варожасьць не зьдзіўляла.

Цяперашняе чынавенства – гэта асобіны беларускага паходжаньня, якія па жорсткасьці і подласьці ў дачыненьні да народа не саступяць расейцам. Здавалася б, усё зь імі зразумела, але не перастаеш зьдзіўляцца, як дробязна гадзенька і ўпарта гатовыя яны перасьледваць сваіх людзей, да роспачы, да адчаю, да ўцёкаў з краіны, да пятлі і пелькі.

Тое ж і з Курапатамі. Дэградацыя маральнасьці і духа ў чынавенства носіць масавы характар з прычыны адмовы ад сябе, ад самаідэнтыфікацыі, ад мовы і паходжаньня. Гэта той прадукт, які быў заплянаваны сістэмай русіфікацыі. Вынік яе перад намі. Яны выканаюць усё, заб’юць сваіх дзяцей і бацькоў, калі тое загадае прамаскоўскае начальства.

Плян разбурэньня Народнага Мэмарыяла Курапаты распрацаваны некалькі гадоў таму ў Маскве. У Беларусі праводзіцца непасрэдна праз Лукашэнку і канкрэтна – праз Савет бясьпекі, які кантралюе разбурэньне праз вертыкаль, мясцовыя ворганы ўлады, Міністэрства культуры і Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Кожнае ведамства ўжо адзначылася і зрабіла сваю шкоду.

Пачынаючы з 60-х гадоў да пачатку 90-х, я увесь час займаўся аховай помнікаў гісторыі і культуры, асабліва старога Менска. Назіраў дзейнасьць Міністрэства культуры БССР зблізу і здалёку. Я ня ведаю ніводнага факту, каб гэтае міністэрства зрабіла што-небудзь добрае для беларускай культуры. Задача яго была псаваць, разбураць і не пускаць. Такім яно засталося і цяпер, толькі бадай што яшчэ горшым. Зрэшты, уся сістэма рэжымнай улады працуе на зьнішчэньне культуры. Адны распараджаюцца – іншыя выконваюць, ды так, што гатовыя са скуры выскачыць.

З устаноўкай так званага “памятнага знака” рэжыму (у народзе празвалі “гаргарай”) унікальны помнік генацыду ў сьвеце – Народны Мэмарыял Курапаты – забаронены. Забарона адбылася ціха, але выяўляецца ў дзікіх варварскіх учынках выканаўцаў. Напрыклад, у сьнежні быў устаноўлены памятны крыж усім загіблым у Курапатах ад народа Летувы. Праз дзьве гадзіны пасьля ўстаноўкі перад асьвячэньнем крыж быў па-варварску вырваны з зямлі (пры дапамозе тэхнікі) і адвезены ў выканаўчую арганізацыю вынішчэньня. За натуральнае дзеяньне жывога Мэмарыяла – устаноўку крыжа – узбуджана судовая справа (“не имеете права”).

Дарэчы, нагадаю для замежнікаў пра акупацыйную сістэму штрафаў зь беларускага насельніцтва. У мінулым годзе штрафам была абкладзена амаль палова жыхароў Беларусі. Зь іх тры мільёны беларусаў змушаны былі заплаціць штраф (гэта амаль траціна насельніцтва). Штрафы, звычайна, надуманыя (гэтак жа, як і пасадкі ў турму), каб адабраць грошы. Прытым сумы непамерна вялікія. Увогуле паборы тут – звычайнае рабаўніцтва. Народ церпіць. Але нянавісьць накопліваецца.

Прытым ўсе рабаўнічыя і ўлікова-кантрольныя дзеяньні рэжыму («дармаедзкія» камісіі, перапісы насельніцтва, штрафы і г. д.) адбываюцца ў хамскай прыніжальнай для асобы манеры, бо звышзадача такой палітыкі (гэта вось якраз тое, што распрацавана ў Лубянцы) накіравана на тое, каб зламаць волю, упэўненасьць у сабе, дух беларуса, абнізіць ягоную самаацэнку, каб ён стаў няздольны супраціўляцца, адчуў сябе няпоўнавартасным, прыніжаным і недалэнгам. Раней гэтым, звычайна, займалася  руская імпэрская літаратура, выдумваючы карыкатурныя вобразы прадстаўнікоў іншых народаў. Цяпер тое стала унутраннай палітыкай русіфікаванай адміністрацыі ў Беларусі.

Непасрэдны ўдзел у варварскай забароне Народнага Мэмарыяла прымаюць функцыянэры КГБ. Яны выконваюць розныя задачы – ад відэаздымкі людзей, якія ўстанаўліваюць крыжы, да актаў непасрэднага разбурэньня помнікаў.

Перад Новым годам абаронцамі Курапатаў была спынена спроба невядомай асобы разбурыць лаву Клінтана. Вандал уцёк, кінуўшы кувалду. Заявілі ў міліцыю. Але міліцыя і вухам не павяла (разумеючы, што тут справа КГБ). 1-га лютага яны лаву разьбілі на кавалкі. Рэжым зрабіў выгляд, што вядзе сьледства і забараніў забіраць кавалкі лавы на рэстаўрацыю (маўляў, так трэба для сьледства). Глупства відавочнае. Але неўзабаве стаў зразумелы яго сэнс. У пачатку лютага лаву разьбілі яшчэ раз ужо на дробныя кавалкі. Тут жа ў СМІ зьявілася амаль радаснае паведамленьне, што лаву Клінтана “разбурылі канчаткова”. Выказваюцца нібыта “па-Фрэйду”.

Але лава была і будзе. Рэшткі яе сабралі адказныя людзі нашай партыі КХП-БНФ на захаваньне і рэстаўрацыю.  Мы цэнім Амэрыку і памятаем прэзыдэнта Клінтана за добрыя адносіны да Беларусі.

Цяпер па сутнасьці зьяў. Народны Мэмарыял Курапаты – гэта жывы помнік вечнай памяці. Ён працягвае традыцыі такога беларускага помніка як Грабарка на Беласточчыне. Сутнасьць яго існаваньня ў тым, што ў адпаведныя памятныя дні (напрыклад, на Радаўніцу і на Дзяды і ў любы час) людзі нясуць і ставяць крыжы ў памяць загіблых, забітых, замардаваных продкаў. Гэта могуць быць канкрэтныя знакі аб канкрэтных нябожчыках, альбо аб агульных забітых людзях. Такім чынам, помнікам зьяўляецца сама традыцыя, якая перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне, і памяць жыве вечна, і выяўляецца ў крыжапрынашэньні і ў крыжастаўленьні.

У канцы 2018 г. рэжым забараніў гэтую традыцыю, устанавіўшы “гаргару” на сьвятым месцы. Адначасна праз свае нізавыя разбуральныя арганізацыі (тыпу Таварыства аховы помнікаў) і агентуру прапагандуе інвэнтарызацыю крыжоў у Курапатах, быццам бы не разумеючы, што крыжы ў гэтым Мэмарыяле зьяўляюцца рухомымі сімваламі памяці і памятнай традыцыі і не зьвязаныя з канкрэтнай асобай (сьпісы расстраляных у КГБ за сямю замкамі). Гэта тое самае, калі б інвэнтарызаваць кветкі на лузе, каб караць уласьніка за тое, што кожны дзень колькасьць кветак зьмяняецца. Але тут бюракратычная асаблівасьць мазгоў. Яны падобнае рабілі. Згаданае Міністэрства гатовае было рабіць “мартышкін труд” (нават выканаўцаў абазначыла) толькі дзеля таго, каб забараніць крыжастаўленьне, спыніць традыцыю і ўгробіць Мэмарыял.

Урэшце, вырашылі ўвогуле не цырымоніцца, разбураць дык разбураць. 30-га студзеня гэтага года рэжымны Саўмін прыняў пастанову № 69, згодна якой забаронена ня толькі традыцыя Мэмарыялу як вечна жывога помніка, але прадугледжана яго канчатковае матэрыяльнае зьнішчэньне цягам адмеранага часу. Усё гэта сфармулявана подленька, схавана, закамуфлявана па лекалах этнацыду, прыдуманых на Лубянцы. Задача такой палітыкі – устанавіць адміністрацыйна-міліцэскі кантроль над Курапатамі, каб не пускаць туды людзей ставіць крыжы і даглядаць могілкі. Адначасна – вынішчаць Мэмарыял подлымі адміністрацыйнымі захадамі і пры дапамозе гэбісцкага крымінальнага зброду (пачалі зь летувісцкага крыжа і разбурэньня лавы Клінтана).

Першае, што трэба зрабіць – гэта выканаць некалькі неабходных  фармальных чыньнікаў. Менавіта: зьвярнуцца ў рэжымны Саўмін з прапановай зьмяніць пастанову № 69 і ўзяць пад ахову працэс народнага крыжастаўленьня Народнага Мэмарыяла Курапаты, пацьвердзіць такім чынам неад’емнае права людзей вольна ўшаноўваць знакамі, сімваламі, звычаямі і абрадамі памяць продкаў. Пастанова № 69 у цяперашнім выглядзе парушае гэтае неад’емнае права.

Патрабаваньні, прапановы і звароты ў рэжымныя ўстановы ўлады пра парушэньні правоў, парадку, традыцыяў і законаў фармальна патрэбныя і абавязкавыя, нягледзячы на тое, што антыбеларускі рэжым нічаму ня будзе спрыяць і нічога ня стане рабіць. Тут мусіць быць сьведчаньне злачныстваў рэжыму.

Ёсьць, аднак, магутная сіла, якая можа вырашыць шмат якія пытаньні. Гэтая сіла яшчэ не абудзілася. Але ў любы час можа абудзіцца, бо па маіх назіраньнях пастаянна адбываецца накапленьне нянавісьці. Рэжым гэтаму спрыяе ўсім, у тым ліку і пастановай № 69. Чыноўнікі ня спыняцца, такая ў іх антылюдзкая прырода.

Ужо зафіксаваныя выпадкі, калі яны атрымлівалі кулю ў лоб ад спакойных простых працавітых людзей, бо ня ўсё можна вытрымаць. Толькі высноваў з гэтага ня робяць. Шкада, вядома. Ёсьць схаваныя жыцьцёвыя законы, паводле якіх кара немінучая. Разбурэньне Курапатаў, рэстараны, танцы на касьцях, ёрніцтва над памяцьцю, антынародныя пастановы, вандалізм – усё гэта можа выбухнуць няшчасьцем для тых, што нічога не баяцца. Чаму так адбываецца ў жыцьці, -- гэта таямніца. Але так ёсьць.

 

10 лютага 2019 г.                                                                                        Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: