Ідэя Народнага галасаваньня пашыраецца. Як і трэба было чакаць, паказны спакой лопнуў. Афіцыёз ня вытрымаў. У "Советской Белоруссіі" адзначыўся рэдактар П. Якубовіч. Ён напісаў пра мяне ўсё, што патрабуецца, і пра "політіческій труп", і пра "капітуляцыю", і пра "фіяска" і "мізер", і пра тое, што ўсе яго (гэтага Пазьняка) ужо даўно "забылі", і пра "несостоятельность ідей БНФ" , і г. д. І чым больш гэтак пішацца і паўтараецца, тым больш людзі, трэба думаць, пачынаюць разумець "праўду" Паўла Якубовіча.
Журналістыка пад дыктатурай - брудная справа. У рэжымнай Беларусі гэта ўжо факт, ад якога не адмыешся. Шмат хто зрабіў зь яе прафэсію, якая ў залежнасьці ад сітуацыі вымагае поўзаць, прымушае пра адных палітыкаў пісаць хвалебна і блудасловіць, а іншых - мяшаць з гразёй. І ўсё гэта П. Якубовіч робіць нібыта "размышляя" о жізні, о Белоруссіі, о "первым презіденте".
Памятаю пачатак 90-х. Прыходзіш у Вярхоўны Савет, і першым каго сустракаеш з журналістаў у вестыбюлі - Паўла Якубовіча, які ўсьміхаецца здалёку, падыходзіць "степенно", стараецца гаварыць па-беларуску, выказвае заклапочанасьць лёсам нацыі, Беларусі і дэмакратыі. Праўда, яму было крыху нялоўка, бо ў 80-х, калі ўзьніклі першыя культурніцкія моладзевыя суполкі і пачалі рабіць першыя калядаваньні, Павел Якубовіч, выконваючы заказ ЦК, спляжыў гэтыя "нацыяналістычныя выверты" на старонках газэты "Знамя Юності" з усіх "правільных" тады камуністычных пазыцыяў. Моладзь вельмі абуралася гэтым суб’ектам.
Але мінуў час і Якубовіч (ізноў жа так "степенно" з люлячкай у зубах) засьпяваў у іншы ўнісон. Цяжкая гэта, відаць, праца на журналісцкай панэлі і няварта было б пра такіх увогуле казаць, калі б яны ня лезьлі ў сьвятое сьвятых - у нацыянальную мову. Але туды якраз іх і прымушаюць лезьці.
Нармальны моўны парадак, па якім жывуць стагоддзямі ўсе вольныя народы, рэдактар "Советской Белоруссіі" называе "чорнай фантасмагорыяй". А вось тая сапраўды чорная фантасмагорыя, якую стварыў у Беларусі прамаскоўскі рэжым, гэты зьдзек над беларускай мовай і беларускай нацыяй, гэтая фантасмагорыя ёсьць для яго нармальнасьць. Як дрэнны прыклад (на думку Якубовіча) цытуюцца мае словы пра дзяржаўнасьць беларускай мовы. Прытым з майго тэксту павыкіданыя цэлыя сказы (пра Амэрыку і моўны парадак у Амэрыцы), выкінутыя і зьмененыя словы, а ў канцы прыпісана: "Заявленіе З.С. Пазьняка пріведено мною без іскаженій". (Ну да чаго ж неганаровая публіка!).
У чым жа прычына асаблівай варожасьці да дзяржаўнасьці беларускай мовы ва ўсёй сэрвільнай журналістыкі і ў тых, хто абслугоўвае гэты рэжым? Прычына ў зьмесьце маскоўскай акупацыйнай палітыкі супраць Беларусі. Яна не зьмянілася за 200 гадоў. Галоўнае пытаньне (пытаньне №1) усёй гэтай імпэрскай палітыкі ёсьць русіфікацыя. Галоўная задача русіфікацыі - зьнішчэньне беларускай мовы. Без беларускай мовы ня зможа існаваць ні беларуская нацыя, ні беларуская дзяржава, ні беларуская культура. Гэтая аксіёма ўжо пацьверджаная для беларусаў нэгатыўнай практыкай і шматкроць растлумачаная ў друку і літаратуры (гл. напр. Газэта "Беларус" за 2005 г., №512, верасень, артыкул А. Сёмухі "Проста дэмакратыі - няма"). Пра значэньне беларускай мовы выдатна ведаюць ворагі беларушчыны, настаўляючы сваіх халуёў.
Але час цемры набліжаецца ўжо да мяжы. Хто ведае Беларусь і умее аналізаваць, той разумее, што нішто ня спыніць Беларусі. Яшчэ пацерпім. Няшмат засталося. Беларуская мова будзе гучэць паўсюдна. І ў галаву нікому ня прыйдзе ўводзіць чужую. У новым сваім нацыянальным жыцьці некаторым беларусам будзе сорамна ўспамінаць і цяжка паверыць, што яшчэ зусім нядаўна пры шклоўскім рэжыме быў гэтакі зьдзек. А маладыя ня змогуць ужо і ўявіць. І што цікавае, першым загаворыць па-беларуску "чэсны журналіст" Павел Якубовіч і першы пабяжыць засьведчыць "політіческім трупам " "свое почтеніе". Было ўжо такое. Было.
10 лютага 2006 г
Зянон Пазьняк