НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

РЭПЛІКА АБ ФАТАГРАФІЯХ І ДЗЯРЖАЎНЫХ КАТЭГОРЫЯХ

Фотафіксацыя людзей і падзей у эпоху мабільнага тэлефона стала стыхійнай і, фактычна, не кантралюемай. Здымаюць і фатаграфуюцца усе, усё і з усімі, нават з незнаёмымі. Адмаўляцца не прынята. Але ёсьць невыпадковыя, падрыхтаваныя (камбінаваныя) і афіцыйныя здымкі. Такія фота больш інфармацыйныя, бо грунтуюцца на зьмесьце.

Гэтакай камбінаванай фатаграфіяй, зьмешчанай у агульным доступе, можа паслужыць, напрыклад, фота супрацоўнікаў Белсат з расейцам Шэндэровічам. Белсат цалкам і дэманстратыўна падтрымлівае цынічную хлусьню левых эўрапалітыкаў аб нібыта “прэзыдэнтцы” Ціханоўскай. (І гэта пры афіцыйным прызнаньні тым жа Захадам фальсіфікацыі галасаваньня і пры сцьверджаньні, што выбары ў Беларусі з гэтай прычыны не адбыліся і прэзыдэнт ня выбраны. Праўда, калі стандарты два, то можна ўсяляк).

Удзельнікі Белсату паказаны на фота ўбранымі ў элеганцкім прыстойным адзеньні. Пасярэдзіне групы супрацоўнікаў Белсату разьмешчаны Шэндаровіч (”харошы рускі”), таксама, як і ўсе, добра апрануты.

Падзея. Маўляў, з намі Шэндаровіч. Мы — з Шэндаровічам.

Тут, зрэшты, нічога незвычайнага. Усё звыкла. Людзі фатаграфуюцца і згаджаюцца на выкарыстаньне сваіх фота, бо так прынята. Ну, і добра. Але д’ябал сеў у драбязе.

Падсьведамасьць асобаў, што пакланяюцца “харошым рускім”, паказвае, што яны здольныя ўспрыняць як норму далейшыя каланіяльныя дачыненьні сваёй краіны з Расеяй. На розум такіх людзей ня дзейнічае ніякі вопыт, ніякая гісторыя, ніякія войны, людабойствы, акупацыі і падзеі.

Яны зноў палезуць у абдымкі да ацалелай Расеі (калі яна ацалее) ў прывычныя каланіяльныя дачыненьні. Прытым аб гэтым яны звычайна не задумваюцца. Такі ёсьць вобраз псіхалогіі “невераятных”.

* * *
Часам, дзеля лепшага разуменьня рэчаў, людзі прыбягаюць у развагах да пэўнага спрашчэньня сутнасьці. З гледзішча такой лапідарнай логікі, краіны можна падзяліць на пяць умоўных катэгорыяў.
1. Краіны-гаспадары (якія ўплываюць на ўвесь сьвет).
2. Краіны-партнёры гаспадароў (моцныя дзяржавы, якія маюць сілу і, як правіла, супрацоўнічаюць з краінай-гаспадаром і паміж сабой на роўных).
3. Краіны-суседзі (якія незалежныя і самастойныя, але павінны ўлічваць пазыцыю краінаў-гаспадароў).
4. Краіны сэрвільнага статусу альбо “прыслужнікі”. (Гэта фармальна незалежныя краіны, улады якіх наўпрост залежныя ад іншых дзяржаваў і выконваюць палітыку іншай дзяржавы, нібы сваю.)
5. Краіны-нявольнікі (гэта краіны, якія ня ёсьць незалежнымі, зьяўляюцца часткай іншай краіны, маюць фармальную аўтаномію, але ня ў стане праводзіць сваёй палітыкі).

Статус незалежнай Рэспублікі Беларусь, якая ўтварылася ў 1991 годзе, гэта вольная незалежная краіна-сусед сярод іншых незалежных вольных краінаў-суседзяў.

З 1994 года са зьяўленьнем ва ўладзе Лукашэнкі і пачаткам унутранай акупацыі і гібрыднай вайны, Беларусь цягам доўгіх гадоў пастаянна траціла свой вольны статус краіны-суседа і на сёньняшні дзень, асабліва пасьля ўводу акупацыйнага расейскага войска, рэжымная ўлада ператварыла Беларусь цалкам у краіну сэрвільнага статусу, у акупаваную краіну расейскага прыслужніка.

В. Бабарыка, якога ў 2020 годзе Масква меркавала паставіць замест Лукашэнкі (бо Лукашэнка тармазіў анэксію) адкрыта і слоўна засьведчыў пра свае планы далучэньня Беларусі да Расеі (гэта значыць па лапідарнай шкале — аб пераводзе краіны ў статус нявольніка). У жніўні 2020 года я з гэтай прычыны адзначаў, што Бабарыка ў пэрспэктыве быў бы больш шкоднай асобай для існаваньня Беларускай дзяржавы, чым Лукашэнка.

Што датычыць уяўленьняў групы пад назвай “офіс”, то пазыцыя краіны сэрвільнага статусу, якую яны ўспрымаюць як магчымую мэту для Беларусі ў дачыненьнях з Расеяй ў рэальнасьці будзе толькі часовай пераходнай формай да краіны-нявольніка.

4 кастрычнік 2023 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: