Гібрыдная акупацыя Беларусі знутры – гэта тая форма вайны, якая прывяла да ўлады Лукашэнку. Пра гэта намі гаворыцца з 1994-га года. Але адсутнасьць нацыянальных беларускіх СМІ, захоп іх рускай агентурай не далі магчымасьці прабіцца гэтым ведам нават ў палітычныя вяршыні грамадзтва, хоць пісалася мноства артыкулаў аб унутраннай акупацыі Беларусі, друкаваліся кнігі. Веды ў шырокае разуменьне не прабіліся.
Маскоўская агрэсія супраць Украіны, захоп Крыма і Данбаса, аднак, паспрыялі адэкватным поглядам на рэчаіснасьць і ў часткі беларускага грамадзтва. Украінцы і шмат якія беларусы ўбачылі, якім разбуральным спрутам зьяўляецца Расея на целе чалавецтва. Вечнае бядотнае існаваньне рускіх людзей і рабская псіхалогія, калі яна становіцца агрэсіўнай ідэалогіяй, яна робіцца небясьпечнай разбуральнай сілай. Сацыяльны і палітычны вопыт камунізма (ідэалогіі нізоў) быў катастрафічны для чалавецтва.
Пасьля ўпадку ідэалогіі камунізма зьявілася імпэрская ідэалогія «русского мира». Сваім ворагам гэтая агрэсіўная ідэалогія лічыць усё чалавецтва.
Палітыка «русского мира» была сфармулявана ў агульных рысых у жніўні 1995 года ў так званай дактрыне Ельцына аб зьнешняй палітыцы Расеі. Да слова, шпіёнска-дыверсійнай мэтодыкай захопу Расея карыстаецца здаўна, найбольш характэрна – з ХУІІІ-га стагоддзя (падзелы Рэчы Паспалітай). З прыходам да ўлады КГБ палітыка «русского мира» імкліва набірае агрэсіўныя формы расейскай гібрыднай вайны.
Трэба мець на ўвазе, што ў заходнім сьвеце няма дзяржавы і няма моцы, якая магла б на ўзроўні супрацьстаяць расейскай сіле і тактыцы вядзеньня гібрыднай вайны. Таталітарная арганізацыя расейскай дзяржавы дае магчымасьць ўсе галіны ўлады і грамадзтва (прэсу, друк, радыё, тэлебачаньне, спорт, бізнэс, суды, пракуратуру, крымінал, выканаўчую і заканадаўчую уладу, войска, паліцыю, спэцслужбы і г. д.) – усё падпарадкаваць адзінай дзяржаўнай палітыцы, выканаўчай і арганізуючай сілай якой зьяўляюцца спэцслужбы (найперш ГРУ і ФСБ). На дэмакратычным Захадзе такая структура дзяржавы не існуе і ў бліжэйшай будучыні ў прынцыпе ня можа быць. Па сваёй прыродзе заходняя сістэма дзяржавы ня ў стане нават арганізаваць палітыку інфармацыйнай вайны (Тым больш кшталту расейскай). СМІ там выконваюць прынцыпова іншыя функцыі, чым ў Расеі (і ў колішнім СССР).
Падрыхтоўка Расеі да захопніцкай вайны – гэта перш за ўсё пагроза Беларусі.
Патрэбна дэталёвае вывучэньне становішча і мабілізацыя людзей на гатовасьць да адбіцьця расейскай агрэсіі супраць Беларусі, якая рыхтуецца бесперапынна.
1 жнівень 2018 г. Зянон Пазьняк