НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

РЭПРЭСІІ І РАСПРАВА

РЭПРЭСІІ І РАСПРАВА

             Кіруючы рэжым сфабрыкаваў у лістападзе тры судовыя справы супраць Юры Адамавіча Беленькага і тым самым супраць Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ. Цынічны характар фабрыкацыі паказвае, што сьпешна выконваецца палітычны загад, які паходзіць, магчыма, з-за межаў Беларусі.

            Сутнасьць справы. У пачатку лістапада КХП--БНФ традыцыйна адзначала Дзяды. 2-га лістапада – мэмарыяльнае шэсьце ў Курапаты і мэмарыяльны мітынг ў Курапатах і 9-га лістапада – мэмарыяльнае шэсьце ў Лошыцу. Колькасьць удзельнікаў у межах 1000 асобаў у Курапатах і ў межах 50-ці асобаў у Лошыцы. Мэмарыяльныя мерапрыемствы афіцыйна дазволеныя ўладамі, зь якімі пад відэазапіс удакладнены ўсе аспэкты мерапрыемстваў, і якія бездакорна выкананыя арганізатарам.

            Бездакорнасьць пацьвярджаецца адсутнасьцю заўваг з боку назіральных ворганаў парадку у тым ліку і праваабарончых арганізацыяў. Жалобнае шэсьце і адзначэньне памяці ў Курапатах адбыліся традыцыйна. Парадак, чысьціню і нават медыцынскае абслугоўваньне (яно не спатрэбілася) як заўсёды забясьпечыў арганізатар па дамоўленасьці з уладай (што зафіксавана на відэазапісе Менгарвыканкама). Арганізатарам зьяўлялася  КХП--БНФ. Адказны за мерапрыемства Юры Беленькі.

            12-га лістапада Юры Беленькага па павестцы выклікалі ў міліцыю. На яго склалі адразу тры пратаколы. Абвінавачваньне -- незаключэньне дамовы з уладамі аб забесьпячэньні парадку, медслужбы і пажарнай аховы мерапрыемства і, адпаведна -- неаплата гэтага. І гэта нягледзячы на тое, што Менгарвыканкамам нават не было прынята рашэньня аб аплаце.

            Далей усё ідзе па натоптанай яшчэ ў 30-х гадах  (і праторанай цяпер існуючым рэжымам) дарожцы. Ніякія довады, улікі, факты, сьведчаньні, доказы, неадпаведнасьць абвінавачаньня закону не прымаюцца пад увагу. Рэжымны суд прымае зададзенае абвінавачаньне і робіць зададзены прысуд, разумеючы незаконнасьць, але не вагаючыся і не чырванеючы. Такая ёсьць схема рэпрэсіяў з выкарыстаньнем фармальна-судовай машыны. Асуджалі нават глуханямых за "выкрыкі супраць прэзыдэнта".

            Адпаведна суд Першамайскага раёна г. Менска, які адбыўся 17 лістапада над Юры Беленькім, праігнараваў факт, што Гарвыканкам не прыняў афіцыйнага рашэньня аб  аплаце за ахову парадку, медыцыну і іншае, але дамовіўся з адказным за мерапрыемства, што арганізатар забясьпечаць тое сваімі сіламі. Гэта адлюстравана на відэазапісе Менгарвыканкама, які быў прадэманстраваны суду. Тым ня менш у пастанове суда адсутнічае нават упамінаньне пра відэазапіс. Суд нібы не заўважыў што ва ўсёй сфабрыкаванай справе цалкам адсутнічае склад парушэньня. (Нагадаем яшчэ раз, што Юры Беленькі ёсьць толькі адказны за мерапрыемства, арганізатарам зьяўляецца КХП--БНФ.) Тым ня менш суд (суддзя  Анастася Папко) прысудзіў спадару Беленькаму "як арганізатару" штраф у суме трох мільёнаў рублёў (каля 300 даляраў).

            Наступны заплянаваны суд Ленінскага раёна адбыўся 28-га лістапада (за шэсьце ў Лошыцу) па той жа схеме і прысудзіў спадару Беленькаму (суддзя Марына Запасьнік) штраф у 4,5 мільёна рублёў (стаўка расьце).

            Чарговы суд расправы згодна пляну рэжыма чакаецца 3-га сьнежня. Прыдумаць нічога не змаглі, таму судзіць Юры Адамавіча зьбіраюцца паўторна за адно і тое ж мерапрыемства -- Дзяды 2-га лістапада, -- падзяліўшы яго на дзьве часткі: мэмарыяльнае шэсьце па Менску і мэмарыяльны мітынг ў Курапатах якія фармальна на тэрыторыі Менскага раёна.

            Казаць пра тое, што гэта ўсё незаконна, што за адно і тое ж мерапрыемства ня судзяць двойчы, казаць такое ў гэтай зоне -- няма сэнсу, бо тут машына, якая працуе бяз уліку заканадаўства і права.

             На гэтых прыкладах зноў зьвяртаем увагу, што такое можа адбывацца толькі тады, калі грамадзтва існуе пад уладай акупацыйнай палітыкі, калі права ня дзейнічае, а бачнасьць судовай сістэмы выкарыстоўваецца для рэпрэсіяў супраць ідэалагічных, палітычных, культурных і этнічных апанэнтаў.

            Нам стаў вядомы ўжо ўвесь план палітычнага перасьледу супраць нашай Партыі і яе кіраўніцтва. На трэцім незаконным судзе над Юры Беленькім задуманы прысуд з заключэньнем яго пад арышт на нявызначаны тэрмін. Гэта зноў жа будзе незаконна, бо на папярэднія прысуды пададзеныя касацыйныя скаргі. Але на тое загадана не зьвяртаць увагі. Пасьля праштампоўкі касацыйнага суду (якому загадана пакінуць прысуды) рэжым узбуджае крымінальную справу (па суме папярэдніх судоў) і заключае спадара Беленькага ў турму на максімальны тэрмін, у працягу якога лідэра Партыі павінны будуць старацца зламаць, зьнішчыць псіхічна і фізічна.

            Рэжым і яго сюзэрэны ў Маскве ведаюць пра палітычны вопыт, адукацыю, інтэлект і прафэсійнае разуменьне працэсаў спадаром Беленькім і рэпрэсіі супраць яго (а ў 2000 годзе спроба забойства) невыпадковыя. Юры Беленькі зьяўляецца дэпутатам Незалежнасьці.

            Паралельна пачынаецца цынічная атака на Кансэрватыўна-Хрысьціянскую Партыю -- БНФ. Планы ўнікальныя. "Вяршыня нізасьці". У бліжэйшы час Партыі выставяць рахункі за жалобныя шэсьці на Дзяды ў межах аднаго мільярда рублёў. Лік ідзе на сотні мільёнаў. Разьлік, што Партыя не аплоціць і тады ўлады яе забароняць. Партыя сапраўды нічога ня будзе плаціць, ня будзе прызнаваць вымагальніцтва і рабаўніцтва  (нават калі б мела грошы).

            Падсумоўваючы інфармацыю аб гнюснасьці, якая творыцца і плянуецца, мы, кіраўніцтва КХП--БНФ, ад імя Партыі заяўляем, што мы не баімся ніякіх псэўда-судоў і ніякой рэпрэсіўнай камэдыі, якую разыгрываюць перад намі. Мы ведаем, што гэтаму

чэкісцкаму рэжыму ў Менску і Маскве засталося нядоўга быць. Яны самы   наблізяць свой канец. Забарона беларускай Партыі і заключэньне ў турму Юры Адамавіча Беленькага гэты рэжым ужо не ўратуе. Мы верым у наш народ і сьветлую будучыню Беларусі. Слава Радзіме.

 

1 сьнежня 2014 г.                                         Зянон Пазьняк

 

 

Дадаць у: