НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

РЭВАЛЮЦЫЯ І РЭКАМЕНДАЦЫІ "БЕСКАРЫСНЫХ ІДЫЁТАЎ"

РЭВАЛЮЦЫЯ І РЭКАМЕНДАЦЫІ "БЕСКАРЫСНЫХ ІДЫЁТАЎ"

15-га верасьня сталы камітэт Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы прыняў дэклярацыю. Згодна дэклярацыі, ПАРЭ лічыць, што Беларусі патрэбны «дэмакратычны, шырокамаштабны і інклюзіўны палітычны дыялёг» з удзелам у ім грамадзкай супольнасьці дзеля мірнага выхаду з крызісу. У Беларусі трэба правесьці рэформы, пачынаючы з рэформы канстытуцыі. Вось гэтак яны "дэмакратычна" падтрымліваюць лукафашысцкі рэжым, "канстытуцыйную рэформу" (пры ўладзе Лукашэнкі), да чаго імкнуцца Пуцін і Лукашэнка, каб замацаваць "союзное государство" і пуцінскую ідэю аншлюсу Беларусі.

Вось так яны кажуць пра «дэмакратычны, шырокамаштабны дыялёг» народа з нелегітымным антынародным крывавым рэжымам у час народнай рэвалюцыі. Вось так яны рэвалюцыю называюць "крызісам", дэманструючы няведаньне таго, што адбываецца ў Беларусі.

Прытым характэрна, што лібэральны інтэрнэт-партал "Свабода" напісаў да ўсёй гэтай чумы такі загаловак: "ПАРЭ: Празрыстае і бесстароньняе рассьледаваньне дзеяньняў сілавікоў — першы крок для аднаўленьня даверу грамадзян Беларусі да ўладаў".

На думку "бескарысных ідыётаў" трэба "аднавіць давер" паміж рэвалюцыйнымі, патопленымі ў крыві і катаваньнях беларусамі і злачынцам Лукашэнкам, які лётае з аўтаматам Калашнікава і "разьбіраецца" з "народцам".

Для ацэнак гэтага "эўра-ўсяго" ўжо проста няма слоў. Дый ня трэба, напэўна. Дастаткова пачытаць.

Нагадаю, што адным са станоўчых чыньнікаў, які паспрыяў перамозе Беларускага Народнага Фронту ў дасягненьні незалежнасьці Беларусі, было тое, што ўвесь вярхоўны палітычны Захад выказаўся за «перабудаву» СССР і супраць незалежнасьці Беларусі і Украіны і, як вынік, розныя заходнія "чэмбэрлены" ня лезьлі да нас са сваімі дэмакратычнымі прапановамі, далярамі і дэклярацыямі. Беларусь стала незалежнай, бо нашай незалежнасьці мы дамагліся самы, і ўсе на сьвеце па чарзе тое прызналі.

Як толькі ў канцы 90-х гэтая эўрапубліка нахлынула ў Менск са сваімі грантамі, далярамі, ганс-вікамі, правамі маргіналаў і т. п. -- першым чынам яны, укінуўшы грошы, у супрацоўніцтве з КГБ развалілі Народны Фронт, перакупілі сваю грантавую "апазыцыю" і пачалі рыхтаваць Беларусь да "аб’яднаньня" з Расеяй. Больш дзесяці гадоў барацьбы пайшло ў нас на змаганьне з гэтай эўрадыверсіяй і яе "апазыцыяй".

І вось жа пачынаецца зноў. Прапануюць "аднаўляць давер" паміж забойцамі і ахвярай.

А вось што кажа толькі што кіраўнік дыпмісіі Эўразьвязу Жузэп Бурэль. Ён лічыць, што выйсьце -- у палітычным дыялогу паміж уладамі і грамадзтвам. Пачатку такога дыялогу магла б спрыяць назіральная місія АБСЭ. "Аднак мы не змаглі зьвязацца зь беларускімі ўладамі ні на якім узроўні»", -- бядуе Бурэль. Яны не разумеюць элемэнтарных рэчаў: Лукашэнка ні з кім ня будзе гаварыць -- ні з Эўропай, ні з народам (ні з Мэркель, ні з Бурэлем).

Яны ня могуць уцяміць, што калі рэжым лукафашызму падтрымлівае Масква і маскоўскі гэбізм, то Эўропа бясьсільная. А калі ўцямяць гэта, то пачнуць шукаць кампрамісу з Масквой, каб разам акелзаць беларускую рэвалюцыю.

(Дарэчы, гэта ёсьць палітычны альфабэт, табліца множаньня, якую мусіў бы засвоіць кожны беларускі палітык, каб не зьяўляліся новыя калабаранты)

Але хопіць пра іх.

Беларусы, не спыняймася! Хай пашыраецца наш беларускі вызвольны рух па ўсёй Беларусі! Стварайма страйкамы. Вучэмся дзейнічаць падпольна. Салідарызуймася. Гуртуймася пад нашым сьцягам. Рыхтуймася да жорсткага змаганьня за Беларусь, за нашу волю, праўду і свабоду.

Арыентуймася на Вольную Беларусь. Стварайма яе суполкі і аддзелы. Арганізуймася пад яе праўдай.

Узурпатар Лукашэнка мусіць зьнікнуць. Ён ня ёсьць прэзыдэнтам! Ён злачынца. Павінна быць вернута сапраўдная Канстытуцыя 1994 года (гвалтоўна адкінутая лукафашысцкім рэжымам у 1996 г.у выніку дзяржаўнага перепвароту). Мусяць быць новыя вольныя выбары парляманта і прэзыдэнта, згодна гэтай сапраўднай Канстытуцыі. Спадзяемся на сябе -- і мы пераможам.

 

15 верасень 2020 г.                                                  Зянон ПАЗЬНЯК

 

narodnaja-partyja.org

Дадаць у: