Гісторыя зьяўленьня фашызму паўтараецца да дробязяў. У Расеі аднаўленьне і фармаваньне фашысцкай сістэмы ідзе па апрабаванай (класічнай) схеме. Там ў наяўнасьці ўжо ўсе родавыя прыкметы фашызму: маргіналізм ідэалогіі, ўшчымленная мэнтальнасьць абыватэляў, агрэсіўнасьць, імпэрскія мэты, дэклярацыі аб ратаваньні і пераробцы чалавецтва, стаўка на сілу, салідарызацыя на нянавісьці да навакольнага сьвету і ўсіх народаў, адмаўленьне ад свабоды, месіянскае ўспрыняцьце сваёй імпэрскай выключнасьці, геапалітычная палітыка агрэсіі і вайны за перадзел сьвету.
Напад на Ўкраіну, анэксія Крыма, захоп Данбаса азначае пачатак новай актыўнай фазы фашызму ў Расеі. Паламаны міжнародны парадак бясьпекі, які трываў дагэтуль. Расея адкрыта выяўляе варожасьць да сістэмы Заходняга сьвету. Агучвае мэты барацьбы зь ім аж да ўжываньня атамнай зброі. Руская агрэсія мае зьмест і набывае формы цывілізацыйнай вайны.
У камуна-фашысцкіх сістэмах цэнтральную ролю, якая вызначае палітыку, мае ідэалогія. Ідэалогіяй цяперашняга фашысцкага рэжыму ў Расеі ёсьць канцэпцыя "Русский мир" (рускі сьвет). Згодна з гэтай канцэпцыяй "русский мир" ёсьць ўсюды там, дзе гучыць руская мова. Адпаведна Расея прад’яўляе права на гэтае месца і тэрыторыю.
Такая ідэалогія натуральна вырасла з усёй папярэдняй рускай імпэрскай палітыкі. Ў цяперашнім выглядзе яна пачала фармавацца яшчэ ў 90-х гадах ў асяроддзі КГБ і праваслаўнага аддзелу КГБ (Рускай Праваслаўнай Царквы).
Ідэалогія "Русский мир" спэцыяльна створана пад магчымасьць апраўданьня расейскай агрэсіі ў любым месцы сьвету, дзе ёсьць асяроддзе, што гаворыць па-руску (незалежна ад этнічнага паходжаньня). Зьмест ідэалогіі і тэхналогія агрэсіі тыпова рускія. Ствараецца прапагандысцкі міф аб уціску рускай мовы (альбо "рускіх") ў якім-небудзь месцы Эўропы (сьвету), і гэта быццам бы дае права Крамлю ўвесьці туды войска дзеля нібыта "абароны" "русского мира". Фашысты зрабілі рускую мову галоўным чыньнікам агрэсіі і акупацыі тэрыторыяў. Мяркую што высновы з гэтага вольныя народы зробяць непасрэдныя і канкрэтныя. "Русский мир" больш ня пройдзе, пятай калоны ня будзе.
Зафіксавана ў інфармацыі і ў парламанцкіх дакумантах, што ў першай палове 90-х сістэматычныя кантакты з рускімі фашыстамі меў дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Аляксандар Лукашэнка. Ён неаднаразова езьдзіў у Маскву ў рускую Думу, у ФСБ і прыняў пазыцыю "русского мира" як ідэалогію ўлады . Масква, ФСБ і КГБ забясьпечылі яму апэратыўную падтрымку на прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе.
Пасьля прыходу Лкуашэнкі да ўлады ідэалогія "русский мир" стала афіцыйнай палітыкай прамаскоўскай улады ў Беларусі і галоўным ідэалагічным чыньнікам унутраннай акупацыі краіны. За кароткі час былі ліквідаваныя нацыянальныя законы, беларуская Канстытуцыя 1994 года, зачыненыя беларускія школы, беларускае радыё і тэлебачаньне, беларускія кнігавыдавецтвы і часопісы, распачата жорсткая рэпрэсіўная палітыка супраць усяго беларускага і адначасна паўсюднае насаджэньне рускай мовы нахабна, з нахрапам і зьнявагай беларусаў.
Палітыка вынішчэньня ўсяго беларускага і насаджэньне "русского мира" працягваецца ўжо 20 гадоў. Вынікі жахлівыя. Заадно са зьнішчэньнем беларускай мовы і засільлем рускага "языка" адбывалася абсаджэньне расейскімі кадрамі, службістамі і шпіёнамі асноўных дзяржаўных пасадаў у краіне. Дваццаць гадоў ідзе непрыкрытая рэпрэсіўная падрыхтоўка да анэксіі Беларусі.
Галоўным выканаўцам гэтай палітыкі і галоўным злачынцам перад нацыяй зьяўляецца Аляксандар Лукашэнка. Шкоду для Беларускай нацыі, якую ён ужо пасьпеў зрабіць, немагчыма ні з чым параўнаць. Не было ў гісторыі Беларусі большага злачынцы перад нацыяй і краінай, чым гэтая адыёзная фігура, што засела на вяршыні ненароднай улады.
Пакараньне такой фігуры непазьбежнае як непазьбежным павінна стацца адраджэньне Беларусі і зьяўленьне супраціву палітыцы рускага фашызму.
На сёньняшні дзень, калі фашысцкая Расея адкрыта ступіла на шлях разьвязваньня вялікай вайны за перадзел сьвету, абапіраючыся на ксэнафобію і русізм, кожнаму беларусу трэба задумацца пра галоўнае -- пра важнасьць сваёй роднай беларускай мовы і культуры ў справе захаваньня нашай дзяржавы, незалежнасьці і свабоды. Беларуская мова і культура -- гэта ёсьць аснова нашага нацыянальнага існавньня і галоўная зброя нашай свабоды.
Супраць рускага фашызму кожны народ мае найперш магутную абарону ў сваёй мове і культуры. І толькі потым уступае ў рахунак войска і вайсковая зброя.
Мы, беларусы, мусім рыхтавацца да вайны з маскоўскім фашызмам па галоўных накірунках абароны: ўмацоўваць і пашыраць нашу беларускую мову і культуру і рыхтавацца да збройнага адпору крамлёўскаму ворагу.
Халодная вайна супраць існаваньня незалежнай Беларусі вядзецца ўжо дваццаць гадоў. Але цяпер, калі Масква напала на Украіну, расейская агрэсія наблізілася да нашых сьцен. Зброя супраціву павінна быць у нашых руках.
Слава Айчыне! Жыве Беларусь!
20 верасьня 2014 г. Зянон Пазьняк