(Выступ на верасьнёўскім Сойме КХП – БНФ і БНФ «Адраджэньне»)
.
Зьменны сьвет і перамены ў міжнародных прынцыпах прымушаюць нас думаць, казаць і пісаць пра галоўнае: пра расейскую агрэсію супраць Украіны, пра вайну, пра выяўленьне фашызму ў Расеі, пра рэшту сьвету і наш нацыянальны лёс.
Верагоднасьць пашырэньня рускай агрэсіі, вайны і анэксіі Беларусі настолькі вялікая, што неабходнасьць канкрэтных дзеяньняў, запатрабаваных яшчэ ўчора, сёньня павінна стаць прыярытэтам у нашым падыходзе да практычных справаў. І ў асьветніцкай, і ў мэмарыяльнай, і ў сацыяльна-культурнай, і ў прапагандысцка-інфармацыйнай працы трэба ўлічваць гэты прыярытэт і неабходнасьць падрыхтоўкі да абароны нацыі і дзяржавы.
Як заўсёды, у абставінах пагрозы міру, незалежнасьці і свабодзе, важна рэальна бачыць становішча і рэальны накірунак падзей. Цяперашняя, на мой погляд, пасьпешная аналітыка (што ў Беларусі, што ў Расеі, што на Захадзе) перамешана з палітыкай і прапагандай, і таму разыходжаньні вельмі вялікія. Але амаль усе крытыкі зыходзяцца на тым, што Пуцін заганяе сябе ў тупік, што заходнія санкцыі яго задушаць, што яны вымусяць яго рабіць зваротны ход, бо Расея ня вытрымае, эканоміка яе зваліцца ў яму, і вось тады Захад дацісьне і Пуціна, і Расею. Але Захад мусіць быць рашучым і жорсткім у сваіх санкцыях і падыходах.
Сапраўды, калі б у пэрыяд захопу Крыма ўкраінцы аказалі б супраціўленьне, а Захад праявіў бы рашучасьць, жорсткі падыход і пасьлядоўнасьць, то інвазія ў Данбас магла б і не адбыцца. Цяпер вайна ідзе поўным ходам, і дыпламатыяй ды санкцыямі яе ня спыніш.
Літаральна ва ўсіх даступных мне крытычных аналізах выяўлена перакананьне, што ў далейшым канфлікце з Захадам расейская палітыка – гэта авантура, якая прывядзе да паражэньня і распаду Расеі. Пры гэтым параўноўваюцца эканамічныя, фінансавыя і дэмаграфічныя рэсурсы абодвух бакоў, якія ўражліва не ў карысьць Расеі. І таму мала хто верыць (хоць і шмат пішуць), што пуцінская Расея пойдзе далёка ў сваёй агрэсіі і тым больш, што яна на гэтым можа нешта зыскаць, акрамя ізаляцыі і паразы.
Усе такія меркаваньні разумныя, бо заснаваныя на логіцы, на рацыё і рэальнасьці. І якраз таму (у дадзеным выпадку) яны памылковыя. Расея не жыве ні па розуму, ні па логіцы, ні па рэальнасьці. Яна існуе па хаценьню, яе дзеяньні ірацыянальныя. Галодны расеяц будзе думаць не аб тым, як паесьці, а аб тым, каб забраць Дарданэлы і ўсім даць па гарбе, каб баяліся, бо ўсе вінаватыя, што ён галодны. Эўрапейскім розумам Расею не зразумееш. Але беларусы, украінцы, палякі, што жылі пад расейскай акупацыяй, азіяцкі характар Масквы ведаюць. І яго трэба ўлічваць пры ацэнцы рускай агрэсіі і ваеннных падзей.
Ні Пуцін, ні расейскі натоўп ня зробяць зваротны ход, не адступяцца ад агрэсіі. Вайна будзе працягвацца, і пры пэўных абставінах – аж да трэцяй Сусьветнай, выйграць якую Расея мае большыя шансы, чым Захад, зыходзячы з тых прычын, якія я тут адзначыў, тым больш, што (у адрозьненьні ад Захаду) каштоўнасьць чалавечага жыцьця ня мае ў расейцаў ніякай цаны.
Палітычная сістэма Расеі (карпаратыўная дыктатура КГБ з моцнымі функцыямі прэзыдэнта) лепш прыстасавана да вайны, чым заходняя. Асабліва маючы на ўвазе бюракратычную сістэму ўлады Эўразьвязу з закамуфляванай функцыяй «лібэрум вето» па асноўных пытаньнях палітыкі і няздольнасьць у ваеннай вобласьці.
На Захадзе цяпер няма валявых палітычных лідэраў, здольных да рашучых дзеяньняў і да прыняцьця адказных рашэньняў у экстрымальных умовах. Тым часам у любых агрэсіўных дзеяньнях Пуціна (калі яны яму спатрэбяцца) можна не сумнявацца. Уся гісторыя злачынстваў гэтай асобы (пачынаючы ад падрыву дамоў зь людзьмі ў Маскве і Валгадонску) вымоўна ягоныя мэтады пацьвярджае.
Ваенная дактрына Расеі, прынятая пры Пуціне, прадугледжвае выкарыстаньне атамнай зброі «пры пагрозе бясьпецы Расеі». Пачынаючы з руска-грузінскай вайны, пастаянна гучаць рускія намёкі і пагрозы аб атамнай бамбардоўцы. Крэмль прывучае Захад да магчымасьці ўжываньня Расеяй тактычнай атамнай зброі і кропкавых ядзерных удараў і ўпэўнены, што адэкватнага адказу ня будзе. (Яго сапраўды, хутчэй за ўсё, ня будзе.)
У выпадку стратэгічнага канфлікту Расея сапраўды мае зброю, супраць якой Захаду цяжка справіцца. Расея сапраўды можа ператварыць Амэрыку ў «радыёактыўны попел», хоць і сама застанецца пустыняй. З гледзішча заходніх рацыё і логікі, такое не павінна адбыцца, бо бессэнсоўна, бо гэта самагубства. З гледзішча Пуціна, «Матросава», «Мачылава» ды розных матросаў-жалезьнякоў (у стане афэкту) – гэта геройства.
Для рускіх падпальшчыкаў вайны цяпер склаліся спрыяльныя міжнародныя абставіны, найперш у сувязі з палітычным аслабленьнем Амэрыкі і войнамі на Блізкім Усходзе (якія Расея падтрымлівае). Калі Амэрыка не праявіць рашучасьці, хуткіх і моцных эканамічных і палітычных дзеяньняў, то Крэмль дацісьне Эўразьвяз, і Эўропа «заклапочана» здасьць Украіну. І тады ... і тады пачнуцца працэсы распаду Эўразьвяза, дзе руская агентура, дыпламатыя і вывезеныя на Захад рускія грошы спрацуюць на поўніцу. Дадам, што Эўразьвяз як штучная бюракратычная і дэмакратычная сістэма ў большай ступені падвержаны распаду ў крызісных умовах, чым дыктатарская Расея. Не забывайма таксама, што ў краінах Эўразьвязу і левыя цемрашалы, і правыя шавіністы, экстрэмісты, фашысты падтрымліваюць Пуціна і ягоную палітыку супраць Украіны, а фірмы занепакоены убыткамі.
Мае разважаньні тут дзеля таго, каб астудзіць гарачую веру некаторых прыхільнікаў эўрадэмакратыі ў магутнасьць НАТО і моц Эўразьвязу. Ня раіў бы недаацэньваць сацыяльна адсталую, п’яную, «нямытую» і звар’яцелую Расею зь ядзерным арсэналам у кішэні.
Неверагодная прапагандысцкая хлусьня расейцаў, паталагічная ілжа, жорсткасьць, нянавісьць і подласьць у палітыцы і ў вайне супраць Украіны скаланулі ўвесь разумны і нармальны сьвет, усіх людзей добрай волі. У некаторых усё перакульваецца ў галаве, іншыя ня могуць паверыць, што такое магло стацца і г. д. Маральная нізасьць Пуціна пакаробіла ілюзіі і ўяўленьні пра рускую палітыку і яе дзеячоў. Але калі без эмоцыяў -- то што «ў хімічным асадку»? А тое, што пасьля няўдалага бліц-крыгу ў Данбасе, Расея хутка зьмяніла тактыку і крок за крокам (і ў ваеннай сфэры, і ў прапагандзе, і ў палітыцы, і ў дыпламатыі), хлусячы цынічна і нахабна, паступова заваёўвае пазыцыі і ідзе да сваёй агрэсіўнай мэты, памалу выйграючы і ціснучы на ўсіх. Так званае менскае «перамір’е» добры таму прыклад. Ужо мала ўспамінаюць і пра нядаўна зьбіты «Боінг 777» (Расея ж не Лівія).
Нельга недаацэньваць палітыку зла на той падставе, што зло подлае, нікчэмнае, гадкае, амаральнае, бессаромнае і г. д. Ад сваёй подласьці і амаральнасьці зло ня здохне, бо гэта і ёсьць яго страшная зброя. Расея ўвесь час праводзіць азіяцкую палітыку стэпу і вандроўнай арды, не нясучы ніякай адказнасьці перад чалавецтвам і не праймаючыся нічыім лёсам. Ёсьць Расея і ёсьць сьвет вакол яе, які, згодна рускіх уяўленьняў, ёй варожы і чужы. І сэнс яе існаваньня -- у змаганьні з гэтым чужым сьветам ворагаў і басурманаў, што хочуць яе пагубіць. Ідэалёгія Чынгіз-хана трывае па сёньняшні дзень.
Зьмест падзей і ход вайны на Украіне паказваюць, што нацыянальная будучыня Украіны, Беларусі, Усходняй Эўропы і статус усёй Эўропы залежыць цяпер ад Украіны, ад яе перамогі над рускім агрэсарам. І самае істотнае ў тым, што рэальна Украіна перад пачварнай сілай Расеі мусіць спадзявацца найперш на саму сябе. Ад яе супраціўленьня залежыць і падтрымка.
Калі б пуцінскі фашызм растаптаў Украіну, то наступнай ахвярай станем мы, беларусы. Наша салідарнасьць з Украінай – гэта наша жыцьцёвая неабходнасьць. Акрамя падтрымкі Украіны словамі, тэкстамі і акцыямі патрэбная рэальная збройная салідарнасьць і дапамога. На дзяржаўным узроўні такое немагчымае, паколькі Беларуская дзяржава захополена прамаскоўскай антыбеларускай уладай. Але дапамагаць Украіне можна дабраахвотным удзелам беларусаў на баку ўкраінцаў у барацьбе супраць рускіх нападнікаў і акупантаў. Ужо дзясяткі нашых землякоў змагаюцца на фронце за вольную Украіну. Але гэта мала. Беларусам трэба сфармаваць цэлыя батальёны дабраахвотнікаў і стаць плячо ў плячо разам з украінцамі «за вашу і нашу свабоду». Гэта трэба рабіць неадкладна. Гэта наша агульная справа.
У падрыхтоўцы да абароны Беларусі застаюцца тыя ж задачы, што і раней: структураваньне па дзьве-тры асобы, назапашваньне зброі і выбухоўкі, рыштунку, амуніцыі. Да пары – адсутнасьць дзеяньняў і гарызантальных сувязяў, катэгарычнае пазьбяганьне заўчаснай арганізацыйнай фармалізацыі і інфармацыі. Прапаганда па ланцуговай схеме. Таксама фіксацыя агентуры і ворагаў Беларусі.
Трэба брацца за працу ўсім патрыётам і сьведамым грамадзянам краіны. Што будзе зроблена, тое не змарнуецца, калі прыйдзе час.
Па апытаньнях вядома, што змагацца са зброяй у руках за Беларусь на сёньняшні дзень гатовыя паўтара мільёны чалавек. Рэальна гэта будзе ў разоў 20 меней, але і гэта – вялікая сіла (75 тысяч). Глядзем сьмела ў будучыню. Імпэрыя зла мусіць зламаць саба карак і клыкі на Украіне. Дапаможам Украіне, навучымся біць ворага і разумна перамагаць без артылерыі, авіяцыі і танкаў, бо гэта магчыма. Памятайма, што цяпер самы паскудны лозунг – гэта рабскі покліч беларускіх саўкоў: «Абы вайны не было». Вайна ўжо пачалася на Украіне, і меркаваньні саўкоў там нікога не цікавілі. Будзьма салідарныя з Украінай і рыхтуймася да абароны нашай Беларускай Айчыны.
Жыве Беларусь! Вечна жыве! Славе героям!
14 верасьня 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК