Пазаўчора, 11-га красавіка, адбылася дрэнная падзея, якая па значэньні для народа роўная публічнаму парваньню Сьцяга зграяй Ціцянкова і зьняцьцю Пагоні з Дому Ўраду. Рэжым дэмантаваў помнік Багдановічу ў Менску пад выглядам пераносу ў іншае месца.
Магчыма, прыкра шмат каму назіраць, што за 14 гадоў хамскага зьдзеку зь Беларусі грамадзтва ні ў чым істотна не перамянілася. Але быў час, калі існавала іншае грамадзтва, якое жыло годнасьцю, духам, культурай і веліччу Бацькаўшчыны. Гэтым грамадзтвам мроіў у несьмяротнай “Пагоні” наш вялікі Максім Багдановіч. Гэтае грамадзтва мы, беларусы, адродзім, уздымем з шэрасьці, дрымоты і паняверкі. У гэтым унутраны сэнс нашай палітыкі і штодзённай працы.
Крыніцу сілы і моцы беларускага грамадзтва добра разумеў маскоўскі непрыяцель нашага існаваньня. Сто пяцьдзесят гадоў спатрэбілася Маскве, каб цалкам зьнішчыць наш набілітэт (нашчадкаў шляхты і беларускай інтэлігенцыі дабівалі ўжо за часы сталінскага генацыду). І толькі тады, пасьля вынішчэньня народнай эліты, людзей гонару і сумленьня, грамадзтва ўтапілася ў цемру, у сьлепату і прыняло над сабой уладу цемры, і стала жыць страхам, і пагадзілася на гвалт. У гэтым, найперш, генэральная і мэнтальная прычына вось ужо скора чатырнаццаці гадоў трываньня прамаскоўскага рэжыму на Беларусі. Беларускае змаганьне за волю, культуру і дэмакратыю ў гэтакіх умовах ёсьць найперш змаганьнем нацыянальнага авангарду.
У канцы ХХ стагоддзя мы стварылі такі авангард і, абапіраючыся на антыкамуністычны настрой грамадзтва, вярнулі незалежнасьць Беларусі. Выразная і канкрэтная стратэгія Адраджэньня абумовіла і выразную тактыку нашай мінулай і цяперашняй палітычнай працы: стварэньне нацыянальнага грамадзка-палітычнага авангарду (беларускай сілы), доступ нацыянальнай эліты да ўлады і адначасна нацыянальна-дэмакратычная асьвета грамадзтва, на якое мусіць абаперціся авангард, каб прыйсьці да ўлады, адрадзіць і адбудаваць вольную Беларусь.
Прычына паразы Беларускага Адраджэньня ў 1992 г. (ліквідацыя рэфэрэндуму аб выбарах) і ў 1994 г. (няўдача ў выбарах прэзыдэнта) заключаляся ня толькі ў існаваньні татальнай савецкай улады і савецкага КГБ, але і ў мэнтальнасьці старой савецкай сьведамасьці грамадзтва, непадрыхтаванага да адэкватнага ўспрыняцьця нацыянальнай ідэі, да свабоды, да пераходных цяжкасьцяў навізны і да змаганьня за агульную долю.
Масква выдатна разумее гэтую простую паліталёгію і скарыстоўвае беларусафобскі рэжым Лукашэнкі (найперш праз агентуру), як кажуць, на ўсе сто адсоткаў. Вынішчэньне беларускага йдзе па ўсіх накірунках, рознымі мэтадамі, але пасьлядоўна, паступова і мэтадычна. Ствараюцца нагоды, робяцца правакацыі для масавых рэпрэсіўных дзеяньняў, прымаюцца абсурдныя антынародныя законы.
Маскоўская і прамаскоўская агентура на Беларусі найбольш шчыльна кантралюе сілавыя структуры (гэбізм гэта якраз умее рабіць). Дзеяньні сілавых структураў (з поўнай згоды і пад кантролем Лукашэнкі) носяць канкрэтны рэпрэсіўны характар з індывідуальнай “прапрацоўкай” кожнага беларускага ворага. У мінулым годзе кіраўнік КГБ расейскі генэрал Жадобін нават пахваліўся (трэба ведаць расейцаў), што яны ўжо падлічылі 1767 небясьпечных для рэжыму беларусаў, якія (трэба разумець) пры аказіі будуць рэпрэсаваныя (ці ліквідаваныя).
Беларусам варта не забывацца, што бальшыня расейскіх генэралаў – гэта бандыты ў лампасах, і аднесьціся да словаў генэрала Жадобіна сур’ёзна (гумар бо ў генэралаў не прыжываецца). Аднак, я не заклікаю нашу інтэлігенцыю і моладзь асьцерагацца, баяцца ці хавацца. Сур’ёзнасьць палягае на фізічным законе, што на кожнае дзеяньне ёсьць супроцьдзеяньне. Супраць жадобінскага сьпісу на ліквідацыю беларусы павінны скласьці свой сьпіс. І што характэрна – ў яго ня прыдзецца ўключаць тысячы жадобінцаў. Хопіць толькі ўпісаць дзясятак-паўтара маскоўскіх цемрашалаў, каб падчас дзеяньня фізічнага закону гэтая акупацыя дзяржымордаў (калі толькі яны пачнуць) пасыпалася, як гара парожніх бутэлек з-пад маскоўскага піва. Будуць драпаць пешкі да Масквы, як некалі, толькі пяткі заблішчаць. (Зрэшты, такі сьпіс справа не складаная.)
25 Сакавіка, у юбілейны Дзень 90-х угодкаў Незалежнасьці БНР, рэжым арганізаваў свой чарговы выклік у твар усім беларусам – жорстка зьбіў людзей на вуліцах Менска, што выйшлі адзначыць вялікае сьвята Незалежнасьці Айчыны. Пабілі і арыштавалі каля дзевяноста чалавек (якія, дарэчы, не рабілі нічога антыпраўнага). Зьвярніце ўвагу на гэты адзін з тысячы тыповых фактаў. Гэтак, як было ў Менску 25 Сакавіка, гэтак ненавідзяць, непаважаюць людзей і гэтак адносяцца толькі да акупаванага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі. Ніякога права і ніякіх праўных нормаў, стаўка толькі на сілу, грэблівасьць да людзей, якіх трактуюць як жывёлу. Нічога сьвятога, ніякай павагі да нацыянальных пачуцьцяў і да годнасьці чалавека; зьбіваньне і зьнявага жанчын, усьведамленьне беспакаранасьці за свае ўчынкі. І Ўсё гэта, паўтаруся, у юбілейны Дзень вялікага нацыянальнага сьвята. Адкрытая агрэсіўная і дэманстратыўная непавага.
Тут жа, неўзабаве пасьля нападу на людзей у Менску, пачаліся вобшукі, ператрусы ў журналістаў і экспрапрыяцыя (проста рабаваньне з санкцыі пракурораў) электроннага абсталяваньня. Практычна, была выключана з працы ўся журналісцка-інфармацыйная сістэма Беларускага тэлебачаньня БелСАТ на Беларусі.
На што тут трэба зьвярнуць увагу? Перш за ўсё, на тое, што гэтыя акцыі і правакацыі рыхтаваліся рэжымам заранёў (санкцыі на ператрусы ў журналістаў пракуратура выдала яшчэ 17 сакавіка). Яны зьяўляюцца часткай агульнага пляну вынішчэньня беларускага руху перад новымі інтэграцыйнымі дзеяньнямі, якія Масква ў чарговы раз плянуе на восень гэтага года. Дзейнічаюць груба і па-кагэбоўску. Бо інакш ня ўмеюць – улада кагэбоўская.
Пасьля агрэсіі 25 і 27 сакавіка цэлая чарада так званых “аналітыкаў” пачала “аналізаваць”, адводзіць увагу іншых у тупік ад рэальнасьці, з важным выглядам казаць пра “гульні” Лукашэнкі з Эўразьвязам, пра “суперніцтва” групаў ва ўладзе рэжыму і т.п. лухту. Тут, аднак, усё зразумела.
Цікава паслухаць таксама маскоўскі бок, асабліва “рупараў”, тыпу шпіёна Суздальцава. Задача гэтых зрабіць выгляд, што Расея тут ні пры чым, што новая хваля брутальных антыбеларускіх рэпрэсіяў – гэта, маўляў, адлюстраваньне няўзгодненасьці і змаганьня за прыхільнасьць Масквы ўнутры самой рэжымнай улады на Беларусі і г. д.
У прынцыпе, нічога новага ў сакавіцкай агрэсіі мы не знаходзім. Тыповыя дзеяньні акупацыйнага рэжыму і тыповая пазыцыя Масквы. Усё, як заўсёды, так і цяпер. Але істотна адзначыць, што акцыі і паводзіны рэжымных уладаў на Беларусі становяцца ўсё больш цынічнымі і дэманстратыўна антыбеларускімі. Справа ня ў тым, што яны вырашылі больш не хавацца, справа ў тым, што чужыя людзі ня могуць доўга прыкідвацца сваімі, асабліва, калі нас ненавідзяць. “А пачэму разгаварываеце па-беларускі? Вы что, фашыст?” – рычэў некалі генэрал Жадобін на майго намесьніка Юры Адамавіча Беленькага. Гэта у 2000 годзе, калі была спроба забойства Юры гэтымі ж “сілавымі структурамі”. Тады сумнавядомы Ганс Вік, які супрацоўнічаў у антыбеларускай справе з КГБ, разам са сваёй камарыльляй усяляк стараўся замоўчыць факт нападу на Ю. Беленькага. Памятаю, як ён яшчэ апраўдваўся перад радыё “Свабода” і нешта лепятаў накшталт “у нас все равны” і “мы не вылучаем, хто пацярпеў больш, хто менш” і г.д. Тады шпіёна Віка мы (Фронт) аб’явілі пэрсонай нонграта. Пра генэрала Жадобіна крамлёўцы ўспомнілі ў Маскве пазьней. Нядаўна ён стаў кіраваць КГБ у Менску і складаць сьпісы на Беларусаў.
Насіленьне антыбеларускіх рэпрэсіяў, па ўсім відаць, будзе працягвацца. Па-першае, кагэбоўская ўлада нічога іншага ня ўмее рабіць, як сачыць і душыць. Яна навучана толькі гэтаму і гэтакую яе палітыку мы бачым у Расеі і Беларусі. Таксама Крэмль-Лубянка цяпер у трывожным стане, які пераходзіць у лёгкую паніку. Бо нягледзячы ні на што, Беларусь жыве. Жыве і трывае. Нягледзячы на задушную атмасфэру і рускую школу, нягледзячы на тое, што спадары імітатары і грантасмокі з падстаўной апазыцыі разбэсьцілі і зглумілі цэлае маладзёвае пакаленьне канца 90-х гадоў, нягледзячы ні на што — нарастае новая беларуская моладзь, якая змагаецца за Беларусь, як умее, але галоўнае – з сьветлымі думкамі і з Богам у сэрцы.
Пералом адбудзецца тады, калі моладзь падтрымаюць бацькі. Гэтага закардонныя стратэгі ад імпэрыі Чэка асьцерагаюцца найбольш.
Хай асьцерагаюцца. Мы таксама ведаем, што трэба рабіць. Антыбеларускі рэжым і гэбоўская ўлада ў Маскве адкрыта выступаюць супраць Беларусі, беларускіх людзей, беларускай эліты, беларускай мовы і беларускай культуры (успомнім пуцінскія “мухі-катлеты” і “шэсьць вобласьцяў”). Беларусы ў гэтай сытуацыі павінны таксама адкрыта бараніць Беларусь і гнаць жадобіных у грыву і хвост. І магчымасьць такая не за гарамі.
12 красавіка 2008 г., Нью-Ёрк
Зянон ПАЗЬНЯК