НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

“САНКЦЫІ – ДЫЯЛОГ – САНКЦЫІ”

“САНКЦЫІ – ДЫЯЛОГ – САНКЦЫІ”

(З выступу на Сойме КХП – БНФ 14 красавіка 2013 г.)

 

... Ёсьць зьявы, якія цыклічна паўтараюцца ў палітыцы (напрыклад, адносіны да выбараў рэжыму, байкот фальшывага галасаваньня і інш.). Тут наша беларуская фронтаўская пазыцыя добра абгрунтаваная і ўспрынята грамадзтвам.

            Існуюць цыклічныя падзеі, якія маюць штучнае паходжаньне. Да такога роду падзей адносяцца так званыя міжнародныя санкцыі супраць рэжыму і іх адмена. Наша пазыцыя тут таксама даўно вызначаная: мы супраць эканамічных санкцыяў. Але навязьлівасьць гэтай чужой палітыкі вымагае ўвесь час паўторных азначэньняў і тлумачэньняў.

            Найперш трэба адзначыць, што няма ў гісторыі прыкладаў, калі б эканамічныя санкцыі абвалілі нейкі дыктатарскі рэжым ці неяк пахіснулі яго ўладу. Хутчэй наадварот. Тым часам удар па грамадзтву, па простых людзях зафіксаваны ня раз. Эканамічныя санкцыі ніколі ня ўводзіліся насуперак эканамічным інтарэсам тых краінаў, якія іх уводзілі. Эканамічныя санкцыі, як правіла, аслаблялі эканамічную моц краіны, супроць якой яны былі ўжытыя, але ніколі не аслаблялі моц дыктатуры. У так званых эканамічных санкцыях заўсёды адсочваюцца элемэнты палітычных гульняў дзеля выгады пэўных краінаў і эканамічных групаў. У гэтым і ўся сутнасьць.

            Эканамічныя санкцыі супраць Беларусі (г. зн. нібы супраць рэжыму Лукашэнкі) патрэбныя найперш Маскве. Яна ж падтрымлівае і цыклічнасьць санкцыяў (г. зн. у адпаведны момант падтрымлівае іх адмену).

            Санкцыі ўзмацняюць уплыў Масквы на антыбеларускі рэжым, ствараюць магчымасьць лягчэй захапіць беларускія прадпрыемствы, вытворчасьць і маёмасьць, навязаць палітычныя рашэньні і вымушаную залежнасьць. Тым часам непрызнаньне міжнароднай супольнасьцю рэжыму ў Менску, нелегітымнасьць яго ўлады робіць усе маскоўскія захопы ў Беларусі даволі прывіднымі і юрыдычна нікчэмнымі, без гарантыяў на будучыню. Тады на пэўным этапе ў Маскве робіцца адмашка на дыялог. Уключаецца агентура, дзейнічаюць “рары” ды “вікі”, працуе лобі рэжыму. Мэта такога адкату (які ўжо за гісторыю рэжыму паўтораны некалькі разоў) – паспрабаваць легалізаваць некаторыя інстытуты рэжымнай улады ў абмен на палітзьняволеных, ці фармальныя папраўкі ў заканадаўстве хунты. Легалізацыя інстытутаў улады антыбеларускага рэжыму патрэбна Маскве, каб замацаваць незаконныя маёмасныя зьдзелкі з рэжымам (продаж “Белтрансгазу”, напрыклад, які, дарэчы, беларусы без ваганьняў у будучыні павінны вярнуць назад, і інш.).

            Калі б нават частковая легалізацыя рэжыму адбылася, то адразу зноў пачаўся б новы цыкл зрыву “дыялогу” і ўвядзеньне заходніх эканамічных санкцыяў. Маскоўскую палітыку цыклічнай апрацоўкі “свайго сукінага сына” мы назіраем ужо шмат гадоў. Цяпер адбываецца чарговы этап штурханьня да “даялогу” .

            У дачыненьні да такой эўра-маскоўскай палітыкі адносна Беларусі гэта той выпадак, які вымагае разуменьня аб якіх каштоўнасьцях ідзе справа. Беларусь знаходзіцца пад прэсам чужой тыпова акупацыйнай унутранай палітыкі (асабліва ў вобласьці культуры). Мэта гэтай палітыкі, інспіраванай з усходу, -- паступовая страта незалежнасьці і захоп нацыянальнай уласнасьці нашай краіны. Прызначэньне ў такіх умовах эканамічных санкцыяў (нібы супраць рэжыма) – гэта нож у горла дзяржавы, якую ў дадзеным выпадку цяжка аддзяліць ад акупацыйнага рэжыму. Уся ўлада і ўся народная маёмасьць знаходзяцца ў руках гэтага рэжыму. Прынцып змаганьня з мышамі шляхам спаленьня гумна з мышамі ці прынцып бальшавікоў – жаданьне паразы ў вайне сваёй краіне (заўважце, за нямецкія грошы) тут катэгарычна непрыймальны.

            Грунт, на якім мы ўсе, беларусы, стаім, і на чым будуецца наша будучыня, -- гэта наша дзяржава, наша незалежнасьць, наша зямля і ўся нацыянальная маёмасьць незалежна ад уласнасьці. Нельга лёгкадумна да гэтага адносіцца з пазыцыяў якой-небудзь палітычнай купіны. Жорсткія эканамічныя санкцыі на рэжым узмацняюць эканамічны і палітычны ціск рэжыму на бяспраўны народ. Гэта пацьверджаны факт. Лявацкае разуменьне, што пад ціскам эканамічных санкцыяў зьбяднелы народ узбунтуецца і рэжым перакуліцца – наіўнае і памылковае. Усё якраз наадварот. Бедны народ траціць здольнасьць на асэнсаваную палітычную барацьбу і ня можа супрацьстаяць дыктатуры. Калі народ у галечы, дыктатура робіцца (аб’ектыўна) крайне жорсткай і рэпрэсіўнай. Для нацыі пры любой сістэме ўлады лепш, калі нацыянальная маёмасьць ёсьць ў нацыянальным валоданьні, у дзяржаве, калі грошы не ўцякаюць за мяжу, калі ёсьць шмат адукаваных і багатых людзей і калі народ не мадзее ў нястачы, бо сур’ёзныя палітычныя перамены адбываюцца не на ўзроўні страўніка, а на ўзроўні ідэй, сацыяльных і духоўных інтарэсаў.

            Гэта агульныя палажэньні, якія маюць дачыненьне да становішча ў Беларусі, але рашаючым чыньнікам тут ёсьць агрэсіўная палітыка Расеі. Перакрыцьцё эканамічнай дарогі на Захад павялічвае манапольныя і экспансійныя магчымасьці Расеі (асабліва пры адкрытай мяжы з Беларусяй). Пад пагрозу ставіцца незалежнасьць краіны.

            Гэтую пагрозу незалежнасьці па-прапагандысцку выкарыстоўвае рэжым дзеля зьняцьця ўсіх санкцыяў. Інспіравана дзейнасьць лабістаў, квазіапазыцыі і цэлай катэгорыі “адбельвальнікаў”, якія фармальна слушна кажуць аб агрэсіўных інтарэсах Расеі ў Беларусі, аб павелічэньні эканамічнай залежнасьці ад Расеі, аб манапалізацыі палітычнага ўплыву з Усходу і г.д. Яны прапануюць узамен палітыку “дыялогу” Захаду з антыбеларускім рэжымам, “дарожную карту”, “пакрокавы плян”, “мадэрнізацыю” яго палітычнай і эканамічнай сістэмы, “лібэралізацыю”, “дэмакратызацыю” і т.п. лінгвістычныя прыдумкі, мілыя для заходняга вуха, але абсалютна непрыдатныя ў дачыненьні да акупацыйнага рэжыму ў нашай краіне. Мы бачым тут тыповую праяву расейскай цыклічнай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі: “санкцыі – дыялог – санкцыі”, вынікам якой павінна б стацца (згодна Масквы) захоп і забраньне беларускай нацыянальнай маёмасьці і легалізацыя рэжыму дзеля юрыдычнага замацаваньня расейскага рабаўніцтва.

            Складанасьць ня ў тым, што многія на Захадзе вераць у магчымасьць такога наіўнага пляну па дэмакратызацыі антыбеларускага рэжыму. Складанасьць у тым, што яны не разумеюць таго, што разумеем мы (бо доказнай аргумэнтацыі не існуе): Лукашэнка ў прынцыпе не павернецца да Захаду тварам, ня пойдзе ні на лібэралізацыю, ні на мадэрнізацыю. Ён можа пачаць бавіцца ў дыялог, зрабіць бачнасьць саступак, каб выйграць час, акалпачыць наіўных, урваць сваё (атрымаць легалізацыю, грошы, крэдыты і т.п.) і пабегчы ў Крэмль, каб закласьці Эўропу і ўрваць ад Крамля. Так жа было (і ня раз)! У 2010 годзе, напрыклад (у пэрыяд нібыта “лібэралізацыі”) прыехалі да яго ў Менск міністры Сікорскі і Вэстэрвэле, прапаноўвалі грошы, вялі сакрэтныя перамовы. У выніку Лукашэнка паехаў у Крэмль і здаў таварышу Пуціну ўсё, аб чым гаварылі міністры (наіўныя міністры потым аж ікалі ад афронту). А Лукашэнка тут жа папрасіў у таварыша Пуціна. Пуцін распарадзіўся па-свойму (падзеі 19 сьнежня 2010 года і т.п., палітвязьні, рэпрэсіі). Зноў пачалася фаза “санкцыяў”. Пераскок на фазу (у інтарэсах Масквы) дорага каштаваў Беларусі (фактычна была раздушана грамадзянская супольнасьць).

            Спробы сыграць у карысьць Беларусі на фазе “дыялог” былі зроблены ня раз, у тым ліку і з нашага боку. Маецца на ўвазе саміт “Усходняга партнёрства” у 2009 годзе ў Празе, у якім я прыняў удзел па ўзгадненьні з Партыяй. Але намі ставіліся задачы не дапусьціць прыезду Лукашэнкі на саміт у Прагу, не дапусьціць палітычнай легалізацыі ўзурпатара ўлады і паставіць перад заходнімі палітыкамі пытаньне аб кардынальнай карэктыроўцы пазыцыі ў дачыненьні да рэжыму. Менавіта: уключыць у паняцьце парушэньня правоў чалавека ў Беларусі палажэньні ААН аб палітыцы асіміляцыі (русіфікацыі) карэннага насельнітцва, аб тэндэнцыйным разбурэньні беларускай культуры, аб перасьледзе за нацыянальна-культурную дзейнасьць. Першыя дзьве задачы былі дасягнутыя. Па трэцяму пытаньню мы знайшлі разуменьне (прынамсі на словах) і завярэньні чэхаў быць нашымі прадстаўнікамі ў Эўразьвязе па гэтай праблеме. Намі (беларускай групай) была падрыхтавана выніковая заява перад самітам, якую падпісалі ўсе (А. Казулін, С. Шушкевіч, І. Сурвіла, З. Пазьняк), акрамя А. Мілінкевіча (ягоная лабісцкая пазыцыя была тады выразна акрэсьлена).

            Чым скончылася фаза “дыялог” (2009-2010), зьвязаная з “Усходнім партнёрствам”, вядома – сьнежнем 2010 года. Наступная фаза “санкцыі” трывала таксама два гады (2011-2012). За гэты час рэжым вытаптаў Беларусь і беларускае нацыянальнае жыцьцё, як чарада насарогаў культурнае поле. Расейцы захапілі “Белтрансгаз” і ўсю газава-энэргетычную структуру Беларусі, пачалі будаваць тут, практычна, сваю АЭС (непатрэбную і шкодную для Беларусі), пабудавалі тут свае хімзаводы, працягнулі лапы да Салігорскага калійнага камбіната, да МАЗу, загналі рэжым у шкодны для Беларусі Мытны зьвяз, заплянавалі на 2015 год загон краіны ў Эўра-Азіяцкі саюз, які пазбавіць Беларусь сувэрэнітэту (тады зноў адбудзецца зьмена фазаў). І вось сьвежае акупацыйнае дасягненьне Масквы ў фазе “санкцыі” – заплянавана пабудова новага расейскага газаправода праз нашу зямлю (ужо бяз згоды Беларусі).

            Масква загрэбла столькі, што пара ёй пераходзіць да “дыялогу”, яна будзе старацца зафіксаваць нарабаванае. Ужо спусьцілі з ланцугоў журналісцкую агентуру, выказваюцца эўрапалітыкі, загаманіла квазіапазыцыя ў Менску і ўсё тое, пра што я пісаў у папярэдняй заяве аб тэндэнцыі да легалізацыі рэжыму. Але, як кажуць, усе нашы беды не ў сіле ворагаў, а ў слабасьці нас самых. Таму галоўная наша задача ў супрацьстаяньні антыбеларускай палітыцы – гэта ёсьць мацаваньне нашага адраджэнцкага руху, выкананьне нашых асьветніцкіх і палітычных праграм (у тым ліку і апошняй “Глядзім у будучыню”).

            У дачыненьні да палітычнай тактыкі “санкцыі – дыялог – санкцыі” мы, як і раней, прытрымліваемся нашай адраджэнскай пазыцыі, якую я каротка нагадаю, назваўшы па пунктах.

            1. Эканамічных санкцыяў для Беларусі не павінна быць.

            Пры ўмовах, калі антыбеларускі рэжым Лукашэнкі знаходзіцца ў фармальна-залежным саюзе з пуцінскай Расеяй, якая праводзіць палітыку забору беларускай маёмасьці, увядзеньне эканамічных санкцыяў з боку Захаду супраць Беларусі ёсьць непрыхільным крокам да нашай антырэжымнай барацьбы, ўскладняе нам будучыя адносіны зь людзьмі, дарэчы ставіць пад сумнеў дзейнасьць Будапэшцкага Мэмарандуму 1994 года. (Зазначу, што на Мэмарандум 1994 г. спасылаецца і акупацыйны рэжым, пазыцыю якога крытыкуе ў гэтай справе Захад. Але аргумэнты абодвух бакоў слабыя, бо Расея першая парушае гэты Мэмарандум).

            2. Пазытыўным было б такое рашэньне, калі б Захад пакінуў і ўзмацніў палітычныя санкцыі супраць антыбеларускага рэжыму, якія выяўляюцца ў забароне ўезду ў заходнія краіны асобам, прыналежным да незаконнага перасьледу беларусаў і грамадзянаў Беларусі па палітычных, вызнанёвых і нацыянальна-культурных матывах.

            Дадам, што гэтакія санкцыі ёсьць адэкватным, непасрэдным і канкрэтным дзеяньнем, зьвернутым да канкрэтных асобаў з канкрэтным абвінавачваньнем. Яны зразумелыя людзям і самым парушальнікам.

            Тым часам накладаньне эканамічных санкцыяў у вялікай сваёй частцы мае апасродкаваны характар у дачыненьні да шматлікіх пабочных асобаў, якія, практычна, ня маюць дачыненьняў да палітыкі антыбеларускай хунты. Фактычна тут мае месца прынцып закладнікаў, які не павінен выкарыстоўвацца ў міжнародных адносінах.

            3. Паміж Захадам (Эўразьвяз) і антыбеларускім рэжымам могуць адбывацца “перамовы”. Слова “даялог” павінна быць выключана тут з палітычнага лексікону. Тэрмін ёсьць неадэкватны. Для дыялогу няма зыходных дадзеных бакоў. Яны (дадзеныя) не карэлююцца. Дыялог адбываецца паміж партнёрамі. З тэрарыстамі вядуць перамовы.

            4. У перамовах Захаду з антыбеларускім рэжымам павінна быць выключана магчымасьць легалізацыі рэжыму і яго структураў узамен за саступкі ў правах чалавека і т.п. (Саступкі могуць быць вернуты рэжымам адным махам пасьля дасягненьня мэты). Таму кампэнсацыяй за саступкі павінны стаць пэўныя гандлёвыя паслабленьні, пэўныя прэфэрэнцыі, крэдыты, увядзеньне асабістых тэрмінаў для палітычных санкцый, мэтавая падаткавая мытная палітыка і г.д. Прынцып такі: узамен за саступкі рэжыму ў палітыцы на шляху дэмакратыі будзе спрыяньне яму ў эканоміцы і гандлі. Тут адыход ад прынцыпу закладнікаў. Біч зьмяняецца на моркву. Фактычна гэта будзе той жа працэс эканамічных санкцыяў, толькі вернуты з галавы на ногі і не за кошт нашага народа.

            Паўтаруся, магчымасьць легалізацыі антынароднага рэжыма мусіць быць выключана з правілаў перамоваў. Але тэарэтычна яна можа існаваць пры адной умове:

            а).   Поўная зьмена рэжымнага выбарчага заканадаўства на дэмакратычнае.

            б). Поўная зьмена ўсіх чальцоў і кіраўніцтва Цэнтральнай Выбарчай Камісіі і Акружных камісій па выбарах.

            в). Правядзеньне дэмакратычных выбараў прэзыдэнта пры дэмакратычным фармаваньні акружных і ўчастковых выбарчых камісій, групаў назіральнікаў за выбарамі і няўдзеле Лукашэнкі ў гэтых выбарах. (Не бывае легітымных прэзыдэнтаў па 20 гадоў).

            Зразумела, што пры ўладзе антыбеларускага рэжыму такая нармальная ўмова ня будзе выканана, але ў рэгламэнт перамоваў тое можа быць закладзена.

            5. Прапанаваны склад перамоваў (эканоміка ў абмен на палітыку) можа наразіць Захад на пэўныя выдаткі. Але сродкі на гэтыя выдаткі можна лёгка пераарыентаваць. Трэба Захаду спыніць фінансаваць падстаўную апазыцыю і ўсіх адбельвальнікаў рэжыму. Як толькі спыніцца фінансаваньне, ад гэтых грантасмокаў і духу не застанецца каля палітыкі. Будзе зроблена тым самым вялікая паслуга нашай краіне – пазбаўленьне ад паразітаў, правакатараў, блытаньнікаў і канторскай агентуры ў Беларускім Руху, расчысьціцца дарога для новых людзей, сапраўдных змагароў за вольную, нармальную дэмакратычную Беларусь.

            Павінен падкрэсьліць, што ўсё, пра што я тут (у гэтых пунктах) апісаў, ёсьць чужая палітыка, якая закранае нашыя карэнныя нацыянальныя інтарэсы. Перамовы (калі да іх дойдзе) пачнуцца з гандлю палітвязьнямі (такя створана штучная сытуацыя) у абмен на адмену санкцыяў на ўезд ў Эўразвяз для лукашыстаў (баш на баш). А ў гэты час (пакуль тая валтузьня), як і раней будзе адбывацца нішчэньне Беларусі, захоп маскоўцамі нашай маёмасьці, засяленьне кітайцаў, будаўніцтва АЭС, поўная ліквідацыя беларускай школы, пачатак ліквідацыі нацыянальнага тэатра і г.д.

            Наш прынцып у дачыненьні да цяперашняга Захаду такі: “Падтрымлівайце, але не перашкаджайце”. У сваім доме мы мусім наводзіць парадак самы, цэнячы прыхільнасьць і разуменьне сяброў, суседзяў, усяго сьвету.

 

            Мушу сказаць таксама, што гэтыя развагі, выкладзеныя па пунктах, ёсьць толькі развагі, выклад нашай фронтаўскай пазыцыі. Гэта не ўльтыматум, не прапановы, не прэтэнзіі. Мы не зьбіраемся нічога нікому на Захадзе прапаноўваць, бо маем вопыт і добра ведаем, што будзе (дакладней – што ня будзе). Мы больш зацікаўлены, каб пра гэта ведалі і разважалі нашыя беларусы. Нагадаю, што ў 1990-91 гг. увесь Захад, пачынаючы ад прэзыдэнта Буша-старэйшага, выказаўся супраць незалежнасьці Беларусі. Усе яны глядзелі на Гарбачова і жадалі захаваць СССР (“скопішча зла” па іхняй жа тэрміналогіі). Мы, сябры Народнага Фронту, ня бачылі тады ў нас (і дзякуй Богу!) ні воднай заходняй палітычнай фізіяноміі. Але нам (верце мне) былі “да лямпачкі” усе іхнія заходнія меркаваньні. Беларусь мусіла стаць незалежнай, а СССР і КПСС – сканаць. Мы верылі ў гэта, змагаліся, скарысталі гістарычны момант і перамаглі. Верма – пераможам і цяпер. Слава Беларусі!

 

Зянон Пазьняк

 

                                                           Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

14-15 красавіка 2013 г.

 

Дадаць у: