НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ШАНУЙМА ВОЛЬНУЮ БЕЛАРУСЬ

ШАНУЙМА ВОЛЬНУЮ БЕЛАРУСЬ

            Паважаныя спадарыні і спадары! Дарагія Беларусы!

            Вітаю ўсіх на 31-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі.            

            Цяперашняя сустрэча адбываецца ў складаны міжнародны і цяжкі для нашай Бацькаўшчыны час. І якраз гэты цяжкі час вымагае ад усіх беларусаў у сьвеце ўзаемаразуменьня і гуртаваньня на падставе каштоўнасьцяў, якія важныя для нашага дзяржаўнага, нацыянальнага і культурнага існаваньня,-- беларуская мова, культура, свабода.

            Наша краіна ўжо 20 гадоў знаходзіцца пад унутранай акупацыяй прарасейскіх стаўленьнікаў і функцыянераў. 20 гадоў вядзецца ўнутраная вайна Масквы супраць беларускай нацыі. Мы бачым яе разбуральныя вынікі.

            У гэтым годзе Расея напала на Ўкраіну, захапіла Крым, акупавала Данбас. Зараз там ідзе вайна. Украінцы ваююць з расейскім войскам і бандамі расейскіх наймітаў.

            Цяперашні 31-ы збор беларусаў Паўночнай Амэрыкі адбываецца ў  пераломны час, калі зьмяняецца сусьветны парадак, створаны пасьля 2-й Сусьветнай вайны. Гэты парадак, практычна, ужо не існуе. Сьвет вяртаецца да ўзроўню 1939 года.

            Агрэсія Расеі супраць Украіны (цалкам прадбачаная ў нас у Беларусі і ва Украіне) стала поўнай нечаканасьцю для Захаду, які ня ведае, што рабіць, каб захаваць свой камфорт і статус кво. Але для нас, для беларусаў і для украінцаў, -- зноў паўстала пытаньне свабоды і нацыянальнага існаваньня.

            Зараз лёс Усходняй Эўропы вырашаецца ва Украіне. Калі б адбылася акупацыя Украіны Расеяй, то працягам яе стала б далейшае ўвядзеньне расейскага войска і ўзбраеньняў на Беларусь, стварэньне дэ-факто зоны акупацыі нашай краіны.

            Эўропа, як звычайна, не ўсьведамляе сур’ёзнасьці становішча, але мы, беларусы, гістарычна вымушаныя тое разумець, ня гледзячы на поўнае панаваньне рускага гёбэльс-тэлебачаньня і рускай ілжывай прапаганды ў беларускай інфармацыйнай прасторы.

            Вольныя беларусы (гэта значыць тыя, якія адмаўляюць антыбеларускі рэжым Лукашэнкі), гэтыя беларусы ідэёва і парктычна (гэта значыць практычнымі дзеяньнямі -- удзелам у вайне на баку ўкраінцаў) падтрымліваюць абаронцаў Украіны, што ваююць супраць рускага нашэсьця.

            Мы ўсе вольныя беларусы кажам: Слава Украіне! Героям слава!

            Мы, беларусы за мяжой, нашыя беларускія арганізацыі за мяжой, нашая Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква -- усе падтрымліваем нашых братоў украінцаў у іхнай барацьбе і ў іхнай сьвятой абароне Айчыны.

            Адначасна мы бачым, як крок за крокам, пад прыкрыцьцём прамаскоўскага рэжыму  адбываецца ціхая вайсковая акупацыя Беларусі, уводзяцца рускія войскі на нашу тэрыторыю, рускія эскадрыльлі стратэгічных самалётаў займаюць беларускія аэрадромы, у беларускім войску створаныя цэлыя расейскія гарнізоны (напрыклад, у Менску на вуліцы Якуба Коласа), дзе расейскія вайскоўцы маскуюцца ў беларускай армейскай форме. Расейскія генэралы і афіцэры таемна ўведзены ў беларускія сілавыя структуры і ўвесь наш сілавы блок ужо насычаны расейскімі шпіёнамі і інфарматарамі.

            Крэмль ужо даўно рыхтуе ўкраінскі сцэнар на Беларусі. Пуцін пра гэта аб’явіў яшчэ ў 2002 годзе, калі заявіў аб планах захопу Беларусі і далучэньня нашай тэрыторыі да Расеі шасьцю вобласьцямі.

            Цяперашняя сытуацыя ва Ўсходняй Эўропе паказвае, што пры разгортваньні ўкраінскага сцэнара ў Беларусі адзіным эфэктыўным, і абавязковым сродкам супраціўленьня мусіць стаць збройная барацьба з акупантам. Адсутнасьць збройнага змаганьня будзе азначаць аншлюс нашай краіны па волі народа. Беларусы не павінны такога дапусьціць, таму рыхтавацца да збройнага супраціву трэба ўжо цяпер, і кожны дзень, і кожную гадзіну. І такі працэс ужо пачаўся. Ёсьць беларусы, якія ваююць за вольную Украіну. Ёсьць патрыёты, якія будуць абараняць Беларусь.

            Заклікаю беларусаў замежжа падтрымліваць влольную Беларусь і вольную Украіну і быць гатовымі дапамагаць Бацькаўшчыне ў змаганьні супраць рускага фашызму і імпэрскай агрэсіі крамлёўскай Расеі. Падтрымлівайма і шануўма самых сябе і свой народ.

            Жыве Беларусь! Вечна жыве! Слава героям!

 

30 жніўня 2014 г.                                                      Зянон ПАЗЬНЯК 

 

Дадаць у: