НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ШКОДНІЦТВА Ў КУРАПАТАХ

ШКОДНІЦТВА Ў КУРАПАТАХ

У Курапацкім лесе з боку незаконна пабудаванага рэстарана высякалі просеку, каб можна было зьмяніць межы ахоўнай зоны і вывесьці з-пад адказнасьці парушальнікаў.

 

У лісьце “Аб шанаваньні Курапатаў” (21. 05. 2013) да кіраўніцтва і сяброў КХП-БНФ і Хрысьціянскай Злучнасьці Курапаты я выказаў сумненьні ў рэальнай сутнасьці заклікаў арганізаваць агульнанацыянальную талаку ў Курапатах з боку людзей, якія ўжо ня раз адзначыліся ў правакацыях супраць Народнага Мэмарыяла. Я прасіў сяброў Партыі ўважліва назіраць за паводзінамі гэтых асоб, каб яны не зрабілі шкоды мэмарыяльнаму помніку, бо ініцыятывы такіх асобаў не бываюць шчырымі і маюць падвойны сэнс.

            Так яно і аказалася. Доглядам, зборам і вывазам сьмецьця гэтыя людзі не займаліся, а сканцэнтраваліся на высечцы просекі на ўскрайку Курапацкага лесу, што з боку рэстарана ў ахоўнай зоне, будаўніцтва якога прыпынена пракуратурай. Уласьнікі рэстарана спрабавалі яшчэ раней спакусіць каго-небудзь з “грамадзкасьці” рознымі прапановамі, кшталту прыняць удзел у дабраўпарадкаваньні помніка (прафінансаваць) і іншым. Відаць, вынікам такой актыўнасьці “рэстарана” стала ідэя, якая зьявілася ў афіцыйных колах, -- “удакладніць” (чытай “зьмяніць”) межы ахоўнай зоны помніка. (Тым часам межы ёсьць і даўно ўстаноўлены). Узьнікла адпаведнае “даручэньне”, зьявіўся архітэктар, які пачаў ужо працу над заданьнем.

            У гэты ж час зьяўляецца ініцыятыва вядомых асобаў аб “агульнанацыянальнай талацэ” ў Курапатах. І сапраўды пасьля 25 траўня некалькі дзён падрад прыходзіла ў Курапаты група маладых мужчын. На ўскрайку лесу ад рэстарана яны высеклі кусты і маладыя дрэвы просекай 20 мэтраў у шырыню і 200 мэтраў у даўжыню, пакінуўшы рэдкія дрэвы з боку поля (там, дзе рэстаран). Ніякім доглядам  тэрыторыі яны не займаліся. Пасьля іх засталіся груды сьмецьця. Вывазам жа кустоўя і зсечаных маладых дрэваў вымушаныя былі заняцца лесьнікі зь Лясной гаспадаркі Зеленгаса. Працаўнікі гэтай гаспадаркі былі вельмі абураныя, убачыўшы, што тут наварочана і колькі загінула дрэў. (За зсяканьне дрэў у лесе ўстаноўлена строгая адказнасьць і штрафы.)

            Наконт штрафаў і адказнасьці -- тут справа лесьнікоў (яны, дарэчы, ужо забаранілі высечку і мяркуюць паставіць на просецы шлагбаўм).

            Нас цікавіць, навошта “ініцыятары” пад выглядам “талакі” зрабілі высечку на ўскрайку лесу з боку рэстаран-бардэля?

            Адказ відавочны: каб зьмяніць мяжу Курапацкага лесу, адсунуць яе яшчэ на мэтраў 30-40 далей ад рэстарана, каб потым, у выніку існуючага “даручэньня”, можна было “ўдакладніць” мяжу ахоўнай зоны так, каб рэстаран-бардэль апынуўся па-за яе межамі, і такім чынам зьняць судовую адказнеасьць за яго незаконнае будаўніцтва.

            У справе аховы помнікаў я ўдзельнічаю з сярэдзіны 1960-х гадоў і шмат наглядзеўся на гэтакія фокусы бюракратыі і парушальнікаў. Прыцягнуць іх да суду за саветамі было, практычна, немагчыма. Цяпер, на жаль, амаль нічога не зьмянілася. Стала нават горш (там, дзе ўплываюць грошы).

            У справе Курапатаў працягваецца вайна паміж расейскім ФСБ-КГБ-НКВД (які зацікаўлены ліквідаваць улікі генацыду і дзейнічае схавана) і беларускімі людзьмі, якія клапоцяцца за існаваньне і зьберажэньне помніка. Тут, ў гэтай вайне,  вылазяць на паверхню і дасьледчыкі-палітрукі, і ліпавыя вязьні Гулагу, і ліпавыя “дэмакраты”, і проста недалёкія людзі, якіх лёгка настроіць. Спробы ўплываць на падзеі ў Курапатах з боку антынароднай канторы не спыняюцца. Але марныя гэта спробы, бо ўсё будзе выведзена на чыстую ваду, на сьвятло, і ад адказнасьці (ад маральнай адказнасьці, найперш) ніхто не схаваецца.

(На здымках відаць, як работнікі Лясной гаспадаркі ачышчаюць просеку ад зсечаных маладых дрэваў і кустоўя пасьля працы так званых “валанцёраў”.)

 

6 чэрвеня 2013 г.                                                                                                        ЗЯНОН ПАЗЬНЯК   

 

Дадаць у: