Лічу, што разуменьне таго, што стаіць за гэтымі пытаньнямі вельмі, важным. Яно дае магчымасьць ставіць задачы дзеля будучыні.
СЬВЕТ
Сьвет уступае ў новы сістэмны крызіс фінансавы, эканамічны, энэргетычны. Называюць розныя лакальныя прычыны крызісу (які пачаўся ў 2008 годзе) ад правалу амэрыканскай іпатэкі да выемкі даляравай масы з банкаў ЗША і канцэнтрацыя яе ў іншым месцы (пра што кіраўнік фэдэральнай фінансавай сістэмы ЗША некалі сказаў, што "яны памыліліся").
Але агульная прычына крызісу (на мой погляд) -- перанасычэньне сусьветнага рынку таварамі, стагнацыя таварных дачыненьняў і адсутнасьць новых віду тавараў (як гэта адбылося, напрыклад, у 1930-40-х гг.). І толькі сусьветная вайна, а потым (галоўнае) зьяўленьне і разьвіцьцё новай хімічнай вытворчасьці (і адпаведна -- новых відаў тавараў) вывела чалавецтва зь вялікай дэпрэсіі і эканамічнага крызісу.
На сёньняшні дзень такога новага віду тавараў яшчэ няма, але, відаць, людзі ўжо на падыходзе, бо вельмі вялікую ролю ў эканоміцы сталі адыгрываць інавацыі і тэхналёгіі. Гэта відавочны шлях да прадухіленьня будучага глабальнага энэргетычнага крызісу і новы мэтад вырашэньня энэргетычных праблем, якія цесна павязаныя з палітыкай і падзеламі ў сьвеце.
Асноўнымі крыніцамі сусьветнай энэргіі зьяўляюцца нафта і газ. Знаходжаньне новых крыніц энэргіі і новых тэхналёгіяў здабычы нафты і газу прывядзе, напэўна, да рэзкага зьніжэньня цаны на прыродную нафту, і можа мець катастрафічныя вынікі для краінаў, якія пабудавалі сваю эканоміку на здабычы нафты і газу. Гэта найперш -- краіны Блізкага Усходу, Паўночнай Афрыкі і арабскага сьвету, а таксама Расея, Іран, Туркменістан і інш.
Вынікам рэзкай перамены можа стаць зьбядненьне краінаў экспарцёраў нафты і магчыма нават разбурэньне гэтых дзяржаў, што можа выклікаць лакальныя войны (нават з ужываньнем ядзернай зброі).
Цалкам магчымым стане, напрыклад, ваенны канфлікт паміж шыіцкім Іранам і суніцкай Саудаўскаў Арабіяй, альбо вайна Ірана з Ізраілем (пры інсьпірацыі Расеі), а таксама новыя ваенныя агрэсіі Расеі.
Ніводная з краін, што маюць рэсурсна прывязаныя эканомікі і існуюць з прадажы нафты і газу ня здолее хутка перабудавацца на прадуктыўнае стварэньне інавацыяў і тэхналёгіяў, бо гэта вымагае часу, высокага разьвіцьця фундамэнтальнай навукі, наяўнасьці інтэлектуальнай і тэхнічнай эліты і карэннай перабудовы вытворчасьці.
Для гэтых краін час працуе супраць іх, бо няўхільна разьвіваецца здабыча нафты і газу са сланцавых радовішчаў. Новыя тэхналёгіі ўжо дазваляюць прамысловую здабычу нафты са сланцаў, і яна ўжо пачалася ў Амэрыцы, нягледзячы на экалагічную шкоднасьць для людзей і прыроды. Запасы сланцаў нямераныя ў ЗША, у Польшчы і іншых краінах. Ізраіль увесь разьмешчаны на залежах сланцаў.
Вядома, справа тут ня простая. Пакуль што на гэтым полі мэтанакіравана (хоць і з пабочнымі выдаткамі) працуюць толькі Злучаныя Штаты. На сёньня сэнс сланцавай здабычы нафты ў ЗША ёсьць толькі тады калі сусьветная цана яе будзе вышэй за 60-65 даляраў. З другога боку нізкая цана на імпартуемую нафту выгадная амэрыканскай эканоміцы -- яна тады ажывае (што мы зараз і бачым).
У гэтай сытуацыі краіны-экспарцёры нафты ўжо нясуць страты, але баяцца зьмяншаць здабычу і павялічваць цану нафты, каб ня страціць рынкі. Тым больш, што пасьля адмены санкцыяў на рынак зноў выходзіць Іран (другая краіна пасьля Саудаўскай Арабіі па здабычы нафты ў сьвеце). Скептыкі (і канкурэнты) нэгатыўна адносяцца да сланцавай пэрспэктывы на рынку нафты (занадта дорага і экалагічна шкодна). Але навука і тэхналёгіі не стаяць на месцы і праца тут робіцца. Спакуса вялікая
Новая энэргетычная рэвалюцыя, калі яна завершыцца посьпехам, будзе выгадная, найперш, Ізраілю і ЗША, бо навука, эканоміка і вытворчасьць гэтых краін разьвіваюцца на ўзроўні 21-га стагоддзя, і пастаўлены на галоўны рэсурс -- на інтэлект чалавека (адпаведна, на інавацыі і тэхналёгіі). Гэтага няма ў арабскіх краінах, разбагацелых на нафтадалярах. Зьбядненьне арабскіх краін паспрыяе дамінацыі Ізраілю ў рэгіёне.
Энэргетычная рэвалюцыя будзе адбывацца балесна для людзей і народаў таксама з прычыны агульнага ідэйна-палітычнага крызісу лібэральнай дэмакратыі. «Эміграцыйнае нашэсьце» на Эўропу павялічыцца. Тым часам у Эўропе на грунце некантралюемага індывідуалізму, гіпертрафіраваных паняцьцяў пра свабоду і ўсеагульнай выбарнай сістэмы адбываецца падмена высокіх каштоўнасьцяў існаваньня фальшывымі і прымітыўнымі патрэбнасьцямі (выхад на паверхню жыцьця нізкіх сацыяльных і амаральных асоб), назіраецца карпаратыўнае зрошчваньне бізнэсу з палітыкай і пераасэнсаваньне палітычнай дзейначсьці, якая разглядаецца як прыватная ўласнасьць. Заўважаны паўсюдны рост карупцыі, цывілізацыйных супярэчнасьцяў і перакосаў у сацыяльных ацэнках людзей.
У выніку лібэральнай заідэалагізацыі і арыентацыі на прымітыўныя і нізкія інтарэсы дэмакратычнае грамадзтва траціць адчуваньне здаровага сэнсу, губляе маральны, гуманітарны, а ўрэшце і прававы кантроль над самым сабой (над інстытутамі сям’і, выхаваньня дзяцей, свабоды слова, сацыяльных дачыненьняў і г.д.).
Усё гэта, плюс прагматычная спэцыялізацыя і ськіраванасьць навукі на разьвіцьцё тэхнічнага прагрэсу звузіла яе гуманітарную сфэру і абнізіла ўзровень эліты грамадзтва, адчыніла магчымасьці для маргіналізацыі думаньня аднабока адукаваных людзей, да распаўсюджваньня псэўданавукі, якая зрошчваецца з афёрным бізнэсам, робіцца часткай масавай культуры і крайне адмоўна ўплывае на сьведамасьць, уяўленьні пра сьвет і жыцьцё сярэднестатыстычных пластоў насельніцтва.
Прыкладаў адсталых уяўленьняў жыхароў "інфармацыйнай цывілізацыі" (на самай справе "дэзінфармацыйнай") -- безьліч. За апошні час найбольш уражвае афёра 2012 года, пушчаная ў сьвет журналістамі, пра канец сьвета ў 2012 годзе па календары гістарычнага народа майя. Маса сярэднестатычных людзей паверыла гэтаму глупству. На Захадзе сярод часткі насельніцтва быў псіхоз. Распрадавалі маёмасьць, уцякалі ў горы і т. п. Словам, -- жывое сярэднявечча.
Навука, звычайна, ня ўмешваецца і не камэнтуе ўсялякую масавую міфалагічную лухту, таму што безнадзейна. Маса не валодае здаровым сэнсам і навуковым поглядам на сьвет (гэта не закладваецца ў сучаснай заходняй прагматычнай школе). Маса жыве міфалагічнай сьвядомасьцю і ўяўленьнямі пра схаваныя (сакрэтныя) таямніцы ды гатовыя веды, пра якія раптам можна даведацца (пачуць), не трацячы высілкаў на працу і адукацыю.
Тым часам маргіналізм, псэўданавука і гуманітарная абмежаванасьць асобы далёка не бяскрыўдная зьява, але шкодная для грамадзтва, асабліва для такога грамадзтва, якое йдзе па шляху навукова-тэхнічнага прагрэсу. Урэшце можа стацца, што гэты прагрэс ня будзе каму рэалізоўваць і ажыцьцяўляць.
Іронія яшчэ ў тым (а можа і не іронія, а трагедыя), што гуманітарная навука (якую ня любяць бізнэс і ўлада) аргумэнтавана даказвае, што "прагрэс" -- гэта ёсьць тупіковая галіна разьвіцьця. Але выхаду і іншага шляху пакуль што ніхто ня бачыць. Ёсьць шмат матэрыялістаў і талковых людзей, што сьвята вераць у прагрэс і абстрактнае разьвіцьцё чалавецтва па дарозе прагрэсу. І толькі рэальныя крызісы грамадзтва вяртаюць накірунак думак у канкрэтную рэчаіснасьць, да чалавека як меры ўсяго, да нацыі як асновы дзяржавы, да культуры як сфэры сучаснасьці і меры будучыні. Вяртаюць, але ня кожнага.
ДАЛЁКІ ПОГЛЯД
Гэтая тэма ня мае непасрэднага дачыненьня да таго, пра што я пішу, але яна даволі распаўсюджана ў грамадзтве, у якім людзі ўсё больш і больш адчуваюць тупіковасьць яго разьвіцьця і шукаюць выйсьця. Разважаньні адцягненыя і агульныя. Таму без канкрэтызацыі назаву толькі некаторыя аспэкты ў гэтай тэме.
Візію далёкай будучыні чалавецтва, асэнсаванай у ідэалёгіі, гістарычна ажыцьцяўлялі тры сістэмныя падыходы думаньня і тры арганізаваныя сілы грамадзтва (чалавецтва) -- гэта Хрысьціянства, нямецкі нацыянал-сацыялізм і рускі камунізм-бальшавізм. І нацызм, і камунізм у ідэёва-эсхаталагічным плане ўяўлялі сабой сурагат цёмнай сацыяльнай рэлігіі, замешанай на антыхрысьціянстве. Фактычна, у 20-м стагоддзі адбыўся зьнішчальны паход супраць хрысьціянскай эсхаталагічнай візіі чалавецтва. Гэтая гісторыя дае прастор для духоўных разважаньняў, якія могуць удасканаліць веды, але яны ўжо не ўплываюць на рэальнае грамадзкае жыцьцё.
Сучасная дэмакратычная (рынкава-спажывецкая) цывілізацыя будуе сваё бачаньне пэрспэктывы чалавецтва на двух падыходах, якія вынікаюць з прагрэсу: на цывілізацыйнай і экалагічнай катастрофе і на выхадзе чалавецтва ў космас, на перасяленьні яго на другія планеты.
Першы падыход цалкам рэалістычны, бо ў гісторыі Зямлі і чалавецтва ўжо былі і цывілізацыйныя, і экалагічныя катастрофы, якія прыводзілі да кардынальных зьменаў у прыродзе і ў грамадзтве. Але гэта ніякі ня вынік разьвіцьця, а толькі прадбачаньне краху цывілізацыі ў выніку бесталковага існаваньня. Улічыць трэба палітычныя падзелы ў сьвеце, агрэсіўнасьць асобных краінаў і наяўнасьць зброі планетарнага зьнішчэньня.
Другі падыход і намеры касьмічнага перасяленьня людзей на іншыя планеты, практычна, роўны нулю і ў рэальнасьці немагчымы. І зьвязана гэта не з неабходнасьцю авалоданьня новай магутнай і лёгка здабываемай энэргіяй, не з вырашэньнем праблемы кіраваньня гравітацыяй, магнітным полем, атмасфэрным ціскам, здабыцьцём кіслароду, вады, глебы і г. д., а з магчымасьцю кіраваньня прасторай і часам, бо час зямны (час зямной цывілізацыі) і час касьмічны -- несумяшчальныя па маштабу і па існаваньні ў прасторы.
Гэтая розьніца вырастае з павелічэньнем хуткасьці (якая для фізічнага цела ня можа быць большай за хуткасьць сьвятла). Нават калі б дзе-небудзь і былі б у космасе адначасна дзьве падобныя планеты Зямля, насельнікі іх рэальна ніколі не маглі б сустрэцца ў фізічным плане, бо працягласьць арганічнага жыцьця планеты (не кажу ўжо пра разумную цывілізацыю і пра працягласьць жыцьця чалавека) у параўнаньні з прасторай і часам космасу -- гэта адно імгненьне. Верагоднасьць зьяўленьня яшчэ адной разумнай цывілізацыі, тым больш двух і ў аднам часе (які фізічна неперадольны) настолькі малая, што цікава толькі для матэматычных аблічэньняў. Будаваць жа меркаваньні на верагоднасьці ў мінус 725-й ступені няма сэнсу, бо яе ня будзе.
Чалавек у фізічным плане і ў фізічным сьвеце у прынцыпе ня можа даляцець да іншых галактык і нават асвоіць тую, дзе ён знаходзіцца. У навуцы гэта вядома (пра тое пісаў, напрыклад, яшчэ 70-х гг. мінулага стагоддзя савецкі астраном акадэмік Т. А. Агекян).
Чалавек валодае фізічным целам і жыве ў канечным фізічным сьвеце (свеце Ньютана, Айнштайна-Бора-Гайзэнбэрга) дзе ёсьць межы формаў, колькасьцяў, хуткасьцяў і пераменнага часу. Гэта дало магчымасьць навуцы зразумець і даказаць пра немагчымасьць стварэньня фізічнага Пэрпетуум Мобіле ў фізічным сьвеце і пра немагчымасьць фізічнага перасяленьня фізічнага чалавецтва ў фізічным космасе. (Хаця, паўтаруся тэарэтычная верагоднасьць ў мінусовай ступені з трымя нулямі тут застаецца.)
Сэнс вечнага існаваньня чалавецтва, пераадоленьне фізічнай прасторы і часу, магчыма (верагодна) ня ў зьнешнім, а ва ўнутранным вектары разьвіцьця. Калі дапусьціць існаваньне побач з фізічным іншага вымярэньня і іншага сьвету, то перайсьці з фізічнага сьвету ў іншае вымярэньне і іншы сьвет тэарэтычна магчыма толькі пазбавіўшыся ад фізічнага цела (гэта значыць, праз сьмерць), калі лічыць пры гэтым, што паралельна з фізічным целам чалавек мае іншую духоўную сутнасьць (гэта значыць душу), якая можа існаваць у іншым вымярэньні, прасторы і часе.
Калі гэта дапусьціць, тады трэба адчыніць хрысьціянскае Эвангельле і чытаць далей. Там усё напісана. Тады стане зразумела, што дзеля жыцьця ў вечным космасе мала валодаць ведамі і быць адукаваным, трэба быць маральна абавязаным, жыць па сумленьню, па справядлівасьці і любові. Калі параўнаць лапідарна, то гэта -- як працаваць на атамнай электрастанцыі: мала ведаць, трэба выконваць і быць адказным. Калі п’янь і безадказнасьць -- тады Чарнобыльская катастрофа.
З высокім разьвіцьцём навукова-тэхнічнага прагрэсу (на чым стаіць цяперашняя цывілізацыя) і з выхадам на касьмічныя тэхналёгіі шматкроць ўзрастаюць патрабаваньні ня толькі да інтэлектуальных, але найперш да маральных якасьцяў чалавека. У Хрысьціянстве гэты тэзіс ёсьць галоўным. Аналагічны падыход (хоць і не галоўны, галоўным была ўлада) назіраўся і ў «сатанінскіх» нэацывілізацыйных ідэалагічных рэжымах. Ў гітлерцаў рабілася ніцшэанская стаўка на новую асобу «звышчалавека» (нямецкі «Лебэнсборн» пачынаў ужо нават генетычную сэлекцыю людзей дзеля вырошчваньня «звышчалавека»). Яшчэ большую увагу надавалі стварэньню новай камуністычнай асобы камуністы ў СССР. Без стварэньня новага камуністычнага чалавека камунізм немагчымы, лічылі яго ідэолагі (Хрушчоў нават «маральны кодэкс будаўніка камунізму» прыдумаў).
Калі зірнуць з гледзішча фармаваньня маральнай асобы на цяперашняе грамадзтва дэмакратыі і прагрэсу (якое апынулася ў палоне лібералізму), то мусім канстатаваць тут поўную адсутнасьць агульных маральных ідэалаў (і ідэалаў увогуле як сутнасьці). Ўсё заменена «каштоўнасьцямі», зь якіх галоўнымі ёсьць свабода і індывідуалізм («правы чалавека»). Стварылася база для разгортваньня маральнай энтрапаіі і спрыяльныя магчымасьці для самасцьвярджэньня нізкіх людзей.
І вось тут перад чаканьнем новых віткоў тэхнічнага прагрэсу і разважаньнямі пра касьмічны шлях паўстае галоўнае (на маю думку) пытаньне любой эсхаталогіі і разуменьне таго, што азначаюць для чалавека і чалавецтва высокая маральнасьць асобы, добрасьць, адказнасьць, любоў і справядлівасьць. Толькі валодаючы гэтымі якасьцямі чалавек (грамадзтва добрых людзей) можа станоўча ўладаць стыхіямі (і, дарэчы, кіраваць прагрэсам, які не прыводзіць да катастрофы).
Трэба канстатаваць, што цывілізацыя прагрэсу, якая адыйшла ад веры ў Бога, ня мае пэрспэктыўнай візіі будучыні. Чалавецтва жыве сучаснасьцю. І пра сучаснасьць ёсьць гэтае наша паведамленьне, памятаючы, аднак, што будучыня будзе.
БЕЛАРУСЬ
Улічваючы сусьветныя тэндэнцыі, паглядзім, па якой схеме дзейнічае антыбеларускі рэжым, кіруемы акупацыйнай палітыкай Масквы, і што адбылося з грамадзтвам за 20 гадоў прамаскоўскай унутранай акупацыі, першасная мэта якой -- зрусіфікаваць Беларусь, зьнішчыць этнічныя, духоўныя, культурныя і інтэлектуальныя асновы нацыі.
Тым часам, нягледзячы ні на што, беларуская нацыя жыве. Яна існуе, бо ня можа цемра зьнішчыць сьвятло. Але спынена разьвіцьцё грамадзтва. Моцна разбураныя этнічныя асновы, інтэлектуальны ўзровень пакаленьня апушчаны на цэлы парадак ніжэй і застаўся ў 20-м стагоддзі.
Гэта было дасягнута рэжымам найперш шляхам ліквідацыі нацыянальнай адукацыі на беларускай мове і наступнае -- мэтанакіраваным абніжэньнем узроўню адукацыі, праграмаў навучаньня і выкладаньня з арыентацыяй на ўчарашні дзень індустрыяльнага грамадзтва і адсталыя дачыненьні. Зацьверджана сістэма адукацыі, якая прынцыпова не адпавядае вымогам грамадзтва 21-га стагоддзя. Быў узяты курс на інтэлектуальную адсталасьць, адбылося зьмяншэньне гуманітарных навук і якасьці гуманітарнага навучаньня, што ізноў жа вынікала з дзеяньняў накіраваных на дэградацыю эліты, бо менавіта гуманітарныя ідэі і веды ствараюць інтэлігенцыю і эліту нацыі. Да гэтага ж працэсу спрычыняецца і паступовая ліквідацыя фундамэнтальнай навукі.
Некаторыя беларусы ў выніку прыстасаваньня да несвабоды, магчыма ўжо нават забыліся як яшчэ ў пачатку антыбеларускага рэжыму і акупацыйнай палітыкі было забаронена ўжываньне ў назвах словаў «нацыянальны», «народны», словаў «Беларусь», «беларускі», звароты «спадарыня» і «спадар», як спальваліся беларускія падручнікі для школаў, зачыняліся беларускія дзіцячыя часопісы і выдавецтвы, беларускае радыё і тэлебачаньне, як нішчылі беларускую мову, як зачынялі беларускія школы, як «амоны» кідаліся на гук беларускай мовы і хапалі людзей, цягнулі ў суд і судзілі за тое, што «нецэнзурна выражался», як кідаліся і рвалі Беларускі сьцяг і білі кулаком ў твар беларускай жанчыне (такога не было ад пачатку нашага народнага існаваньня – у Беларусі быў культ жанчыны, культ маці; нават за саветамі ніколі ні адзін «мент» не ўдарыў жанчыну). Але ў рускіх дзікуноў і ў зрусіфікаваных вырадкаў такой мяжы не было, яны парушылі спрадвечныя табу ў беларускай культуры.
Прыкметы агульнага ўпадку:
а) пануе катастрафічная палітычная бязграматнасьць і непісьменнасьць насельніцтва (якім лёгка маніпуляваць);
б) адчуваньне несправядлівасьці не нараджае волі да супраціўленьня;
в) не зьяўляюцца больш у грамадзтве нацыянальныя мудрацы і аўтарытэты, вялікія паэты і пісьменьнікі -- сумленьне і розум нацыі, якія былі нават за савецкай акупацыяй. Вялікія людзі 60-х адышлі, і засталася пустка. Няма больш такіх асобаў. Не запатрабаваныя. Не вырастаюць;
г) зьнешняя ацэнка нацыі з боку іншых народаў такая: беларусы ня любяць сваю краіну; не гавораць на сваёй мове.
Усё гэта -- парадыгма выміраньня і сьмерці. Яна ня ёсьць, аднак, абсалютнай, не зьяўляецца цалкам іманэнтным працэсам. Гэта зьява тыповая, калі інспіраваная зьнешнімі чыньнікамі чужой палітыкі абмежаваньня і прымусу з зададзенымі мэтамі.
Такая акалічнасьць ёсьць найважнейшы чыньнік, які трэба ўлічваць пры любым аналізе. Інакш высновы будуць памылковымі альбо антынацыянальна-прапагандысцкімі (гэта калі чыньнік чужой палітыкі не заўважаецца намерана).
д) У краіне разбурана, існаваўшая стагоддзямі пры ВКЛ, пагрунтаваная на законах, прыватная ўласнасьць на зямлю. На сёньняшні дзень Беларускі чалавек рэальна адлучаны ад зямлі і ад сродкаў вытворчасьці.
е) Беларускае грамадзтва рэальна адлучана ад выбару ўлады і ад кантролю над дзяржаўнай уладай (бо ўся выбарчая сістэма прыватызаваная рэжымам і знаходзіцца пад аднасобным кантролем дыктатуры). У выніку нацыя адмежавана ад палітыкі і ад уплыву на сваю будучыню, якая праектуецца ў такім выпадку чужымі сіламі і якія, насупеперак рэальным нацыянальным задачам, прапануюць фантомы і каланіяльныя хімеры змаганьня -- тыпу "правоў чалавека" і пытаньня, да каго далучыцца: да Захаду ці Ўсходу.
(Зацемка да слова: Якія могуць быць «правы чалавека» пад унутранай акупацыяй, калі чужая палітыка антынацыянальнай ўлады нішчыць нацыю!? Няхай Гітлеру, прад’явяць свае правы чалавека! І якіх такіх «правоў» дамагліся імітатары палітыкі ад гэтай гразі за 20 гадоў рэжыму? Не правоў трэба ў ворагаў прасіць, а ліквідаваць антыбеларускі рэжым. Усе сродкі прыдатныя. Былі б змагары.)
ж) У Беларусі мэтанакіравана пакінута неканкурэнтная ў цяпершчыне эканоміка ўчарашняга дня індустрыяльнага грамадзтва, плануемая з дзяржаўнага бюджэту і кантралюемая акупацыйным рэжымам. Энэргетычнае забесьпячэньне эканомікі штучна прывязана толькі да рэсурсаў чужой дзяржавы (Расеі).
з) Спынена разьвіцьцё энэргетыкі на ўнутраных магчымасьцяг краіны (якія здольныя даваць поўнае забесьпячэньне энэргетычных патрэбаў Беларусі і прадаваць энэргію на экспарт). Будуецца атамная электрастанцыя па праекту і на прынцыпах учарашняга дня, на чужым паліве, на чужой абслузе і на чужых крэдытах, палова энэргіі якой будзе забірацца чужой краінай (Расеяй). Пры гэтым АЭС, практычна, для Беларусі непатрэбная, стратная і экалягічна небясьпечная. Гэта тыповы прыклад мафійнага акупацыйнага праекта, нерэнтабельнага і шкоднага будаўніцтва.
(Тут зраблю асаблівую дэгрэсію. Пытаньне. Чаму з усіх пляцовак пад разьмяшчэньне АЭС ў Беларусі была выбраная самая горшая і станцыю пачалі будаваць пад Астраўцом у жыцьцёва важным цэнтры і ў сэйсмічнай зоне на стыку геалагічных платформаў (якраз там, дзе сто гадоў таму адбыўся землятрус у 7 балаў)? Чым растлумачыць такі будаўнічы абсурд?
Ведаючы расейцаў, іхняе агрэсіўнае крымінальнае думаньне і крамлёўскую палітыку, можна зрабіць дапушчэньне, што такое рашэньне магло быць накінута маскоўцамі, зыходзячы з пэрспэктывы тэктанічнай вайны.
Пра тэктанічную вайну шмат пішуць і кажуць. Мяркуюць, што павелічэньне колькасьці землятрусаў у апошні час зьвязана з тэктанічнымі экспэрымэнтамі па прымусовым выкліканьні геалагічных катастрофаў, кваліфікуюць такі падыход як тэктанічную зброю, якая зрушвае геалагічныя пласты. Прывядзеньне ў рух і зьмяшчэньне тэктанічных пліт ў месцы стыкоўкі выклікаецца альбо ядзерным падрывам (выбухам) альбо магутным генерыраваньнем электрамагнітных хваль у частаце ніжэй 6 герцаў (альбо тыпу 2,5 герца, як паводле некаторых вэрсій, гэта здарылася пры разбурэньні Фукусімы).
Вэрсій шмат але доказаў мала. Тым ня менш, зыходзячы з мэнтальнасьці расейцаў, я схільны дапусьціць, што такі «экспэрымэнт» мог быць закладзены і пад Астраўцом. У адпаведны час абсалютна нечакана, мэханізм дынамічнага наезду тэктанічных пліт будзе рэзка стымуляваны (прыведзены ў дзеяньне з каманднага пункту Расеі) і пачнецца жахлівы землятрус, які разбурыць ўшчэнт Вільню, Менск, Ліду, Маладэчна і іншыя гарады, плюс радыёактыўнае забруджваньне мясцовасьці ў выніку разбурэньня АЭС. І ўсё «чыста», маўляў, прыродны катаклізм. Вінаватых няма.)
і) Структура газапровадаў і прадуктапровадаў захоплена пры дапамозе мафійнага рэжыму чужой дзяржавай (Расеяй). Тое ж адносіцца і да ваенных аэрадромаў (куды перакінутыя расейскія ваенныя самалёты) і да расейскіх вайсковых баз. Ні за базы, ні за зямлю пад газапровадамі, ні за карыстаньне сістэмай прадуктапровадаў, ні за транспартны транзыт Расея ня плоціць Беларусі. Краіна нясе велізарныя страты. Пры гэтым прапаганда рэжыму бясконца трубіць, што Расея падтрымлівае Беларусь праз сістэму крэдытаў і зьніжэньня цаны на нафту. Хаця на самой справе ідзе расейскае рабаваньне Беларусі. Дзейнічаюць мафійныя схемы і распродаж нацыянальных багацьцяў краіны.
к) Ліквідавана мяжа Беларусі з Расеяй.
л) Беларусь (насуперак Канстытуцыі, законам і волі народа) уцягнута ў ваенныя дамовы і блокі з Расеяй і ў эканамічныя структуры, нявыгадныя беларускім нацыянальным інтарэсам.
м) Адсутнасьць мяжы з агрэсіўнай краінай, прысутнасьць чужога войска на тэрыторыі Беларусі плюс штучна створаная рэсурсная залежнасьць ад нафты і газу з Расеі сьведчыць, што Беларусь у выніку палітыкі антыбеларускай улады страціла вялікую частку свайго суверэнітэту.
Так у цэлым выглядаюць агульная карціна і вынікі нацыянальнага вынішчэньня за 20 гадоў антыбеларускага акупацыйнага рэжыму.
МАГЧЫМАЕ І ПАТРЭБНАЕ
Погляд на 20-гадовае разбурэньне нацыі, асабліва з улікам таго, што ўсё працягваецца, можа выклікаць у людзей, якія разьбіраюцца ў працэсах, стан глыбокай трывогі. Яна апраўданая. Але яшчэ ня ўсё так кепска, бо ў любых абставінах існуе пляцоўка для змаганьня і магчымасьць перамогі. Такая ёсьць прырода чалавечага грамадзтва.
Тут вельмі важна вызначыць прыярытэты і парадак задач (чарговасьць) барацьбы.
Самыя цяжкія страты, якія панесла нацыя за 20 гадоў рэжыму, гэта абніжэньне адукацыйнага і інтэлектуальнага ўзроўню людзей, заўважнае неаднаўленьне нацыянальнай эліты, культурных і духоўных аўтарытэтаў грамадзтва, палітычная бязграматнасьць, зьніжэньне волі да барацьбы, зьніжэньне патрэбнасьці свабоды, нізкі ўзровень патрыятызму, нацыянальнай сьведамасьці і гонару. Гэта ўсё складнікі, якіх у грамадзтве ўжо адчувальна нехапае і якія неабходныя для ліквідацыі антынароднага рэжыму і ўсталяваньня нацыянальнай улады.
Без ліквідацыі антыбеларускага рэжыму ніякія іншыя праблемы вырашыць немагчыма.
Прыярытэтам ёсьць пазбаўленьне ад антынацыянальнай улады. Дзеля гэтага павінны быць нацыянальная ідэя і людзі ідэі, здольныя арганізавацца для барацьбы.
Наступнае – павінна існаваць актыўнае асяроддзе падтрымкі. Калі яго няма, то трэба яго ствараць. Без асяроддзя падтрымкі эфэктыўнае змаганьне немагчымае. Таму нацыянальная асьвета грамадзтва ёсьць абавязковая ўмова змаганьня. Асьвета мусіць адбывацца ўвесь час, пакуль ня дасьць грамадзкага выніку і ня зьявіцца гатоўнасьць людзей змагацца і падтрымліваць змаганьне за свабоду.
Усе іншыя схемы ва ўмовах антыбеларускага рэжыму будуць альбо абстрактным папулізмам і на справе падпяваньнем рэжыму (напрыклад, хаджэньне на фальшывыя выбары), альбо варожай прапагандай. Наяўнасьць у грамадзтве групаў падтрымкі беларускага Адраджэньня дасьць магчымасьць распачаць рэальнае нацыянальнае змаганьне за вольную Беларусь і свабоду.
Нацыянальная ідэя мусіць мець каардынуючую арганізацыйную структуру. Групы падтрымкі і грамадзтва павінны быць праінфармаваныя пра планы і праекты ўладкаваньня ўлады, працы, культуры і эканомікі ў будучай вольнай Беларусі. Такія планы і праекты мусяць быць падрыхтаваныя.
Парадак пераменаў:
Пасьля ліквідацыі рэжыму Беларусь адразу павінна вярнуць дзеяньне Канстытуцыі 1994 года. Рашэньнем суду адмяняюцца вынікі незаконнага рэфэрэндуму 1995 года, вяртаецца дзяржаўны Беларускі Бел-Чырвона-Белы сьцяг і гэрб “Пагоня”. Узбуджаецца крымінальная справа супраць спраўцаў незаконнага рэфэрэндуму 1995 года (які меў значэньне дзяржаўнага перавароту).
Праводзяцца выбары парляманта па Канстытуцыі і выбарчым законе 1994 г. Рыхтуецца канстытуцыйная рэформа і заканадаўства аб выбарах. Беларусь становіцца парляманцкай рэспублікай. Павялічаны аднапалатны парлямант з новым акруговым партыйна-мажарытарным прадстаўніцтвам і вялікай колькасьцю дэпутатаў (330-340 парлямантароў) фармуе выканаўчую ўладу начале з прэм’ер-міністрам і выбірае прэзыдэнта – галаву дзяржавы з прадстаўнічымі правамі і некаторымі кантрольнымі функцыямі. (Пазьней, пры аднаўленьні грамадзянскай супольнасьці і стабілізацыі грамадзтва, магчымы таксама варыянт усеагульных выбараў прэзыдэнта з пашырэньнем некаторых прэзыдэнцкіх правоў і наданьнем яму права абмежаванага вета).
Тлумачэньне. Вяртаньне да шматасабовага парляманту (у БССР у Вярхоўным Савеце па Канстытуцыі было 360 дэпутатаў) выклікана цяперашняй мізэрнасьцю і малалікасьцю палітычнага класу ў Беларусі з прычыны абмежавальнай і рэпрэсіўнай палітыкі антыбеларускага рэжыму. Шматасабовы парлямант – гэта магчымасьць у такім становішчы мець у яго складзе большую колькасьць інтэлектуальных дзеяздольных дэпутатаў плюс больш надзейнае запабяганьне ад уплыву чужой дзяржавы на фармаваньне прадстаўнічай ўлады краіны. Аднапалатны парлямант будзе мець вялікую вагу ў парляманцкай Беларусі, таму перш за ўсё ён павінен мець шырокае прадстаўніцтва, што павінна па вызначэньні зьмяншаць таксама рызыку памылак у прыняцьці парляманцкіх рашэньняў.
Рыхтуецца тэрытарыяльна-адміністрацыйная рэформа ўлады па беларускім узоры. Ствараецца ўрадавы Камітэт па выхаду краіны з развалу пасьля ўладараньня антынароднага рэжыму.
Адмяняюцца ўсе дэкрэты і законы антыбеларускай улады, якія прыніжалі чалавечую годнасьць (аб так званых “дармаедах”, аб гандлёвых сэртыфікатах індывідуальных прадпрыймальнікаў і т. п.), ліквідуецца інстытут “ідэёлагаў” на прадпрыемствах, пераглядаецца кантрактная сістэма працауладкаваньня, аб’яўляецца амністыя, пераглядаюцца ўсе справы палітвязьняў, рыхтуецца рэформа судовай сістэмы. Вяртаюцца законы 90-х гадоў аб міліцыі і аб рэлігіі, вяртаецца вольны статус Акадэміі Навук. Аднаўляюцца навукова-дасьледчыя гуманітарныя інстытуты, ліквідаваныя рэжымам.
Аднаўляецца свабода друку і слова, спыняецца перасьлед друку па палітычных матывах. Аднаўляецца свабода мітынгаў і дэманстрацыяў.
Зачыняюцца антыбеларускія, антыдзяржаўныя арганізацыі, інспіраваныя агентурай, разьведкай і палітычнай дзейнасьцю чужой дзяржавы.
Распараджэньнем Ураду адмяняецца і спыняецца будаўніцтва Астравецкай атамнай электрастанцыі. Ўзбуджаецца крымінальная справа і сьледзтва па афёры Астравецкай АЭС. Прымаецца навая праграма разьвіцьця энэргетыкі. Разьвіваецца энэргетыка на ўнутранных рэсурсах (асабліва ветравая, хімічная і гідраэнергетыка малых рэк, зьвязаная з рэанімацыяй прыроды).
Пераглядаюцца ўсе міжнародныя антызаконныя дамовы антыбеларускага рэжыму. Вяртаецца дзяржаўная мяжа, памежны і мытны кантроль з Расеяй (вядома, у выпадку існаваньня расейскай дзяржавы).
Ствараецца нацыянальнае заканадаўства аб уласнасьці на зямлю, якое будзе складацца з двух этапаў.
Першы этап -- прыняцьце заканадаўства аб прыватызацыі зямлі; вызначэньне кандыдатаў на прыватызацыю і падрыхтоўка сялянскіх кадраў (у тым ліку за мяжой) па авалоданьню тэхналёгіямі і гаспадараньнем на зямлі. Права на прыватызацыю зямлі набываюць грамадзяне Беларусі – тыя, хто абрабляе і абрабляў зямлю, хто працуе і працаваў (чые дзяды і бацькі працавалі) на зямлі. Ствараюцца ўмовы для дзейнасьці сямейных фермаў. На пачатковых этапах часова (на пэўны тэрмін) ўводзяцца мінімальныя падаткі (альбо зусім адмяняюцца) на сельгаспрадукцыю.
Другі этап -- стварэньне заканадаўства па арганізацыі рынка зямлі ( купля і прадажа толькі для грамадзянаў Беларусі і арэнда, магчымая для замежных аграспэцыялістаў). Будуць дазволены розныя формы ўласнасьці на зямлю.
У сістэме вышэйшай школы ствараецца механізм, які будзе забясьпечваць фармаваньне інтэлектуальнай і гуманітарнай эліты нацыі. Ствараецца нацыянальны гуманітарны ўнівэрсітэт, а таксама шэраг ліцэяў і калегіюмаў на высокім беларускім узроўні адукацыі.
Рыхтуецца адукацыйная праграма і сістэма нацыянальнай адукацыі на ўзроўні патрабаваньняў 21-га стагоддзя.
Аднаўляюцца зачыненыя беларускія школы ў сельскай мясцовасьці. Вяртаецца беларуская школа і адукацыя ва ўсёй краіне.
Рэарганізуецца і пашыраецца сістэма дашкольнага дагляду і здаровага дашкольнага выхаваньня дзяцей па правілах гуманізму і нацыянальнай выхаваўчай культуры.
На базе Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі ствараецца Патранажная служба маладой сям’і ў выглядзе Інстытута Маладой сям’і, які рыхтуе патранажных сясьцёр і дабрадзеяў маладой сям’і. Патранажная служба (пры згодзе сям’і) мэтадалагічна дапамагае маладым сем’ям у праблемах здароўя і сямейнага выхаваньня дзяцей дашкольнага ўзросту.
Заўвага:
Маладая сям’я – гэта тая сям’я (незалежна ад узросту бацькоў), дзе ёсьць дзеці да сямігадовага ўзросту.
Растлумачэньне:
Патранажныя сёстры і дабрадзеі маладой сям’і, згодна правілаў вызначаных інструкцыяй, дапамагаюць парадамі і падтрымкай у вырашэньні праблемаў здароўя, догляду і выхаваньня дзяцей.
Пэрыяд разьвіцьця чалавека да 7-гадовага ўзросту ёсьць важным у разьвіцьці фізіялагічных, пачуцьцёвых (мэнтальных), інтэлектуальных і моўных здольнасьцяў асобы. Мова ў гэты раньні пэрыяд фармаваньня розуму чалавека ёсьць генетычна абумоўленым інтэлектуальным рэсурсам. Парадыгма інтэлекту і мовы фармуецца ў гэты пэрыяд. Для аптымальнага фармаваньня інтэлекту вельмі важна, каб дзіця пачынала разьвівацца ў той мове на якой спрадвеку размаўлялі яго продкі (гэта значыць на яго нацыянальнай мове). Авалоданьне іншымі мовамі – гэта ўжо другаснае пытаньне. Такі падыход належыцца да ўсіх грамадзянаў Беларусі з ўлікам асаблівасьцяў культуры сям’і.
Тым часам беларуская нацыя ў выніку акупацыяў і разбуральных дзеяньняў акупантаў над чалавечай асобай атрымала ў спадчыну дэструктыўны чужы груз грамадзкіх наступстваў, пераадолець якія неабходна ўсяму грамадзтву, пачынаючы ад нараджэньня чалавека на сьвет. Тут патрэбная грамадзкая ўзаемадапамога, частку якой павінна забясьпечыць патранажная служба маладой сям’і.
Падрыхтоўка кадраў і навучаньне:
Кваліфікацыя і падрыхтоўка кадраў адбываецца па двух профільных накірунках. Першы накірунак – у аснове курс медсястры з профільным вывучэньнем асноваў медыцыны, беларускай мовы, пэдагогікі і псіхалогіі. Другі накірунак – курс настаўніка малодшых класаў з профільным вывучэньнем асноваў пэдагогікі, беларускай мовы, медыцыны і псіхалогіі.
Падрыхтаваныя кадры могуць працаваць у патранажнай, медыцынскай і школьна-адукацыйнай сістэме, а таксама сумяшчаць гэтыя працы.
Прымаецца закон аб крымінальнай адказнасьці за збочанае разбэшчваньне дзяцей і моладзі пад выглядам палавой асьветы і адукацыі.
Вяртаецца беларускае радыё і тэлебачаньне. Вяртаюцца офісы, сядзібы і маёмасьць творчым саюзам.
Робяцца захады па манэтарным умацаваньні існуючых беларускіх грошай. Падрыхтоўваецца рэформа грашовай сістэмы і ўвядзеньне нацыянальнай валюты – беларускага талера.
Дзеяньне для разгляду: Дадаткова да манэтарнай палітыкі і ўмацаваньня ўнутранага рынку ўводзіцца цьвёрды “Чырвоны талер“ (з цьвёрдым наміналам у 10 талераў, забясьпечаных золатам). Адносна Чырвонага талера (гэтак жа як і да замежных вылют) устанаўліваецца курс талера. Чырвоны талер прадае і скупляе Дзяржаўны Нацыянальны банк.
Праводзяцца сістэмныя і мэтадычныя захады па павелічэньні залатога запасу Беларусі. Арганізоўваецца канцэсійная здабыча золата за мяжой і дасьледваньні ў Беларусі.
Праводзіцца рэформа войска і ўзброеных сіл, якія разглядаюцца як важная гарантыя суверэнітэту краіны. Кантрактная сістэма ў войску для афіцэраў і прапаршчыкаў. Войска фармуецца па ўсеагульным прызыўным прынцыпе. Ствараецца войска рэзэрвы. Фармуюцца ваенізаваныя аддзелы грамадзянскай абароны і альтэрнатыўная служба дзеля асобных грамадзян. Закладваецца нацыянальная ваенна-прамысловая вытворчасьць. Ствараецца навукова-дасьледчы інстытут абароннай вытворчасьці.
Ствараецца дзяржаўная сістэма медыцыны. Ствараецца дзяржаўны фонд медыцыны. Уводзіцца сістэма прагрэсіўнай аплаты работнікаў аховы здароўя. Ўводзіцца класнасьць медсёстраў (і медбратоў) у залежнасьці ад стажу і кваліфікацыі.
Дзеяньне для разгляду: Уводзіцца асобны ўсеагульны падаходны падатак на патрэбы аховы здароўя і медыцыны.
Медыцына, адукацыя, абарона краіны ёсьць дзяржаўная справа. Будуць дазволены тым часам прыватныя навучальныя ўстановы з асобным статусам і пад асобным дзяржаўным законам, а таксама абмежаваная прыватная медыцынская практыка.
Прымаецца закон аб прыярытэце і ахове сям’і, шлюбу (саюзу мужчыны і жанчыны), мацярынства, аб абароне сям’і ад пасягальніцтва і ўмешваньня ў сямейныя справы з боку ідэалёгіі і арганізацыяў. Пацьвярджаецца выключнае права бацькоў на выхаваньне дзяцей. Ніхто ня мае права супраць волі сям’і ўмешвацца ў сямейныя справы людзей, калі яны ня носяць антызаконнага зьместу. Кантакты школы і сям’і ў навучаньні дзяцей маюць пэдагагічны характар. За крымінальныя і антыграмадзкія паводзіны дзяцей нясуць адказнасьць бацькі. Пазбаўленьне бацькоўства адбываецца толькі калі бацькі адмаўляюцца ад догляду за дзецьмі і тое пагражае жыцьцю і здароўю дзіцяці. Наўмыснае калецтва і пашкоджаньне здароўя дзіцяці бацькамі цягне за сабой крымінальную адказнасьць. Бацькі павінны клапаціцца пра сваіх дзяцей. Дзеці павінны клапаціцца пра сваіх бацькоў, супрацоўнічаць у гэтым з ворганамі сацыяльнага забесьпячэньня і медыцыны. Дзяржава спрыяе ўмацаваньню сям’і праз сістэму льгот, выплат, узнагарод, маральнай падтрымкі ўзорных сем’яў
Прымаецца закон аб абароне прыроды чалавека. Прапаганда збочаных адносін супраць натуральнай прыроды чалавека караецца па закону.
Прымаецца закон аб адказнасьці за прапаганду сацыяльнай, нацыянальнай, расавай і палавой нянавісьці. Прапаганда нянавісьці супраць іншых нацыяў, расаў, групаў насельніцтва, супраць мужчыны ці жанчыны караецца па закону.
Адбываецца паэтапны працэс раздзяржаўленьня эканомікі. Першы этап на вызначаны тэрмін – 50 на 50 (палова прыватная, палова дзяржаўная). Прымаецца сістэма процідзеяньня стварэньню алігархічнага капіталу і сацыяльнай касты алігархаў.
Ствараецца нацыянальная праграма па адраджэньні і разьвіцьці беларускай вёскі. Спыняецца зьнішчэньне паселішчаў пад відам стварэньня так званых “агра-гарадкоў”.
Лясы, насельнікі лясоў, лясная флора і фаўна, прыродныя вадаёмы, рэкі і насельнікі рэк і вадаёмаў, нетры зямлі, паветранная прастора – зьяўляюцца дзяржаўнай уласнасьцю і не падлягаюць прыватызацыі. Грамадзяне Беларусі могуць вольна карыстацца лясамі, вадаёмамі, прыродным асяроддзям у межах прынятага заканадаўства.
У адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформе прадугледжана рэанімацыя сацыяльна-урбаністычных функцыяў мястэчак, аднаўленьне сістэмы мясцовых дарог, стварэньне сродкаў камунікацыяў і сувязі. Ніхто ня будзе мець права зганяць чалавека з абжытага месца.
Ствараецца праграма, навукова-дасьледчы інстытут і міжведамасная вытворчая арганізацыя па аднаўленьні і рэанімацыі беларускіх рэк, вадаёмаў і прыроднага асяроддзя.
Вяртаецца чарнобыльскае заканадаўства 90-х гадоў, льготы ліквідатарам, забясьпячэньне і падтрымка людзей ў зонах малой радыяцыі. Спыняецца сельгасвытворчасьць на радыяцыйна забруджаных землях, ўведзеная антыбеларускім рэжымам. Праводзіцца комплекснае дасьледваньне радыяцыйна забруджаных тэрыторыяў, інфармацыя даводзіцца да насельніцтва.
Па Канстытуцыі дзяржаўная мова – беларуская. Руская мова ёсьць мова міжнацыянальных зносінаў. Кожны дзяржаўны служачы павінен будзе ведаць дзьве мовы (беларускую і рускую). Ад гэтага будзе залежыць класнасьць чыноўніка (адпаведна – прафэсійная прыгоднасьць і зарплата). Кожны беларус, што гаворыць па-руску, будзе адчуваць сябе камфортна ў дачыненьнях з дзяржаўнымі ўстановамі, паколькі ня будзе узьнікаць моўных праблемаў. Установы працуюць на дзяржаўнай мове, але інфармацыя і камунікацыя (пісьмовая і вусная) будзе на той мове, на якой патрабуе чалавек. Такі падыход будзе ўвесь час. Ніякія тэрміны не ўстанаўліваюцца, пакуль рэальна ня зьменіцца моўнае становішча ў карысьць беларушчыны.
Тым часам дзяржаўная палітыка, школа, ВНУ, радыё, тэлебачаньне, кіно, мастацкая літаратура, увесь дзяржаўны апарат улады будуць накіраваны на адраджэньне беларускай мовы. Зь цягам новых пакаленьняў беларуская мова стане сацыяльна прэстыжнай і сацыяльна неабходнай. І ўсё само сабой вернецца ў беларускае нацыянальнае рэчышча, нікому пры гэтым у рэальных дачыненьнях ня робячы перашкоды.
Ствараецца Інстытут Нацыянальнай памяці, які падрыхтоўвае і праводзіць люстрацыю. Люструюцца асобы, што супрацоўнічалі з КГБ антыбеларускага рэжыму і палітычнымі арганізацыямі чужой дзяржавы, на шкоду Беларусі. Пры дабраахвотным публічным прызнаньні санкцыі супраць асобы не ўжываюцца. Пры адсутнасьці дабраахвотнага публічнага прызнаньня спіс люстрацыі публікуе ІНП, а на асобу накладваецца карантын альбо поўная забарона на працу ў адпаведных установах.
Заўвага: Выяўленьне злачынства да люстрацыі не адносіцца. Злачыннымі парушэньнямі займаецца пракуратура і ворганы рассьледваньня.
Ствараецца Служба Бясьпекі Беларусі на правах Міністэрства, падпарадкаваная парляманту.
Ствараецца Беларускае Бюро Рассьледваньняў, падпарадкаванае парляманту, якое зоймецца рассьледваньнем злачынстваў камуністычнага і антыбеларускага рэжымаў.
Дзяржаўныя прыярытэты цягам пакаленьня (пэрыяд – дваццаць гадоў) мусяць быць такія:
1. адукацыя, асьвета;
2. абарона, войска, абарончая прамысловасьць;
3. медыцына;
4. культура;
5. сельская гаспадарка, вёска.
Эканоміка, фінансы, прамысловасьць, транспарт, праца, будаўніцтва, гандаль, сацыяльнае забесьпячэньне, экспарт і т. п. – гэта тое асноўнае, чым займаецца кожная дзяржаўная ўлада. Гэта пастаянная матэрыя яе дзейнасьці.
Тым часам пяць прыярытэтаў, выдзеленых мной і разьмеркаваных па важнасьці, -- гэта тое абавязковае і неабходнае, якое будзе патрэбнае беларусам дзеля няўхільнага адраджэньня нацыі, улучэньня яе ў патрэбы сучаснасьці і стварэньне гарантыяў трываласьці існаваньня.
Асабліва важныя першыя два пункты – адукацыя-асьвета і абарона-войска. На гэтыя галіны мусіць вядзяляцца максімальнае фінансаваньне з бюджэту. Час будзе вымагаць ад нас зьвяртаць вялікую ўвагу на абарону і яшчэ большую на адукацыю. Потым гэтыя прыярытэты могуць зьменшыцца, але не зьмяніцца. І гэта на даўжэйшы пэрыяд.
Наша геапалітычная пазыцыя мусіць палягаць на стварэньні Балта-Чарнаморскай супольнасьці (у аснове Беларусь, Украіна) і адраджэньні Ўсходняй Эўропы на базе былога Вялікага Княства Літоўскага і новых прыхільных краін.
Каланіяльная распрацоўка ворагаў Беларусі (маўляў, да каго далучацца: да Эўразіі ці да Заходняй Эўропы) ня будзе ні ўжывацца, ні разглядацца, ні паўтарацца, але ўспрымацца як антыбеларуская прапаганда.
Беларусь выходзіць з ваенных блокаў і дамоваў з Расеяй і супрацоўнічае з НАТО, але не ўступае ў альянс (сучасныя падзеі паказваюць, што на пачатку для Беларусі гэта пакуль што лепшы варыянт). Але ў пэрспэктыве магчымыя іншыя рашэньні.
Беларусам трэба цьвёрда разумець і ў геапалітыцы заходзіць з таго, што пакуль існуе Расея-імпэрыя і ў сытуацыі, якая склалася тут даўно, ніякіх буферных, і тым больш нэўтральных, краінаў паміж Расеяй і Заходняй Эўропай існаваць ня будзе. Наша (фронтаўская) заява ў 90-х гадах пра нэўтралітэт краіны мела чыста тактычны характар, каб запабегчы ўцягваньню Беларусі ў ваенныя дамовы з Расеяй. Пра гэта мы потым напісалі і тое адразу разумелі ўсе, хто ў гэтым разьбіраўся.
Цяпер, калі па здрадзе рэжыму, Беларусь уцягваюць ў расейскія ваенныя інтарэсы, пытаньне нэўтралітэту стала неактуальным, але можа яшчэ выкарыстоўвацца як сродак дыпламатыі. Польшча і Прыбалтыка, тое зразумеўшы, адразу далучыліся да НАТО, Такі шлях у пэрспэктыве чакае і Беларусь. Але ён ізноў жа нічога сур’ёзна не гарантуе пакуль існуе Расейская імпэрыя.
І вось тут вельмі важнае. Беларусь (у першую чаргу), потым Украіна, Прыбалтыка, Малдова, Грузія аб’ектыўна (з разьліку самазахаваньня) павінны быць зацікаўлены ў ліквідацыі расейскай імпэрыі і дэзынтэграцыі Расеі. Гэта для іх пытаньне жыцьця альбо сьмерці, свабоды альбо несвабоды. І гэта павінна стаць часткай працы іхняй дыпламатыі, разьведкі і міжнароднай палітыкі. Альянс ад Балтыкі да Чорнага мора наканаваны ня толькі дыверсіфікацыяй рынку энэргарэсурсаў, але натуральнай геапалітыкай выжываньня.
Беларусь мусіць супрацоўнічаць з Эўразьвязам (краінамі Эўразьвязу), але не павінна імкнуцца стаць краінай Эўразьвязу з прычыны ідэалагічнай нецярпімасьці, левізны і агрэсіўнай бязбожнасьці гэтага ўтварэньня (абсурднай адмовы ад Хрысьціянства), адсутнасьці ідэалаў, фальшывасьці палітычных пастулатаў і збочанасьці ідэалёгіі, якую яны хочуць накінуць іншым краінам і прыняцьце якой зьяўляецца ўмовай прысутнасьці ў іхнай супольнасьці.
Увогуле Эўразьвяз – гэта праект цывілізацыйна дэструктыўны, які, зыходзячы з памылковых уяўленьняў, прывёў у Эўропу палітычна нематываваную масавую эміграцыю з сваіх былых калоній – дэзынтэграваную Азію і Афрыку, адчыніў дзьверы ўсходняму тэрарызму, абнізіў духоўны і культурны ўзровень Эўропы; гэта саюз бюракратыі, які перажывае сістэмны крызіс, і распад яго непазьбежны.
Неакрэсьленымі застаюцца дачыненьні з Расеяй, бо невядома, ці будзе ў бліжэйшы час існаваць такая дзяржава. Магчыма, будзе, і дачыненьні зь ёй стануць найбольш праблемнымі і небясьпечнымі з прычыны найперш той палітыкі і таго становішча, якое пакіне пасьля сябе антыбеларускі рэжым. Але ў выпадку агрэсіўнай пазыцыі Масквы ўсе пэрспэктывы для Расеі ў Беларусі зачыняцца.
Няўхільная рэформа энэргетыкі з апорай на мясцовыя крыніцы энэргіі і шырокая дыверсіфікацыя рэсурсаў стане для Беларусі першаснай жыцьцёвай неабходнасьцю. Мы маем таксама шмат іншых рычагоў, каб спыніць расейскі нафта-газавы шантаж. Але тут нам будзе патрэбна міжнародная падтрымка і моцнае беларускае войска, каб калі Маскве захочацца “крымнашу” ў Беларусі, то яна б таго асьцерагаліся.
Рэчаіснасьць сёньняшняга дня вымагае ад беларусаў рэальнай (схаванай ад рэжыму) псіхалагічнай, арганізацыйнай і збройнай падрыхтоўкі да абароны Беларусі і рэальнай дапамогі ваярам Украіны. Успрымайма змаганьне ўкраінцаў з маскоўскім агрэсарам як наша змаганьне, бо так яно і ёсьць. Чым хутчэй будуць выкінуты маскоўцы з Украіны, тым бліжэй будзе тут наша воля і беларуская наша перамога.
* * *
Post Scryptum. Тэзісы апошняга разьдзелу артыкула – гэта ёсьць папярэдні накід на падставе даўніх напрацовак Ценявога Кабінэту дэпутацкай Апазыцыі БНФ (дзеля цяперашняга яго працягу). Тэкст друкуецца пакуль што на ўзроўні намераў і ідэй, бо вымагае азнаямленьня зацікаўленых людзей, абмеркаваньня і прапаноў.
На жаль, наяўнасьць антыбеларускага рэжыму і рэпрэсіяў не дазваляе адкрыта абмяркоўваць шмат якія праблемы (асабліва пэрсанальныя). Усё чакае свайго часу, які будзе.
Зянон Пазьняк