У каторы раз мушу сказаць, наколькі важна адпаведна і рэалістычна ацэньваць сістэму і непрыяцеля, супраць якога ідзе грамадзкае змаганьне.
Аўтарытарная антыдэмакратычная сістэма стварае антыдэмакратычнае заканадаўства і рэпрэсуе людзей, як правіла, пасьля факту парушэньня гэтага антынароднага заканадаўства.
Аўтарытарная акупацыйная сістэма (такая, якая сфармавана ў Беларусі ў выніку ўнутранай прамаскоўскай акупацыі) стварае сваё акупацыйнае заканадаўства і рэпрэсуе людзей прэвентыўна перад магчымым парушэньнем гэтага звыродлівага заканадаўства. Гэта ёсьць характэрная акупацыйная палітыка, стан вайны супраць беларускай нацыі і яе насельніцтва, бо рэпрэсуюць нязгодных, якія яшчэ нават не парушылі акупацыйныя законы сістэмы.
Такое становішча (калі супраць палітычных апанэнтаў ніякія законы ня маюць значэньня і не прымаюцца рэжымам пад увагу) вымагае адпаведных спосабаў барацьбы з сістэмай, якія дазваляюць захоўваць і пашыраць нацыянальную, дэмакратычную і інтэлектуальную сілу народа, зьберагчы людзей ад рэпрэсіяў. Такім спосабам, прапанаваным і ўведзеным ў дзеяньне нашай народнай партыяй Народнага Фронту, зьяўляецца БАЙКОТ.
Байкот -- гэта няўдзел у рэжымных мерапрыемствах і дзеяньнях акупацыйнай улады, пачынаючы ад фальшывых выбараў і канчаючы афіцыйнымі сьвятамі і рознымі кампаніямі, ініцыятывамі ды зборкамі. Байкот рэжыму -- гэта перш за ўсё стварэньне альтэрнатыўнай, паралельнай, незалежнай ад улады міжлюдзкай сістэмы беларускага існаваньня. Тут і альтэрнатыўнае нацыянальнае навучаньне дзяцей, і супольнасьць беларускіх сем’яў, і альтэрнатыўная навука, пратэстнае мастацтва, салідарная праца, рэлігія, і нават сістэма абслугі і спажываньня -- цэлы пласт беларускага жыцьця, які самакіроўна можа разьвівацца, байкатуючы афіцыйны рэжым і яго палітыку. Ідэалёгіяй байкоту зьяўляецца беларускае нацыянальнае асьветніцтва людзей, якое разьвіваецца насуперак антыбеларускай палітыцы ўлады.
Супраць палітыкі байкоту, (якую ад пачатку стагоддзя дэкляравала наша народная партыя Народнага Фронту КХП -- БНФ) яра выступіў лукашысцкі рэжым, і асабліва яго псэўдаапазыцыя. Тым часам цяпер у сувязі з падтрымкай ідэі байкоту фальшывых выбараў у грамадзтве і ў сувязі са спыненьнем фінансаваньня псэўдаапазыцыі з Захаду і Усходу, яна раскалолася на дробныя кавалкі і ў бальшыні стала падтрымліваць байкот фальшывых выбараў.
У плане ацэнкі цяперашняга становішча тут факт станоўчы, але для псэўдаапазыцыі тымчасовы, бо байкот, палітыка байкоту -- гэта ня толькі байкот выбарчага фарса, але байкот усёй антыбеларускай сістэмы акупацыйнай улады. Гэта абавязковае пазытыўнае дзеяньне па стварэньні паралельнага нацыянальнага існаваньня, пашырэньні нацыянальнай асьветы і ўзаемадапамогі беларускіх людзей.
Жыве Беларусь! Слава Айчыне!
4 кастрычніка 2015 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
Партыі -- БНФ і БНФ "Адраджэньне"