Украінцы прааналізавалі дзейнасьць расейскай агентуры ва Ўкраіне і выявілі татальнае ўжываньне мэтадалогіі "дробных пакасьцяў". Гэта гэбоўскі плод "творчасьці" расейцаў па развале грамадзтва іншай краіны. Такое наватарства магло нарадзіцца толькі ў "скопішчы зла". Сутнасьць мэтаду -- стварэньне праз агентуру (і агентаў уплыву) у розных галінах жыцьця (у быце, вытворчасьці, уладных структурах, гандлі, адміністрацыі) заведама бесталковых, дурных інструкцый, законаў, пастаноў, ініцыятываў, патрабаваньняў і т. п., якія робяць жыцьцё людзей дыскамфортным, нязручным і невыносным, выклікаюць незадавальненьні, канфлікты, недавер і ўвогуле -- стан сацыяльнай нэўрастэніі. У выніку -- зьмяншаецца салідарнасьць людзей, давер да дзяржавы і агульнай справы; цэлыя галіны жыцьця грамадзтва пачынаюць дэградаваць, соцыюм пачынае распадацца, зьяўляецца сістэмны збой у дачыненьнях між людзьмі і іхнымі справамі, якія трацяць здаровы сэнс.
Мэтодыка "дробных пакасьцяў" дае магчымасьць выкарыстоўваць непрафэсіяналізм упраўленцаў, схільнасьць да карупцыі, да сэрвільнасьці, кар’ерызму і ўвогуле -- эксплуатаваць чалавечую дурноту і недахопы людзей. (Дарэчы, гэта вельмі тыповыя паводзіны для "скопішча зла". У хрысьціянскай сярэднявечнай традыцыі так характарызавалася бесаўшчына.)
Калі мы зірнем на рэжымнае грамадзтва ў Беларусі знутры, то заўважым, што ў дачыненьнях да беларусаў цэлыя галіны дзейнасьці, напрыклад, камунальныя службы, індывідуальнае прадпрыймальніцтва, у цэлым увесь бізнэс, падаткавыя, мытныя, чарнобыльскія дачыненьні, сьвінагадоўля, будаўніцтва, інвэстыцыі, вышэйшая адукацыя і г. д. -- усё гэта ў значнай частцы існуе ў сфэры дыверсійнай палітыкі "дробных пакасьцяў" і ўвесь час яно зьмяняецца, пашыраецца, награможджваецца абсурдам.
З шмат якіх сфэраў людзі проста ўцякаюць, куды вочы глядзяць -- за мяжу, ва Украіну, у Расею, у бутэльку і г. д., -- а сістэма прагрэсіруе міазмамі надалей. Тут вам і сьвіная чума, і дэкрэт №3, і гаспадарка ў Чарнобыльскай зоне, і экспрапрыяцыя ў людзей права на карыстаньне лесам, на рэчку, на ваду і таму падобная карэізацыя жыцьця.
Шмат хто сьпісвае такую "палітыку" на мазаічнасьць псіхікі правіцеля, на эпілепсію ды паранойю. Аднак правільны дыягназ усё ж называецца інакш -- "сістэмная палітыка вынішчэньня беларускай нацыі". Гэты дыягназ ёсьць дакладны, нават калі прыняць як дадзенасьць усе папярэднія медыцынскія дыягназы. У народзе пра такі выпадак кажуць так: "Дурны-дурны, а скваркі любіць".
І вось самы апошні "бум" мазаічнай (нібы та) палітыкі "дробных пакасьцяў", які ўзьнікае пастаянна ўжо 23 гады кожны год, пачынаючы з 1994-га. Гэты "бум" называецца "рэформа беларускай школы". Пачаўся ён у 1994 годзе спаленьнем беларускіх падручнікаў для школ і доўжыцца па сёньняшні дзень. Беларускія школы зачыняліся кожны год. Засталося ўжо толькі 13 адсоткаў умоўна беларускіх школ. Добрыя настаўнікі альбо разьбегліся, альбо здаліся на волю лёсу, бо школа -- гэта дзяржаўная сістэма, якой кіруюць антынародныя чыноўнікі. Настаўніку няма куды падзецца, як толькі здацца ў школьнае рабства і даць сябе выкарыстоўваць на фальшывых псэўдавыбарах як панэльных істот. Тут поўная сацыяльная дэградацыя (ды і маральная) і паніжэньне настаўнікаў.
Усё тое сталася не само сабой, але ў выніку прадуманай сістэмнай дзейнасьці "дробных пакасьцяў" і генэральнай палітыкі зьнішчэньня беларускай нацыі.
Нацыянальная мова і нацыянальная дзяржава ўтрымлівае жыцьцё і існаваньне нацыі. Але стварае нацыю, праграмуе яе ўзровень паўсюдна і ўсюды -- нацыянальная школа. Разбурыць нацыянальную школу -- абазначае разбурыць нацыю. Пытаньне толькі ў часе, бо гэта працэс.
І што цікава, важнасьць гэтай вызначальнай сфэры нацыі (куды ворагі імкнуцца біць) зразумеў малаадукаваны, коснамоўны беларусафобны "калхазан". Але не разумеюць некаторыя нібыта высокаадукаваныя людзі, вучоныя ды дзеячы, што жывуць у сябе дома на ніве чужой культуры. А прычына ў антынароднай нацыянальна разбуранай школе. Гэта там ім убілі ў галаву, што двойчы два -- пяць і што чужое лепшае за сваё.
І цяпер гляньма на мазаіку "дробных пакасьцяў" апошняга часу (мазаіку дабіваньня беларускай школы).
На фоне стабільнага зачыненьня беларускіх школ астатнюю ўжо расейскую школу (але для беларускіх дзяцей) мэтода "дробных пакасьцяў" ліхаманіла кожны год. І, як правіла, летам, за месяц да новага навучальнага году. Тэрмінова загадвалі мяняць вучэбныя праграмы, падручнікі, пераходзіць на 10-бальную сістэму ацэнак, пераводзіць 10-годку на 12-годку, потым раптам -- 12-годку на 11-годку, далей сталі думаць, каб зноў вярнуць на 10-годку. Цяпер вось зноў настаў жнівень, і выскоквае, як чорт з табакеркі, цэлая "пуля" "дробных пакасьцяў".
Загадана тэрмінова зьмяніць падручнікі. Навошта? Якія на якія -- ніхто ня ведае. Загадана не ўспамінаць слова "Біблія" на занятках па беларускай мове і літаратуры, не ўпамінаць слова "Апазыцыя" і "Народны Фронт" у гісторыі краіны, выкінуць «Лісты з-пад шыбеніцы» Каліноўскага, не ўпамінаць парляманцкую Апазыцыю БНФ ў Вярхоўным Савеце, выключыць тэму «Беларускі нацыянальны рух», не ўпамінаць шляхецкія паўстаньні і Агінскага. Загадана ўвесьці паболей кітайскай мовы ў вучэбныя праграмы. А за кошт чаго? Ніхто ня ведае.
Вердыкт: зьмяніць пачатак заняткаў у школе. Дыскусія, бо ніхто ня ведае, калі пачынаць: у 9 гадзін, у 8 трыццаць ці пакінуць па-ранейшаму -- у 8.00. Тут жа яшчэ адзін вердыкт зьверху -- увесьці школьную форму для вучняў ("усе павінны быць аднолькавымі" -- цытата) і форменны стыль адзеньня для настаўнікаў. І, нарэшце, на пакрыцьцё, -- яшчэ адзін супэртэрміновы пакасны вердыкт -- вярнуцца да пяцібальнай ацэначнай сістэмы. Навошта? А вось вярнуцца -- і ўсё. Дыскусія, спрэчкі, нэрвы. 10 ці 5 балаў -- вось дзе пытаньне.
Вось гэта, спадарства, усё тое, што было кожны год і паўтараецца зноў у гэтым жніўні -- гэта і ёсьць класіка подлай тэхналёгіі "дробных пакасьцяў" па развале нацыянальнай школы і дызарыентацыі грамадзтва. Мазаічнасьць псіхікі тут ні пры чым. Усё робіцца з году ў год мэтанакіравана, прадумана і шматвектарна.
Уявім перавод пачатку заняткаў з 8 гадзін на 9.00. Тым часам пачатак працы бацькоў застаецца -- з васьмі гадзін. Колькі праблемаў непатрэбных, бесталковых, невырашальных узьнікае адразу ў людзей. Грамадзтва вымушана цяпер усё гэта абмяркоўваць як найважнейшую справу: восем гадзін ці дзевяць гадзін, 5 балаў ці 10 балаў, у форме ці ня ў форме... А як, а што? А куды? і т. п.
Тым часам рэжымнае драньства, што ўсё гэта прыдумвае, пацірае ручкі. І школу валяць, і гібрыдную акупацыю краіны ціхенька праводзяць -- нібы та вучэньні "Захад-2017" рыхтуюць. А беларусы (якія ўжо ў мяшку, засталося толькі завязаць) хай сабе, маўляў, спрачаюцца: з васьмі ці з дзевяці, 10 ці 5. Расейскія танкі ўжо прыехалі.
Прыёмамі адцягненьня ўвагі людзей ад подлых сваіх спраў Масква карыстаецца ўвесь час. Толькі беларусы, на жаль, нічаму ня вучацца, бо мазахічна любяць "нашава харошава прызідзента", які даўно ніякі не прэзыдэнт, а ўзурпатар улады, здраднік, што здае Беларусь на корані, нацыю здушыў, зганьбіў і абхамеў усё, што магчыма.
Надта цяжкі мы перажываем час, час цемры. І надта шмат яшчэ трэба прыкласьці сіл, каб збавіцца ад цёмнай навалы, што стаіць ужо на парозе. Але збавімся.
20 жніўня 2017 г. Зянон ПАЗЬНЯК