Пакуль што ўсё разьвіваецца па тэхналёгіі Масквы. Пасьпяховая ў пачатку дзейнасьць пікетоўшчыкаў супраць існаваньня незаконнага рэстарана была разьбіта на асобныя групы і колькасна разам яны ўжо не зьбіраюцца.
Проста і дэструктыўна. Наступным этапам стала публічная інфармацыя пра слабасьць пікетоўшчыкаў, слабасьць беларускіх арганізацыяў і грамадзтва. Маўляў, мы слабыя, ў нас няма сілы для змаганьня -- рабем высновы (хаця, рэальна, не слабыя і сіла ёсьць магутная).
Чарговы этап -- спроба эскалацыі нянавісьці і разладу ў грамадзтве, (якое ўжо дастаткова інфармаванае пра рэстаранную афёру). Маецца на ўвазе груба правакацыйны выступ у друку габрэйскага бізнэсмэна са зьнявагамі ў адрас Курапатаў, з паклёпамі і абвінавачваньнямі грамадзтва (ТБМ, напрыклад) у антысемітызме (якога ў рэальнасьці не назіраецца). Правакацыйныя абразы і абвінавачаньні ў тым, чаго няма, павінны выклікаць (па задуме) злосьць на габрэяў і антысеміцкія выказваньні. (Тут класіка жанру). Усе будуць гаварыць пра невядомага Ізраілевіча. Вынік, аднак, пакуль ніякі. Чакаюцца паўторы ды інтэрв’ю.
Сутнасьць доўга рыхтаванай афёры з "Бульбаш-холам" -- раскалоць і сутыкнуць беларускае грамадзтва, ўсіх з усімі, але з пераводам стрэлак на габрэяў.
Адначасна стануць ўзьнікаць розныя «інвектывы» кшталту спроб самаспаленьня завезеных ідыётаў ці замінаваньня рэстаран-бардэля. Што ўжо здарылася.
Калі Маскве ўдасца (як там думаюць) раскруціць канфлікты, тады можа быць задзейнічана рэзкая правакацыя, якая дасьць зачэпку рэжыму наладзіць пагром грамадзтва і пачаць зьнішчэньне Народнага Мэмарыялу Курапаты. Афёра з "Бульбаш-холам" -- гэта частка маскоўскай гібрыднай вайны супраць Беларусі. Прытым рэжымныя ўлады на баку Масквы.
Што датычыць нібыта "бізнэсу" Бульбаш-хол і чатырох габрэйскіх інвестараў з чатырох краін, то ў несвабодным грамадзтве, дзе кіруюць крымінальнікі і нашчадкі НКВД, ёсьць безліч мэтадаў і схем, каб прымусіць любы бізнэс выконваць подлую палітыку. У выніку бізнэс-нягоднікі даўно зрасьліся з рускай мафіяй і КГБ. Праект "Бульбаш-хол" не бізнэсовы і не прыбытковы. Ён дыверсійны і палітычны.
З нашага боку (з гледзішча Партыі) мусяць быць прадуманыя, разумныя дзеяньні, накіраваныя на патрабаваньне выканаць закон і на кансалідацыю грамадзтва ў абароне нацыянальнага нэкропаля генацыду.
Разам з тым варта падтрымліваць дэманстрантаў пратэсту, пікетаваньне незаконнага аб’екту і салідарызацыю грамадзтва.
Веданьне сутнасьці таго, што адбываецца ля Народнага Мэмарыяла Курапаты, дапаможа ўсім людзям адкінуць прэч цёмныя сілы зла.
16 чэрвень 2018 г. Зянон Пазьняк Зянон Пазьняк