20 ліпеня 2016 году ў Кіеве забілі журналіста Паўла Шарамета. Павел Шарамет прызнаваўся да Беларусі, але ўвесь час працаваў на Маскву, якая аплочвала яму інтэрнэт-рэсурс "Беларускі Партызан", давала магчымасьць працаваць на Маскоўскім тэлебачаньні і інш. Павел Шарамет адмоўна адносіўся да Беларускага Народнага Фронту і скептычна да дзяржаўнасьці Беларускай мовы, лічыў моўную праблему ў Беларусі другаснай, ня вартай ўвагі, размаўляць па-беларуску не лічыў патрэбным. Увогуле грэбліва адносіўся да беларускай мовы, з пафасам падтрымліваў агрэсію Расеі супраць Чачэніі і г. д.
Словам быў чалавекам прамаскоўскім.
І вось настаў 2014 год. Масква напала на Украіну, захапіла Крым і Данбас. Павел Шарамет ужо працаваў у Кіеве. Праз нейкі час (незадоўга да сьмерці) у Сеціве зьявіўся ягоны матар’ял, дзе ён кажа пра важнасьць беларускай мовы для Беларусі і заяўляе, што (цытаты) "жыцьцё ва Украіне зьмяніла маё стаўленьне да роднай мовы". "Мне сорамна, што я падазраваў беларускамоўных у няшчырасьці і кан’юнктурнасьці", "сёньня мне сорамна за тыя думкі". Ён лічыць, што зрусіфікаваным беларусам трэба найперш стаць гаварыць па-беларуску (цытаты): "ў вас адкрыюцца дадатковыя магчымасьці, калі вы загаворыце па-беларуску". "Нядаўна я быў у Менску, -- працягваў Шарамет, -- зайшоў у кнігарню і купіў падручнік беларускай мовы Галіны Мыцык." Гэты матар’ял (як ні дзіўна) надрукавала тады "Наша ніва".
Адносіны да маёй асобы ў Шарамета былі звыкла варожыя (ня раз засьведчыў). Але калі я прачытаў тое яго прызнаньне пра Беларускую мову, я гатоў быў яму дараваць і думаў, што варта зь ім неяк нават спаткацца. Я прамарудзіў. Шарамета ліквідавалі (узарвалі ў аўтамабілі, гэтак жа як майго завочнага прыяцеля Зелімхана Яндарбіева).
І цяпер меркаваньні. Я ўвесь час лічыў (і так, відаць, было, а можа й горш), што Шарамет знаходзіўся пад сьведамым уплывам расескіх спэцслужбаў. Гэта быў час гістэрычнай ідэалагічнай агрэсіі "рускага міру", які якраз (з нападам на Украіну) ўзьвіўся "с колен". "Русскій язык уйбэр альлес" -- тут галоўная зброя рашызму. І вось жа ў гэты час "іхны" Шарамет перайшоў чырвоную лінію, "предал главное". Падтрымліваў украінцаў, паважаў украінскую мову і зьвярнуўся да роднай беларускай.
Мне было абсалютна зразумела, што рэальных забойцаў не дастануць і ўсё заблытаюць. Так і сталася. І наступнае. Сьведамае і публічнае вяртанье прамаскоўскага Шарамета да беларускай мовы -- гэта быў бы нож у плечы "рускаму міру". Тут знакавая зьява ў беларускіх дачыненьнях.
Шарамета забіла Масква. На лубянскім падрадзе, магчыма, быў лукашысцкі КГБ. Праўда такая, што яна некалі выйдзе на верх.
20-07-2025.
З. Пазьняк