НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

«СЛАВА НАЦЫІ, БРАТЫ, НЕ ЗЛАМАЮЦЬ НАС МЯНТЫ!»

«СЛАВА НАЦЫІ, БРАТЫ,  НЕ ЗЛАМАЮЦЬ НАС МЯНТЫ!»

    Гэтыя словы беларускага героя Сяргея Каваленкі ўжо лунаюць на Беларускім сьцягу. Трэці дзень адбываецца несправядлівы, дзікі (з пункту гледжаньня права і юрыспрудэнцыі) судовы працэс над Сяргеям Каваленкам. У дадатак да харчовай галадоўкі Сяргей, у знак пратэсту супраць несправядлівага суда над ім, аб’явіў і сухое галаданьне, пяць дзён ня п’е вады, ледзь стаіць на нагах, але годна вядзе суд. Менавіта «вядзе» -- бо якраз ён, а не суддзя Алена Жук, вызначае ініцыятывы  судовых паводзінаў.
    Суддзя, пракурор адмовіліся шпіталізаваць Каваленку. Такое ўражаньне, што яны атрымалі ў гэтым непасрэдны садысцкі загад узурпатара ўлады ў Беларусі. Разьлік акупантаў і іх пасобнікаў-халуёў, відаць, накіраваны на тое, каб максымальна папсаваць здароўе Сяргею і потым сьпісаць яго «ў расход» як інваліда. На такое яны здольныя. Справа, аднак, вельмі сур’ёзная, бо Каваленка, маючы не зусім здаровае сэрца і трымаючы сухую галадоўку, можа раптоўна памерці.
    Беларусы (і найперш сваякі Сяргея), якія, відаць, упершыню так блізка ўбачылі зьвярыны антыбеларускі ашчэр акупанскай улады, знаходзяцца ў стане немарасьці, шоку, найвялікшага ўзрушэньня. Яны зразумелі, што Беларусь і беларусаў зьнішчаюць, і пратэстуюць супраць нацыянальнага гвалту прамаскоўскага рэжыму.
    Некаторыя людзі, аднак, ужо  кажуць рэзка, злосна, радыкальна і бязьлітасна, што набліжаецца пара, калі трэба будзе біць гэтую сволач і навалач і суд гэты подлы спаліць разам  зь яго «нецэнзурно выражался»,  як некалі ў Слуцку. Іншага людзям не застаецца.
    Сёньня, 23 лютага, у Дзень стварэньня Беларускай Краёвай Абароны, адбываецца трэцяе паседжаньне ганебнага акупанцкага суду над Каваленкам. Рэпартажы вядуць радыё «Свабода» і іншыя выданьні. У Амэрыцы пра працэс Каваленкі ўчора напісалі дзесяць амэрыканскіх газэт.
    Заклікаем усіх неабыякавых беларусаў ісьці і ехаць на гэты суд. Трэба там быць.
    Заклікаем выканаць заклік Сяргея Каваленкі і па ўсёй Беларусі ўзьняць Беларускі сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.
    Патрабуем спыніць несправядлівы суд над Сяргеем Каваленкам! Патрабуем неадкладнага вызваленьня яго з турмы!
    Жыве Беларусь!
    Слава героям!

23 лютага 2012 г.                            Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: