Свабода - гэта такая дама, барацьба за якую ня ставіць ўмоваў. Тут толькі трэба адказаць на пытаньне: ці патрэбна свабода? Калі патрэбна, то застаецца толькі змагацца. Інакш свабоды ня будзе.
Амэрыканцы некалі так і зрабілі. Узброеныя дзеяньні пачаліся яшчэ ў 1772 годзе і напачатку праходзілі неактыўна ў дробных сутычках.
Але вось 2-га ліпеня 1776 года 2-гі Кантынентальны Кангрэс аднагалосна прыняў Дэклярацыю аб Незалежнасьці амэрыканскіх калёній і 4-га ліпеня абнародваў яе грамадзтву. 2-га жніўня гэтую Дэклярацыю па рашэньні Кангрэсу пэрсанальна падпісалі ўсе 56 дэпутатаў Кангрэсу. Імёны гэтых дэпутатаў увайшлі навечна ў гісторыю Амэрыкі. Рашэньне Кангрэсу аб незалежнасьці калёній і подпісы дэпутатаў пад Дэкалярацыяй аб Незалежнасьці вызначылі гісторыю і лёс амэрыканскай свабоды.
Сытуацыя тады была вельмі ня простай. Вялікія групы насельніцтва (лаялісты, квакеры, адміністрацыйнае чынавенства і інш.) падтрымлівалі брытанскую ўладу і былі супраць незалежніцкіх рэвалюцыянераў. Кожны, хто галасаваў і хто падпісваў Дэклярацыю, разумелі, што пальецца кроў, што вайна непазьбежная і набудзе шырокія маштабы, што на слабое ў той час амэрыканскае войска Вашынгтона наваліцца велізарная ваеннная магутнасьць Брытанскай імпэрыі. І, тым ня менш, Дэклярацыя Незалежнасьці была прынятая і падпісаная кожным дэпутатам Кангрэсу. Патрэбная была свабода.
Брытанцы прыслалі велізарны флот і войска. Караблі выраўняліся ўздозж берага Статэн Айленда і Брукліна і адпрасавалі артылерыйскім агнём пазыцыі паўстанцаў. Потым адбылася Бруклінская бітва (дакладней, мясарубка), у якой войска Вашынгтона было пакрамсана ледзь ні да шчэнту. З рэшткамі жаўнераў Вашынгтон пераправіўся ў Мангатан, дзе былі вайсковыя склады і ўмацаваньні. Тады брытанцы ўплылі караблямі ў Рывэр і, выцягнуўшыся ўздоўж берага, збамбардавалі з гарматаў рэшткі войска Вашынгтона, потым пачалі рыхтавацца да атакі. Тут, відаць, быў бы і канец, але, пэўна, апека Боская ўратавала амэрыканцаў. Ноччу і на наступны дзень здарыўся фантастычна густы туман, які дазволіў Вашынгтону вывесьці войска з-пад разгрому і пазьней пераправіцца праз Дэлавэр і ўмацавацца за ракой.
Сучасьнікі потым распавядалі, што ў Філадэльфіі ў гэты час некаторыя ўрадоўцы і кангрэсмэны дрыжэлі ад страху і ня ведалі, што рабіць (у выпадку паразы кожнаму зь іх пагражала шыбеніца). Але ні Вашынгтон, ні жаўнеры, ні амэрыканцы, якія распачалі ўжо партызанскую вайну, не спалохаліся і не апусьцілі рук. Зімой, на Каляды, Вашынгтон пераправіўся праз Дэлавэр і атрымаў важную перамогу над брытанцамі пад Трэнтанам, якая спыніла ініцыятыву ангельцаў, і паступова фартуна павярнулася тварам да вольнай Амэрыкі. У гэтую волю зрабіў вялікі ўклад (стратэгія і перамога пад Вэст-Пойнтам) наш герой і вялікі беларус генэрал Андрэй Касьцюшка.
Свабода альбо ёсьць - альбо яе няма. Але каб яна была, свабода мусіць стаць найвышэйшай каштоўнасьцю для народа і чалавека.
Невыпадкова амэрыканцы 4-га ліпеня так шануюць свой Дзень Незалежнасьці, ганаруюць імёны Дэпутатаў Незалежнасьці і ўсіх змагароў за свабоду. Слава героям!
4 ліпеня 2017 г. Зянон ПАЗЬНЯК