НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

СЛОВА Ў 15-Ю ГАДАВІНУ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ТРАГЕДЫІ

СЛОВА Ў 15-Ю ГАДАВІНУ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ТРАГЕДЫІ

Нашая нацыянальная гісторыя апошніх трохсот гадоў гэта ёсьць гісторыя народных катастрофаў і барацьбы за выжываньне. А пачалося ўсё з трагедыі ХVІІ-га стагоддзя, калі велізарная маскоўская арда напала на Беларусь. 3 таго часу доўжыцца фізічнае вынішчэньне нашага народа маскоўцамі.

Цяпер мы перажываем найцяжэйшую сацыяльна-экалягічную Чарнобыльскую катастрофу, падрыхтаваную нам (асабліва на Магілёўшчыне) тымі ж маскоўцамі. На працягу стагоддзяў вынішчэньня мы пераканаліся, як подла і ўмела выкарыстоўвалі нашыя ворагі ўсе магчымыя абставіны дзеля зьнішчэньня беларускіх людзей. Выкарыстоўвалі вайну, калектывізацыю, барацьбу са шпіёнамі ды „будоўлі сацыялізму". Цяпер выкарыстоўваюць Чарнобыль.

Створаныя і ствараюцца ўмовы для радыяцыйнага выміраньня беларускага насельніцтва, для страты здароўя беларускай нацыяй, для захворваньня беларускіх дзяцей. Усюды, дзе беларусы змагаюцца з вынікамі Чарнобылю, яны сутыкаюцца з адкрытым ці скрытым супроцьдзеяньнем уратаваньню нацыі.

Чарнобыльская катастрофа і яе вынікі выкорыстоўваюцца дзеля вынішчэньня беларусаў. Чарнобыльскі генацыд беларускага народу ёсьць скрытая палітыка Масквы і адкрытая палітыка рэжыму Лукашэнкі.

Мы мусім змагацца супраць гэтакай палітыкі. Усім трэба ведаць і разумець, што тактыка чарнобыльскага генацыду ёсьць, што яна існуе і падтрымліваецца ворагамі нашага народнага існаваньня.

3 чарнобыльскім генацыдам павінны змагацца ўсе беларусы, усё нашае грамадзтва, незалежна ад палітычных перакананьняў.

Ратаваньне нацыі ад чарнобыльскага генацыду гэта ёсьць ратаваньне жыцьця. Гэта ёсьць сьвятое права і сьвяты абавязак чалавека.

Нас, беларусаў, нішто не павінна спыняць у нашым змаганьні з чарнобыльскім вынішчэньнем. I сёньня, у 15-ю гадавіну Чарнобыльскай трагедыі, хай моцна гучыць наш беларускі голас. Мы ўратуем сябе, і нашых дзяцей, і нашу краіну. Мы, беларусы, непераможныя, мы — бессьмяротныя. I нікому ня ўдасца нас зьнішчыць і перамагчы. 3 намі Бог і Бацькаўшчына, і сьветлая будучыня, у якой мы ўпэўненыя. Змагаймася ж за волю і незалежнасьць нашай краіны. Жыве Беларусь! Жыве вечна!

Зянон ПАЗЬНЯК

Старшыня Беларускага Народнага Фронту „Адраджэньне"

26 красавіка 2001 г.

Беларускія Ведамасьці, №34 | красавік 2001 г.

Дадаць у: