НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

СЛОВА Ў ПАМЯЦЬ ПРА ВАЛЕРЫЯ СЯДОВА

СЛОВА Ў ПАМЯЦЬ ПРА ВАЛЕРЫЯ СЯДОВА

Жалобную вестку прыслалі з Польшчы. У Варшаве 10-га сакавіка ў найлепшым узросьце нечакана памёр наш змагарны сябра, легендарны чалавек і фронтавец Валеры Сядоў. Зь ім здарыўся інфаркт, хоць ён ня жаліўся на сэрца.

Валеры нарадзіўся на Каўказе і пераняў, відаць, гонар і тэмпэрамэнт горцаў. Ён заўсёды шукаў праўды, ісьціны і справядлівасьці. Гэтыя каштоўнасьці былі для яго найвышэйшымі.

Калі ўтварыўся Беларускі Народны Фронт, Валеры Сядоў адразу стаў у яго шэрагі. Ён працаваў у Інстытуце сацыялогіі і філасофіі Акадэміі Навук, пісаў дысертацыю. Перад ім паўстаў выбар: альбо прэч з Фронта, альбо прэч з Інстытута. Валеры застаўся з Фронтам. Гэта быў баец. Калі ў 1989 годзе ў Тбілісі савецкае войска пасекла рыдлёўкамі народ, тады ў той трывожны час Фронт даручыў Валеры Сядову адказную місію -- паехаць у заблакаваны Тбілісі і навязаць кантакты з грузінскімі змагарамі.

У гэты ж час Валеры па даручэньні кіраўніцтва БНФ давозіў таемна ў Менск на адмысловым самаходзе фронтаўскую літаратуру, газэты "Атмода", "Навіны БНФ" з Латвіі, дзе яны друкавалася.

У 1990 годзе, пасьля массавай антыкамуністычнай дэманстрацыі і мітынгу БНФ у Менску на бальшавіцкае сьвята 7-га лістапада, камуністычныя ўлады арыштавалі Валерыя і кінулі ў карцар Пішчалаўскай турмы. Дзеяньні камуністаў былі накіраваныя на зьнішчэньне Валерыя ў турме. Але на выратаваньне яго падключыліся дэпутаты БНФ у Вярхоўным Савеце і паўсталі беларусы ў вольным сьвеце. Валерыя ўратавалі, вызвалілі на волю.

Пазьней, калі ўсталяваўся антыбеларускі рэжым, і ворагі Беларусі раскалолі Народны Фронт, Валеры Сядоў цьвёрда стаяў на прынцыпах Фронта, свабоды і справядлівасьці.

Тут мушу асабліва адзначыць, што Валеры Сядоў быў адзін з тых рэдкіх расейскіх людзей, які, народжаны не ў Расеі, не падтрымліваў, расейскі імпэрыялізм, меў эўрапейскае думаньне і змагаўся за справядлівасьць і волю на баку беларусаў. Ён пачуваў сябе часткай беларускай нацыі.

Апошнім часам я бачыўся з Валерыям у Варшаве, дзе ён займаўся ў дактарантуры Варшаўскага ўнівэрсітэту, працягваў тое, што не дазволілі яму зрабіць некалі камуністы. Ён прыходзіў на імпрэзы "Беларускай Нацыянальнай Памяці" і на мае лекцыі, выступаў там з добрымі словамі. І раптам такая жалобная вестка. Адышоў яшчэ адзін рыцыр свабоды. Адышоў у лепшы сьвет, пакінуўшы па сабе добрыя справы і сьветлую памяць у гісторыі змаганьня з камунізмам і ў думках людзей.

Хай будзе табе прыхільнай родная наша зямля, дарагі Валеры. Вечная памяць.

 

14 красавіка 2016 года                                                                                               Зянон Пазьняк

Нью-Ёрк.

Дадаць у: