У суботу, 4-га траўня, вярнуўшыся зь беларускай дэманстрацыі, якую мы наладзілі на 1 -й эвэню перад гмахам Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў, я патэлефанаваў спадарыні Раісе Жук-Грышкевіч у Канаду, каб выказаць свае меркаваньні пра яе ўспаміны аб стварэньні 50 гадоў таму Беларускага радыё Вызваленьне — Свабода.
Спадарыня Раіса да 1999 года была нязьменным сакратаром Рады БНР.
— Як шкода, — кажу я, — што той беларускі змагарны дух і тыя ідэалы Адраджэньня, на грунце якіх пачыналася беларускае радыё Свабода, зьніклі цяпер. Гэта ўжо ня радыё „Вызваленьне". Заступаюць людзі свайго інтэрасу што ня стануць бараніць Беларусь.
— Ведаеце, я гэтаму ўжо не дзіўлюся, — адказвае спадарыня Раіса. — Я нічаму больш не дзіўлюся і не асуджаю, бо калі паглядзець, якое вынішчэньне, якую навалу перажыў (і перажывае зноў) наш народ, то можна толькі зьдзівіцца, што ён яшчэ жыве. Зьнішчэньне было ня толькі фізічнае, але і духовае, забіваньне Боскага, беларускага ў чалавеку.
Тут, у Канадзе, ёсьць цяперашнія людзі зь Беларусі. Яны іншыя. Яны зусім іншыя, чым мы. Я ўжо старая. Мне ўжо стала ўсё вельмі цяжка. Сэрца. Валіцца стары адзінокі дом. Надыходзіць Вялікдзень. У Вялікую Пятніцу ў Беларускай царкве вялікая служба, сьвяты абрад — вынас Плашчаніцы. А я ня маю сілы рухацца. Не, думаю, я мушу паехаць у Таронта, каб нават сваёй прысутнасьцю і памяцьцю пра сьвятое падтрымаць Беларусь. Я паехала і была ў нашай Беларускай царкве. Мне прышлося ў Таронта пераначаваць. Я толькі вярнулася і надта змучаная, але жыве мая душа.
(„Гэтыя паводзіны і словы духоўна жывых людзей, — падумаў я. — Яны харошыя і глыбокія. Толькі як растлумачыць іншым —мёртвым духоўна, — што такое жыцьцё?!")
— Усё трымаецца на духова вялікіх людзях, — прадаўжала спадарыня Раіса. — Калі ў 1921 годзе Беларусь падзялілі і нішчылі ў паасобку, то ў Заходняй Беларусі беларусам было ўсё ж такі крышачку свабадней. Хоць практыкавалася дыскрымінацыя беларусаў, але нас, прынамсі, хоць не расстрэльвалі, не адбіралі маёмасьць. Існавалі свабодныя прафэсіі. I вось нават у такіх умовах узгадаваліся гэтакія вялікія беларусы, як Адам Станкевіч, Вітаўт Тумаш, Антон Адамовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Мікола Абрамчык. Яны павялі. Яны давялі беларускую сьвятую ідэю іншым, маладым і прагнучым ведаў. Да гэтых людзей належыў і мой муж.
Гэтак жыла Беларусь у экзылі, і гэтак у вялікіх ідэях яна вярнулася на Радзіму. Яны, нашыя змагары, стварылі тут моцную беларускую літаратуру, паэзію, арганізавалі выданьне беларускіх кніг. Уся расейская тайная служба змагалася тут супраць нас, шмат напсавалі, але нічога ў іх не атрымалася. Вось што значыць — „наш беларускі вольны дух".
Голас спадарыні Раісы гучэў так узьнёсла. Па тэмбру і манеры, ён вельмі нагадвае мне голас Стэфаніі Станюты — легенды беларускага тэатра. Спадарыня Раіса таксама — легенда. Легенда любові да Беларусі і вернасьці беларускай справе. Я думаю, што Старшыні Рады БНР Вінцэнту Жук-Грышкевічу вельмі пашанцавала, маючы такую ўзвышаную і энэргічную жонку, як спадарыня Раіса. Пэўна, каб не яна, то ці меў бы ён і палову цяперашняй сваёй вядомасьці. Бо бальшыня людзей лянівая да пісаньня.
Спадарыня Раіса гаварыла доўга, нібы сьпяшаючыся як найбольш сказаць. Голас яе, крыху ўсхваляваны, там, на другім баку у Канадзе, неяк самотна гучэў у цішыні. I я раптам адчуў гэтую цішыню ў эфіры, і гэты стары самотны дом у горадзе Бэры, дзе я ніколі ня быў і вячэрні змрок у пустых пакоях, і меркнучае сьвятло за сьцямнелым вакном, на фоне чужога вясеньняга неба...
— Але жыла Беларусь і будзе жыць, — пачуў я ізноў схамянуўшыся, далёкі голас. — Нішто не зламае наш дух і наш народ. Народзяцца лепшыя, узгадуюцца моцныя.
Гэтак мы гаварылі ва ўнісон, нібы падбадзёрваючы самых сябе. Хоць і тут, у Нью-Ёрку побач з акіянам, — чужое неба за чужым вакном, і вечаровы шэры змрок запаўзае ў цьмяныя шыбы.
Нью-Ёрк, 4 траўня 2002 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
Беларускія Ведамасьці, №43 | красавік-травень 2002 г.