У суботу 22-га жніўня адразу пасьля завяршэньня збору подпісаў за кандыдытаў у прэзыдэнты антыбеларускі рэжым выпусьціў з турмы палітычных вязьняў.
Падзея мае два вымярэньні: гуманістычны і палітычны. У гуманістычным сэнсе гэта радасная падзея. Скончыліся пакуты людзей, пасаджаных у вастрог за перакананьні ў якасьці закладнікаў палітычнага гандлю. Віншую іх на свабодзе.
У палітычным сэнсе -- гэта цынічная і беспардонная маніпуляцыя рэжыму Лукашэнкі, разьлічаная на прызнаньне легітымнасьці выбараў (ці хаця б частковай легітымнасьці) з боку Захаду. Цынікі на Захадзе добра ведаюць, што гэта маніпуляцыя, але ім трэба (на тое яны і цынікі) любы повад, каб прызнаць рэжымныя выбары. Яны зробяць выгляд, што вераць чэсна і бесперашкодна ў "шчырасьць " дзеяньняў антыбеларускага рэжыму.
За дваццаць гадоў ўнутраннай акупацыі яно ўжо стала казкай пра белага бычка. Пры цяперашнім узроўні аббалваньваньня "падданых" і двулічнасьці заходніх палітыкаў гэтая казка можа стаць вечным дзеяньнем, пэрпэтуум мобіле нізкай палітыкі.
Галоўная небясьпека для беларусаў ад такога палітычнага "пэрпэтуум мобіле" пры вечным наступаньні на граблі -- поўнае вынішчэньне рэжымам рэшткаў беларускай культуры і свабоды пры поўным маўчаньні і згодзе Захаду.
* * *
Становішча злавеснае якраз гатоўнасьцю некаторых палітычных структур на Захадзе ўспрыняць любую падставу і імітацыю антыбеларускага рэжыму дзеля рэалізацыі сваёй (як яны часам думаюць) рэалістычнай палітыкі. У перакладзе на нармальнае ўспрыняцьце -- палітыкі ашуканства беларускага народа.
Імітацыя выбараў правальваецца. Бальшыня актыўных нерэжымных сілаў адмовіліся ўдзельнічаць у розыгрышы. Рэжым, ужо не хаваючыся, кінуў у гэты спэктакль свае асноўныя агентурныя "апазыцыйныя" сілы -- "Говправду" і псэўда-БНФ Януковіча, а ролю для псэўдаапанэнта і спарынг-партнёра Лукашэнкі даручылі нікому невядомай спадарыні зь незьнікальным адбіткам асаблівасьцяў ворганаў бясьпекі ў паводзінах і на абліччы
У канцовым выпадку спадарыні зь "ніадкуль" выдзеляць 3-4 адсоткі галасоў, чаго будзе дастаткова, каб яе запрашалі на Захад як кандыдата ў прэзыдэнты ад "апазыцыі", дзе спадарыня будзе расказваць як важна для "апазыцыі" прыняць статус-кво ўлады, чырвона-зялёны сьцяг, гэрб "капусту", расейскую мову ў дзяржаве і г. д. Якраз дзеля такой "апазыцыйнай" ролі і рыхтуюць спэцслужбы гэтую "мадам". Прытым менавіта "мадам", а не "мсьё", бо "мсьё" ўжо там, на Захадзе, надакучылі.
Такі прымітыўны спэктакль пагарэлага тэатра мы зноў назіраем тут ужо дваццаць гадоў для публікі з разьзяўленым ротам і каштоўнасьцямі дэмакратыі ў пячонках. У тым ліку і ў жанры палітвязьняў.
23 жніўня 2015 г. Зянон Пазьняк