Прачытаў разумныя інтэлігентныя разважаньні яго Эксэленцыі біскупа Кандрусевіча пра чарговую правакацыйную антыбеларускую выхадку С. Алексіевіч і падумаў: добра што я не духоўная асоба і магу казаць аб дрэнным тое, чаго яно заслугоўвае, не зважаючы на канфармізм і згодніцкую дыпляматыю. Ніякая дыпляматыя тут ужо непатрэбная. Цярпець пастаяннае ахайваньне беларусаў нельга.
С. Алексіевіч публічна сказала наступнае: "Такую вайну [як на Данбасе] можна пачаць і ў Беларусі: дайце туды танкі, зброю -- і тады каталікі пачнуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна".
Адразу ўзьнікае пытаньне: чый гэта рупар? Чыёй інфармацыйнай вайны? Чыйго мілітарызму? Пытаньні рытарычныя. Па тым, што піша і кажа Алексіевіч, відаць, што ў беларускім жыцьці, у беларускай культуры і гісторыі яна ёсьць абмежаванай і неадукаванай асобай. Але, нават улічваючы яе нізкі ўзровень, цяжка ўявіць, каб яна ня ведала, які стан, што за адносіны існуюць у шматканфэсійным беларускім народзе (і існавалі заўсёды) і чаму гэтыя паважлівыя салідарныя адносіны "зьяўляюцца, -- як піша яго Эксэленцыя, -- нашым нацыянальным скарбам і добрым прыкладам для ўсяго сьвету."
Дык навошта Алексіевіч гаворыць такія ілжывая, сеючыя нянавісьць, словы?
Таксама пытаньне ўжо рытарычнае. Пасьля нямецкага праекту "ГансВік" праект "Алексіевіч" зьяўляецца самым шкодным для беларусаў. Пэрманэнтнае абплёўваньне беларускага народа, яго мовы і культуры тут ня спыніцца, а званьне лаўрыята прэміі Нобэля і стварэньне з Алексіевіч публічнай асобы аўтаматычна спрыяе распаўсюджваньню ў мэдыях любога ненавіснага яе выказваньня. Ворагі Беларусі на Захадзе (і на Усходзе) атрымалі (дакладней, стварылі) гучны рупар, які будзе вяшчаць амаль што ў аўтаматычным рэжыме.
Заява Алексіевіч накіраваная перш за ўсё на распальваньне рэлігійнай і сацыяльнай варожасьці ў беларускім народзе. Не прыпамінаю, каб хто калі (нават у асяроддзі адкрытых ворагаў Беларусі) гэтак казаў.
Другое -- такая заява накіравана на дэзінфармацыю заходніх палітыкаў і заходняга абывацеля, якія нічога ня ведаюць пра Беларусь і жывуць стэрэатыпамі Паўночнай Ірляндыі, Сэрбіі, Босьніі ды Косава. Хрысьціянства ў гэтай заходняй лібэралістычнай бюракратыі і ахлакратыі зьніжана, перакручана і не ў пашане.
Улічваючы становішча розумаў і ўзровень ведаў на Захадзе пра Беларусь, выказваньне Алексіевіч -- подлае. Яна стварае брыдкае, неадэкватнае, ілжывае і шкоднае ўяўленьне пра нашу краіну, зьневажае і абніжае аўтарытэт нашага народа.
Нізасьць у меркаваньнях і лжывасьць ёсьць самыя характэрныя рысы асобы Алексіевіч. Я пра гэта ня раз пісаў (напрыклад, матэрыял "Цені рэжыму"), паказваючы тое на фактах.
Апошнім часам мне прыходзілася размаўляць зь яе землякамі, слухаць пра ілжывы пачатак яе журналісцкай працы ў раённай газэце. Зразумела, чаму ніхто з настаўнікаў не сказаў пра яе добрае слова, а іншыя нават ня хочуць зь ёй спатыкацца.
Часам думаеш, адкуль узялася такая няўдзячнасьць да Беларусі, да беларускай літаратуры, да вялікіх беларускіх людзей. Адкуль вырас такі манкуртызм? Не са школы ж? Гэта ж трэба так вырадзіцца, каб усё жыцьцё пражыць у Беларусі, атрымаць вышэйшую адукацыю, займацца журналістыкай і ня ведаць беларускай мовы. Ды ня тое, што ня ведаць, а прынцыпова яе не хацець ведаць і брыдка нагаворваць на яе. (Мы ж ведаем, што яна казала і кажа. Усё зафіксавана.)
Ёсьць яшчэ адзін аспэкт (магчыма, найважнейшы), пра які я таксама раней пісаў (бо ўсё на паверхні) -- гэта дэкадэнцкая хваравітая мэнтальнасьць Алексіевіч, якую яна пастаянна падкрэсьлівае: яе поўнае і зьняважлівае нявер’е ў чалавека, успрыняцьце яго як істоты ад пачатку з заганнай сутнасьцю, бездухоўнай, ня здольнай супроцьстаяць абставінам і гатовай ператварыцца ў зьвера, бо сутнасьць яго не духоўная, не культурная, не валявая, але з цёмнай падсьведамасьцю. Мізантропія, дэкадэнцтва і паталёгія страху вылазяць увесь час у яе надтрэснутых разважаньнях. Нічога добрага ў такой галаве (дакладней, у такой псіхіцы) ня можа нарадзіцца, толькі шчарбатае, супярэчлівае, упадніцкае і бязвольнае, што мы ўвесь час і бачым у плыні яе сьвядомасьці.
Вось, напрыклад, абгрунтоўваючы свой правакацыйна-ілжывы пасыл, што ў Беларусі "каталікі пачнуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна, -- яна працягвае, -- чалавек дастаткова недасканалая істота, яму ў галаву можна ўкласьці ўсё, што заўгодна."
Тыповая мізантропія і зьневажэньне чалавека. Але заўважце, у антыпатычнай заяве яна характэрна кантралюе правакацыйную ідэалогію, маўляў, каталікі пачнуць забіваць; каталікоў яна робіць агрэсарамі. Не, спадарства, тут не агаворка, тут паліттэхналёгія , тэхналягічны пасеў нянавісьці паміж людзьмі.
Далей не зьвяртаць на такое ўвагі нельга, бо яно ніколі ня спыніцца. У дачыненьні да Беларусі і беларускіх каштоўнасьцяў мы бачым, што тут -- ці Лукашэнка, ці Алексіевіч -- абое рабое. Абодва шкодныя, толькі ў розных маштабах.
Таму першае, што трэба зрабіць, гэта (пажадана разам і каталікам, і праваслаўным) зьвярнуцца ў суд аб узбуджэньні крымінальнай справы супраць грамадзянкі Сьвятланы Алексіевіч па артыкалу 130 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. -- Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці альбо розьні.
У гэтым артыкуле дакладна сфармулявана і апісана крымінальнае парушэньне, якое зрабіла Алексіевіч.
І наступны пункт дзеяньняў -- незалежны ад першага пункту. Прапанаваць С. Алексіевіч папрасіць прабачэньня ў беларусаў за распальваньне рэлігійнай і сацыяльнай варожасьці, за пастаянныя зьнявагі народа і нацыянальнай мовы беларусаў.
Мяркую, што калі ня будзе складзена прабачэньне перад Беларускім народам, то адносіны да гэтай асобы павінны зьмяніцца.
Можа, каму-небудзь усё, што я прапаную, здасца занадта суровым. Але калі такіх людзей, як Алексіевіч, не спыняць, ня ставіць на месца, то яе шкодніцтва таксама ніколі ня спыніцца, будуць вечныя зьнявагі народа, правакацыі і хваравітыя выказваньні, чуць якія больш нельга і немагчыма.
Цяпер можна адказаць на пытаньне, якое адразу ўзьнікла больш года таму: наданьне нобелеўскай прэміі такой асобе як Алексіевіч -- гэта для Беларусі добра ці дрэнна? Адназначна дрэнна. Гэта было зразумела. Але спатрэбіўся час, каб людзі, якія вераць ў цуды ды ў немагчымае, ды ў тое, у што хочуць верыць, убачылі рэчаіснасьць. Калі каму яшчэ не хапіла часу яе ўбачыць -- не бяда. Усё наперадзе
11 чэвеня 2017 г. Зянон ПАЗЬНЯК